Жыццё гэтай жанчыны можна параўнаць з дзіцячай размалёўкай, напоўненай яркімі фарбамі. Шэрыя будні не для яе. Творчая, абаяльная, артыстычная, мэтанакіраваная…
Стаць педагогам Ірына Мікалаеўна Мінько марыла з дзяцінства. Часта гуляла з сяброўкамі ў школу, дзе заўсёды была настаўніцай: вяла ўрокі, правярала сшыткі, задавала дамашняе заданне. Уяўляла сябе ля дошкі, як тлумачыць дзецям новую тэму. Ужо тады выдатна разумела, што для таго, каб выхаваць асобу, трэба аддаць частку сябе.
Прыклад брала з класнага кіраўніка Алы Адамаўны Жалезнай. Хацела быць такой жа справядлівай, сумленнай і шчырай. Таму пасля школы, не раздумваючы, падала дакументы ў тагачасны Баранавіцкі дзяржаўны вышэйшы педагагічны каледж (сённяшні БарДУ) на педагагічны факультэт. Пасля яго заканчэння вярнулася ў родныя Ганцавічы, дзе ўладкавалася ў раённы цэнтр дзіцячай і юнацкай творчасці. Педагог узначальвае аб’яднанне па інтарэсах “Калекцыя ідэй”, у якім дзеці ствараюць вырабы з гліны і іншых прыродных матэрыялаў.
— Калі вучылася ў школе, усе малюнкі і вырабы стварала за мяне мама, — прызнаецца Ірына Мікалаеўна. — Больш за ўсё мне падабалася адзенне для лялек. Дзякуючы заняткам ва ўніверсітэце, сур’ёзна захапілася дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. Мой першы выраб — шкатулка з палачак для марожанага.
Аб’яднанне па інтарэсах наведваюць дзеці ва ўзросце ад 6 да 14 гадоў. Малодшыя школьнікі вельмі цікаўныя, імкнуцца паспрабаваць сябе ў розных відах творчасці. Ахвотна працуюць з паперай, другасным і прыродным матэрыялам. Старэйшыя дзеці больш самастойныя, ужо ведаюць, чаго хочуць. Разам з педагогам яны вырабляюць упрыгажэнні (бранзалеты, пацеркі, брошкі, завушніцы, шпількі), рамкі для фотаздымкаў і сувеніры, рыхтуюць выставачныя работы. Штогод удзельнічаюць з імі ў раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах, у якіх вельмі часта становяцца пераможцамі.
Ірына Мінько з ліку тых педагогаў, якім надакучвае займацца адным відам творчасці доўгі час, таму яна заўсёды прыходзіць на заняткі з цікавымі ідэямі і разам з дзецьмі пастаянна спрабуе штосьці новае. Асвойвае розныя кірункі і новыя тэхнікі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, незвычайныя матэрыялы. Кожны дзень педагог знаходзіцца ў пошуку новых арыгінальных ідэй. Яна выкарыстоўвае ўсё: лісце клёну, сухія галінкі, каробачкі, пластмасавыя накрыўкі… Меж аўтарскім задумам няма.
Педагог ідзе ў нагу з часам і пастаянна самаўдасканальваецца, каб быць цікавай дзецям. Нядзіўна, што аб’яднанне штогод папаўняецца новымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якія з задавальненнем ходзяць на заняткі і прыводзяць на іх сваіх родных, сяброў і аднакласнікаў. Выхаванцам падабаецца творчая атмасфера, пабудаваная на даверы і ўзаемаразуменні.
Ірына Мінько вучыць іншых і адначасова вучыцца ў іх. Яе цэняць і паважаюць, з ёй дзеляцца маленькімі сакрэтамі.
— Педагог дадатковай адукацыі павінен умець зацікавіць дзіця, павесці яго ў свет творчасці, да кожнага знайсці індывідуальны падыход, — лічыць Ірына Мікалаеўна. — Галоўнае — улічваць жаданні выхаванцаў, а фантазія і арыгінальныя задумы з’явяцца падчас работы. Адны схопліваюць усё імгненна, іншым трэба некалькі разоў растлумачыць і дапамагчы. Заўсёды падтрымліваю дзіцячыя ідэі, бо яны падштурхоўваюць мяне да чагосьці новага і цікавага. Вучу таму, што ўмею сама. Ніколі не крытыкую і не навязваю свой пункт гледжання. Ненадакучліва раю, дапамагаю раскрыць творчыя здольнасці. Удзячныя і захопленыя дзіцячыя вочы — лепшая ўзнагарода за маю працу.
Дэкупаж, аб’ёмны квілінг, выцінанка… Чым толькі не займаюцца выхаванцы педагога! У кожны выраб яны ўкладваюць частку сваёй душы. Дзеці ствараюць адметныя сувеніры, дэкаратыўныя шкатулкі, арганайзеры, біжутэрыю, аксесуары для гаджэтаў, скарбонкі, сквішы…
Ірына Мікалаеўна — чалавек з добрым сэрцам. Яна не пазбаўлена пачуцця гумару, лёгка спраўляецца з любымі жыццёвымі выпрабаваннямі. Часам здзіўляешся, адкуль у гэтай жанчыны столькі энергіі і энтузіязму. На рабоце яна не працуе, а адпачывае душой. На пытанне “Як навучыцца творчасці?” з усмешкай адказвае: “Паверыць у сябе, ніколі не стаяць на месцы і не баяцца эксперыментаваць”.
— Натхненне чэрпаю ў творчым працэсе, які зараджае новымі ідэямі, дапамагае справіцца з цяжкасцямі, заспакойвае, — гаворыць Ірына Мінько. — Імкнуся паспець шмат. Хаджу на любімую работу, займаюся хатняй гаспадаркай, рукадзеллем, асвойваю кандытарскую справу.
Ірына Мікалаеўна — майстар сваёй справы, які ўмее павесці за сабой, дапамагчы паверыць ва ўласныя сілы.
Вольны час педагог удзяляе сям’і. Кожныя выхадныя яна імкнецца зрабіць яркімі і незабыўнымі. Разам з мужам і трыма дзецьмі рыбачыць, плавае, падарожнічае.
Святлана ХОРАШАВА,
педагог дадатковай адукацыі
Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці.
Фота Яны КАРПУКОВІЧ.