«Гатовыя веды разбураюць імкненне чалавека ствараць», мяркуе настаўнік Лоеўскай раённай гімназіі Юрый Паўліўскі

- 14:26Персона

Самай рамантычнай з дакладных навук — астраноміяй — Юрый Паўліўскі захапіўся яшчэ ў школе. Вывучэнне законаў Сусвету зацягнула настолькі глыбока, што ўжо 30 гадоў ён выкладае дысцыпліну ў Лоеўскай раённай гімназіі і з’яўляецца трэнерам каманды Гомельскай вобласці па падрыхтоўцы да рэспубліканскай алімпіяды. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Яшчэ калі вучыўся ў старшых класах Лоеўскай сярэдняй школы, Юрый завочна атрымаў дып­лом Адэскай астранамічнай школы. Пуцяводная зорка не адразу, але прывяла яго ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны на спе­цыяльнасць “Тэарэтычная фізіка”. Ну а выкладаць у лоеўскай сярэдняй школе № 2 пачаў з 5 курса ўніверсітэта.

— А потым нашу школу пера­назвалі ў Лоеўскую раённую гімназію. Атрымліваецца, сёлета 30 гадоў, як я працую на адным месцы. Я тры ў адным, — усміхаецца Юрый Рыгоравіч. — Выкладаю фізіку, матэматыку і астраномію. Летась на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі наша выпускніца Кацярына Казлоўская заваявала дыплом II ступені па астраноміі. Цяпер яна вучыцца на матэматычным факультэце ва ўніверсітэце імя Ф.Скарыны. Сёлета ў абласной каманды тры дыпломы. Два ІІ ступені заваявалі Аляксей Канцавенка (гомельскі гарадскі ліцэй № 1) і Віктар Бубіч (Рэчыцкі раённы ліцэй). Дыплом ІІІ ступені ў Кірыла Козенцава (гомельскі гарадскі ліцэй № 1).

Астраноміяй, якая вывучаецца толькі ў выпускным класе, Юрый Паўліўскі заражае сваіх вучняў куды раней. Да яго ў аб’яднанне па інтарэсах дзеці ходзяць пачынаючы з 7 класа. Педагог перакананы: калі настаўніку самому цікава займацца прадметам, дзеці гэта адчуваюць і ідуць за ім.

— Я сябе адчуў настаўнікам, калі ў мясцовым Доме піянераў вёў астранамічны гурток. Цяпер мне вельмі важна бачыць вынік. Для педагога гэта — алімпіяднікі, якія атрымліваюць глыбокія веды і прывозяць прэстыжныя дыпломы. Вось тут ты разумееш, што недарма працаваў. Не менш прыемна, калі твае дзеці паступаюць на сур’ёзныя спецыяльнасці з высокім рэйтынгам.

Хто, калі не я?

У эпоху суцэльнай мабільнай тэлефанізацыі дзіця няпроста захапіць сваім прадметам. Пера­шкаджае ў тым ліку магчымасць атры­маць веды занадта хутка, спытаўшы пра нешта штучны інтэлект.

— Гатовыя веды, — упэўнены Ю.Паўліўскі, — разбураюць імкненне чалавека ствараць. Чалавек перастае думаць, страчвае цікавасць шукаць і адкрываць. Мне, каб напісаць курсавую работу ці дыпломны праект, трэба было ў бібліятэцы шмат літаратуры перачытаць, абагульніць, адрэдагаваць. На гэта ішлі месяцы. А цяпер курсавыя і дыпломныя некаторыя пішуць за грошы ці з дапамогай штучнага інтэлекту. Педагогу нельга страч­ваць цікавасці, таму я ўвесь час чытаю сучасныя часопісы і сайты: у інтэрнэце часопіс “Небасхіл”, навіны астранамічныя. Па фізіцы новыя кнігі вывучаю і задачы ўвесь час рашаю.

У алімпіядны рух у якасці трэнера каманды па астраноміі Гомельскай вобласці Юрый Рыгоравіч уключыўся ў 2004 годзе. Адзначае, што на працягу гэтых гадоў яго падтрымлівалі калегі: Феня Гусева са жлобінскай школы № 11, Алена Знахарэнка з гомельскай гімназіі № 14, Віктар Сіліч з мазырскай школы № 7, Генадзь Цюмянкоў, загадчык кафедры тэарэтычнай фізікі ГДУ імя Ф.Скарыны, кандыдат фізіка-матэматычных навук і выкладчык гомельскага гарадскога ліцэя № 1. І таленавітыя вучні радуюць ведамі і адпаведнымі ім узнагародамі.

 

— Памятаеце вядомы выраз: хто, калі не я? Напэўна, у мяне гэта засталося з савецкіх гадоў. Часам былі думкі: “Навошта мне гэтая сістэма адукацыі? Пайду грошы зарабляць”. Ну, добра. А хто тады дзяцей вучыць будзе? Не ўсё ж у гэтым жыцці значаць грошы. Вядома, не раз меў жаданне сысці са школы. У праграмісты, напрыклад. Але ўсвядоміў — не маё. У чым вінаватыя дзеці, калі ўсе добрыя настаўнікі ўцякуць са школы? Хто будзе іх вучыць? Нас — фізікаў, астраномаў і матэматыкаў — усё менш і менш. Многія на заслужаным адпачынку даўно, але працягваюць працаваць. А вось моладзь 2—3 гады адпрацуе і сыхо­дзіць. Верагодна, за большай зарплатай. Атрымліваецца, што ў школе застаюцца тыя, каму няма куды ісці, ці фанаты. Паколькі мне і цяпер цікава ў школе, я фанат.

