Гатовы зрабіць усё для дабрабыту грузінскага народа

- 10:57Інфармацыйная гадзіна

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Грузіі ў Беларусі Давідам Катарыя, які завяршае дыпламатычную місію ў краіне.

“Вы заўсёды будзьце ўпэўнены: Беларусь усё, што можа, зробіць для Грузіі, каб працавіты грузінскі народ заўсёды адчуваў сябе добра і яго дабрабыт рос”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў апошнія гады краіны знайшлі магчымасці для развіцця эканамічнага супрацоўніцтва, узаемны тавараабарот шматразова павялічыўся. Пры гэтым Беларусь пастаўляе ў Грузію вялікі спектр тавараў. “Мы пастаўляем вам прадукцыю машынабудавання. І будзем пастаўляць, калі вас будзе цікавіць нешта. Мы гатовы асвойваць у вас нашы тэхналогіі пад нашу тэхніку — і ў сельскай гаспадарцы, і ў прамысловасці”, — звярнуў увагу прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што бульбу беларускіх гатункаў вырошчвае і Прэзідэнт Грузіі Георгій Маргвелашвілі, які спачатку не верыў у добры ўраджай. “Навучылі — атрымалася. І гэта вельмі добрыя зрухі, мы цяпер яшчэ больш насення бульбы пастаўляем. Усё ж такі яна ў нас другі хлеб, не апошні будзе і ў Грузіі”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

У студзені — верасні 2017 года тавараабарот паміж Беларуссю і Грузіяй дасягнуў $72,6 млн, тэмп росту склаў 121,5 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года. Аснову беларускага экспарту склалі чыгуначныя і трамвайныя вагоны, грузавікі, малако і вяршкі згушчаныя, комплексныя ніці, лякарства, сметанковае масла.
ААТ “МАЗ”, ААТ “Белкамунмаш”, кампанія “Штадлер Мінск” вядуць перагаворы аб пастаўках пасажырскай тэхнікі для гарадоў Грузіі, ААТ “Магатэкс” і ААТ “Стужка” — тканін і матэрыялаў для пашыву форменнага адзення для грузінскіх праваахоўных органаў, ТАА “Пажмаш” і ААТ “МАЗ” — пажарнай тэхнікі для МУС Грузіі.