У мінулую пятніцу Рэспубліканскі дом навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі стаў цэнтрам знамянальнай падзеі. Упершыню ў Беларусі там разгарнулася выстава “Адукацыя ў Кітаі — 2013”, дзе былі прадстаўлены 19 вядучых кітайскіх універсітэтаў гуманітарнага і тэхнічнага профіляў. Мэтай выставы стала развіццё ўзаемаадносін паміж краінамі ў галіне адукацыі і навукі, умацаванне партнёрства паміж навучальнымі ўстановамі дзвюх краін, азнаямленне з кітайскім рынкам адукацыйных паслуг, пашырэнне абмену студэнтамі і выкладчыкамі. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства адукацыі нашай краіны, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Пасольства КНР у Беларусі, Усекітайскі камітэт па кіраванні ўрадавымі грантамі. Ганаровымі гасцямі выставы сталі намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь А.А.Тозік, міністр адукацыі С.А.Маскевіч, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Гун Цзяньвэй, рэктары беларускіх і кітайскіх універсітэтаў.
— Гэтую выставу можна назваць яшчэ адной старонкай у багатай гісторыі нашага супрацоўніцтва паміж Кітаем і Беларуссю, — адзначыў у прывітальным слове Анатоль Афанасьевіч Тозік. — Вось амаль гэтымі днямі праводзілася яшчэ адна кітайская выстава, якая была прысвечана гандлю паміж нашымі краінамі. На ёй былі прадстаўлены экспанаты і праекты больш як 80 кампаній Кітая, якія працуюць у галіне машынабудавання, энергетыкі, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва. Сапраўды, сёння вельмі важна развіваць эканамічныя, крэдытна-інвестыцыйныя адносіны паміж абедзвюма краінамі, ствараць сумесныя вытворчасці, развіваць гандаль, але без цесных узаемаадносін нашых краін у сферы адукацыі, навукі, культуры гэта зрабіць вельмі цяжка. Таму адкрыццё такой выставы з’яўляецца сімвалічнай падзеяй.
Новы віток беларуска-кітайскіх адносін прадвызначыў візіт Прэзідэнта Беларусі ў Кітай, дзе была падпісана дэкларацыя аб устанаўленні ўсебаковага стратэгічнага партнёрства краін. І, як бачна, гэты дакумент пачынае напаўняцца канкрэтным зместам. Сёння Беларусь вельмі актыўна працуе з Кітаем. У нашай краіне рэалізуецца больш за 20 буйных інвестыцыйных праектаў з кітайскімі кампаніямі. Крэдытныя рэсурсы з боку Кітая складаюць больш за 5 млрд долараў. Такое супрацоўніцтва вельмі выгаднае, таму што кітайскія тэхналогіі і абсталяванне практычна не саступаюць лепшым сусветным аналагам. Прыкладамі супрацоўніцтва з кітайскімі калегамі з’яўляецца мадэрнізацыя нашай цэментнай галіны, згодна з якой былі пабудаваны тры буйныя цэментныя заводы. Ажыццёўлена пастаўка ў Беларусь цяжкіх грузавых электравозаў з Кітая. Заканчваецца будаўніцтва дзвюх магутных электрастанцый. У красавіку будучага года пачне працаваць выдатны гасцінічны комплекс “Пекін”. Адным з самых цікавых праектаў у сферы адукацыі стала будаўніцтва ў Беларусі інтэрната. У прыгожым будынку амаль на тысячу месцаў будуць жыць студэнты з абедзвюх краін.
На выставе былі прадстаўлены інфармацыйныя стэнды 19 вядучых універсітэтаў, якія ўваходзяць у ТОР-100 Кітая. Па профілі навучання яны ахопліваюць розныя галіны эканомікі і сацыяльнай сферы гэтай краіны. У ліку самых папулярных сярод кітайскай моладзі знаходзяцца Пекінскі ўніверсітэт лясной гаспадаркі, Педагагічны ўніверсітэт Цэнтральнага Кітая, Кітайскі геалагічны ўніверсітэт, Універсітэт традыцыйнай кітайскай медыцыны, універсітэты марской гаспадаркі, навукі і тэхнікі, фінансаў і эканомікі, інфармацыйных тэхналогій, аграрнага, тэхналагічнага кірункаў і шэраг іншых. На экспазіцыях кожная з навучальных устаноў падрабязна прадставіла інфармацыю аб факультэтах, аб правядзенні навуковай работы, аб умовах навучання.
— Такая вялікая колькасць універсітэтаў Кітая, якія ўдзельнічаюць у гэтай выставе, вельмі радуе і пацвярджае, што кітайскія калегі зацікаўлены ў цесных узаемаадносінах з нашай краінай, — адзначыў С.А.Маскевіч. — У гэтым шчырым імкненні я пераканаўся пры нядаўнім наведванні Кітайскай Народнай Рэспублікі, калі пабываў у многіх універсітэтах і дзе адчуў іх рэальную зацікаўленасць у супрацоўніцтве з навучальнымі ўстановамі нашай краіны. Актыўнае, інтэнсіўнае развіццё сістэмы вышэйшай адукацыі Беларусі і Кітая, безумоўна, станоўча паўплывае на далейшае развіццё стасункаў паміж краінамі, адкрые новыя гарызонты ў адукацыйнай галіне, а канкрэтныя адрасы будуць знойдзены на гэтай выставе.
Сёння краіны аб’ядноўвае шэраг цікавых праектаў. Ужо стала добрай традыцыяй для навучальных устаноў ажыццяўляць абмен студэнтамі, выкладчыкамі і вучонымі, якія ўдзельнічаюць у сумесных семінарах, канферэнцыях і праходзяць стажыроўку. Сярод новых форм супрацоўніцтва ўніверсітэтаў можна назваць і такі кірунак, як стварэнне агульных навуковых лабараторый, дзе праводзяцца даследаванні як кітайскімі, так і беларускімі маладымі вучонымі. Развіццю стасункаў спрыяюць створаныя ў Беларусі інстытуты Канфуцыя, вывучэнне кітайскай мовы і культуры ў агульнаадукацыйных установах. Падчас сустрэчы з кітайскімі гасцямі навучэнцы мінскіх гімназій №№ 12 і 23, сярэдняй школы № 10 змаглі пагаварыць з гасцямі на іх роднай мове.
Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Гун Цзяньвэй заўважыў, што крыніцай развіцця кожнай краіны з’яўляецца духоўны, адукацыйны і навуковы патэнцыял. Таму Кітай надае вялікую ўвагу стратэгіі развіцця адукацыі і навукі як фундаментальнай сферы, якая мае ключавую ролю ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. Некалькі гадоў назад была распачата доўгатэрміновая праграма рэфарміравання адукацыі Кітая, якая прымяркоўвае рэалізацыю адкрытасці адукацыйнага працэсу, пашырэнне міжнародных кантактаў з іншымі краінамі, развіццё адзінай адукацыйнай прасторы.
— Сёння ў Кітаі вельмі папулярнае словазлучэнне “кітайская мара”, — паведаміў Гун Цзяньвэй. — Гэта мара — зрабіць нашу краіну квітнеючай. І, як бачна, наша мара арганічна спалучаецца з марай беларускага народа. Мы ідзём адным шляхам, у нас аднолькавыя імкненні і жаданні. Таму, безумоўна, гэтая выстава стане яшчэ адным крокам да ажыццяўлення нашай мары.