Дошка і крэйда ў дапамогу

Сёння практычна ўсе школы ў Беларусі абсталяваны высокатэхналагічнымі сродкамі навучання. Мультыбордам сапраўды нікога не здзівіш. Тым часам Юрый Паўліўскі ўпэўнены, што не ад наяўнасці/адсутнасці мультыбордаў залежыць, якія веды ў выніку застануцца ў вучня ў галаве.

— Так, плюсы ёсць. Напрыклад, зручна паказаць прэзентацыю ці відэастужку па тэме ўрока. Але галоўнымі прыладамі настаўніка застаюцца крэйда і дошка. Настаўнік не павінен усё рабіць за вучня. Сэнс дапамогі — падказаць ідэю, а рэалізаваць павінен сам вучань. Бацькам трэба цікавіцца, а часам і сядзець разам са сваімі дзецьмі за ўрокамі. А вось дадатковая адукацыя, асаб­ліва ранняя, не спрыяе развіццю інтэлекту дзіцяці. Яна спрыяе толькі заробку таго, хто, напрыклад, адкрывае “школы ментальнай матэматыкі”. Дзеці, якія ў 5—6 гадоў навучыліся хуткаму вуснаму лічэнню, у школе зусім не больш паспяховыя за тых, хто яму не вучыўся. Аддаваць у дадатковую адукацыю трэба тады, калі ў дзіцяці пачынае фарміравацца канкрэтная ціка­васць. І важна прапанаваць варыянты ў адпаведнасці з гэтай цікавасцю.

Зразумела ж, Юрый Рыгоравіч пастаянна на сувязі з бацькамі вучняў. Асабліва з тымі, якія ўключаны ў алімпіядны рух.

— Вядома, важна, каб дзіця дома атрымлівала эмацыяналь­ную падтрымку. Інакш які сэнс яму зай­мацца? Дасведчаныя бацькі разумеюць гэта. Увогуле ж у нас з баць­камі аптымальныя, сяброўскія адносіны. Выхаванне — гэта вельмі сур’ёзная праца. На жаль, частка бацькоў упэўнена, што школа — сфера абслугоўвання. Калі з такім стаўленнем сутыкаюцца маладыя педагогі, яны не вытрымліваюць і сыходзяць. Ведаеце, сёння шмат кажуць пра патрыятызм. Дык вось, для мяне патрыятызм — гэта працаваць у сваёй Лоеўскай гімназіі і цалкам аддавацца любімай справе.

Астраномія як прышчэпка ад хлусні пра свет

Кнігі для Юрыя Паўліўскага — асаблівае захапленне. Ён адзначае, што ў сям’і яго прывучылі многа чытаць, і любоў не прайшла і цяпер. Прычым чытае педагог не толькі тое, што непасрэдна тычыцца прафесійнага ўдасканалення.

— Люблю фантастыку, асабліва пра пападанцаў. Пападанства — гэта такі прыём фантастычнай літаратуры, які звязаны з пераносам героя ў мінулае, будучыню, на іншую планету, у паралельны свет. Творы Стругацкіх, Яфрэмава, Хайнлайна і Азімава падабаюцца. Касмічная фантастыка непасрэдна звязана з астраноміяй. Дэтэктывы чытаю з задавальненнем, пачынаючы з “Шэрлака Холмса” Артура Конан-Дойла. Дарэчы, дэтэктывы спрыяюць развіццю мыслення. Вось вам прамая сувязь лірыкі, фізікі і матэматыкі. Наогул, калі табе цікава шу­каць штосьці новае — ва ўсім бу­дзеш знаходзіць карыснае для сябе.

Савецкая сістэма адукацыі, якую сёння ўжо немагчыма вяр­нуць, мела шмат пераваг, на якія звяртае ўвагу настаўнік Юрый Паўліўскі. Ён перакананы, што дзяцей у школе нельга падзяляць на тэхнароў і гуманітарыяў:

— Вучыць трэба ўсё. Так, сутыкаўся з меркаваннем некаторых: маўляў, калі дзіця мае гуманітарны склад розуму, яму не трэба забіваць галаву матэматыкай і фізікай. І наадварот: тэхнару нібы не патрэбны гісторыя, літаратура і біялогія. Школьнік павінен вывучаць усе прадметы незалежна ад складу асобы. Менавіта так было ў савецкай школе. Калі ты гуманітарый, для цябе матэматыка — гэта трэнажор для развіцця мозгу. Калі ты фізік ці матэматык — абавязкова вывучай гісторыю і геаграфію. Пастаўся да гэтых прадметаў як да тых, што развіваюць тваю асобу. Таму што жыццё — гэта не суцэльная фізіка і не суцэльная літаратура. Так, я фізік, але мяне цікавіць і гісторыя, і палеанталогія, і хімія. Часам на сваіх уроках прыводжу прыклады з іншых навук. Час ад часу захо­дзяць гутаркі, што астраномію хочуць выключыць са школьнай праграмы. Ведаеце, менавіта астраномія дапамагае навучыцца думаць глабальна. Астраномія — гэта лепшая прышчэпка ад хлусні пра свет, якая, на жаль, сёння часта сустракаецца ў інтэрнэце. Галоўны ўклад астраноміі ў школе ў тым, што гэта адзіны прадмет, які дае рэальнае, паўнавартаснае ўяўленне пра тое, дзе наогул мы жывём. І чым далей, тым глыбей разумееш, наколькі складана пабудаваны свет, і больш верыш, што ўсё ў ім зусім не выпадкова. Мімаволі прыходзіш да ра­зумення пра тое, што ёсць нехта больш высокага ўзроўню, чым я, чалавек. 

Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара