Гаворыць “не” шэрым будням

- 9:00Людзі адукацыі

Жыццё гэтай жанчыны можна параўнаць з дзіцячай размалёўкай, напоўненай яркімі фарбамі. Шэрыя будні не для яе. Творчая, абаяльная, артыстычная, мэтанакіраваная…

Стаць педагогам Ірына Мікалаеўна Мінько марыла з дзяцінства. Часта гуляла з сяброўкамі ў школу, дзе заўсёды была настаўніцай: вяла ўрокі, правярала сшыткі, задавала дамашняе заданне. Уяўляла сябе ля дош­кі, як тлумачыць дзецям новую тэму. Ужо тады выдатна разумела, што для таго, каб выхаваць асобу, трэба аддаць частку сябе.

Прыклад брала з класнага кіраўніка Алы Адамаўны Жалезнай. Хацела быць такой жа справядлівай, сумленнай і шчырай. Таму пасля школы, не раздумваючы, падала дакументы ў тагачасны Баранавіцкі дзяржаўны вышэйшы педагагічны каледж (сённяшні БарДУ) на педагагічны факультэт. Пасля яго заканчэння вярнулася ў родныя Ганцавічы, дзе ўладкавалася ў раённы цэнтр дзіцячай і юнацкай творчасці. Педагог узначальвае аб’яднанне па інтарэсах “Калекцыя ідэй”, у якім дзеці ствараюць вырабы з гліны і іншых прыродных матэрыялаў.

— Калі вучылася ў школе, усе малюнкі і вырабы стварала за мяне мама, — прызнаецца Ірына Мікалаеўна. — Больш за ўсё мне падабалася адзен­не для лялек. Дзякуючы заняткам ва ўніверсітэце, сур’ёзна захапілася дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. Мой першы выраб — шкатулка з палачак для марожанага.

Аб’яднанне па інтарэсах наведваюць дзеці ва ўзросце ад 6 да 14 гадоў. Малодшыя школьнікі вельмі цікаўныя, імкнуцца паспрабаваць сябе ў розных відах творчасці. Ахвотна працу­юць з паперай, другасным і прыродным матэрыялам. Старэйшыя дзеці больш самастойныя, ужо ведаюць, чаго хо­чуць. Разам з педагогам яны вырабля­юць упрыгажэнні (бранзалеты, пацеркі, брошкі, завушніцы, шпількі), рамкі для фотаздымкаў і сувеніры, рыхтуюць выставачныя работы. Штогод удзельнічаюць з імі ў раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах, у якіх вельмі часта становяцца пераможцамі.

Ірына Мінько з ліку тых педагогаў, якім надакучвае займацца адным відам творчасці доўгі час, таму яна заўсёды пры­ходзіць на заняткі з цікавымі ідэямі і разам з дзецьмі пастаянна спрабуе штосьці новае. Асвойвае розныя кірункі і новыя тэхнікі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, незвычайныя матэрыялы. Кожны дзень педагог знаходзіцца ў пошуку новых арыгінальных ідэй. Яна выкарыстоўвае ўсё: лісце клёну, сухія галінкі, каробачкі, пластмасавыя накрыўкі… Меж аўтарскім задумам няма. 

Педагог ідзе ў нагу з часам і пастаянна самаўдасканальваецца, каб быць цікавай дзецям. Нядзіўна, што аб’яднанне штогод папаўняецца новымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якія з задавальненнем ходзяць на заняткі і прыводзяць на іх сваіх родных, сяброў і аднакласнікаў. Выхаванцам падабаецца творчая атмасфера, пабудаваная на даверы і ўзаемаразуменні.

Ірына Мінько вучыць іншых і адначасова вучыцца ў іх. Яе цэняць і паважа­юць, з ёй дзеляцца маленькімі сакрэтамі.

— Педагог дадатковай адукацыі павінен умець зацікавіць дзіця, павесці яго ў свет творчасці, да кожнага знайсці індывідуальны падыход, — лічыць Ірына Мікалаеўна. — Галоўнае — улічваць жаданні выхаванцаў, а фантазія і арыгінальныя задумы з’явяцца падчас работы. Адны схопліваюць усё імгненна, іншым трэба некалькі разоў растлумачыць і дапамагчы. Заўсёды падтрымліваю дзіцячыя ідэі, бо яны падштурхоўваюць мяне да чагосьці новага і цікавага. Вучу таму, што ўмею сама. Ніколі не крытыкую і не навязваю свой пункт гледжання. Ненадакучліва раю, дапамагаю раскрыць творчыя здольнасці. Удзячныя і захопленыя дзіцячыя вочы — лепшая ўзнагарода за маю працу.

Дэкупаж, аб’ёмны квілінг, выцінан­ка… Чым толькі не займаюцца выхаванцы педагога! У кожны выраб яны ўкладваюць частку сваёй душы. Дзеці ствараюць адметныя сувеніры, дэкаратыўныя шкатулкі, арганайзеры, біжутэрыю, аксесуары для гаджэтаў, скарбонкі, сквішы…

Ірына Мікалаеўна — чалавек з добрым сэрцам. Яна не пазбаўлена пачуцця гумару, лёгка спраўляецца з любымі жыццёвымі выпрабаваннямі. Часам здзіўляешся, адкуль у гэтай жанчыны столькі энергіі і энтузіязму. На рабоце яна не працуе, а адпачывае душой. На пытанне “Як навучыцца творчасці?” з усмеш­кай адказвае: “Паверыць у сябе, ніколі не стаяць на месцы і не баяцца экспе­рыментаваць”. 

— Натхненне чэрпаю ў творчым працэсе, які зараджае новымі ідэямі, дапамагае справіцца з цяжкасцямі, заспакойвае, — гаворыць Ірына Мінько. — Імкнуся паспець шмат. Хаджу на любімую работу, займаюся хатняй гаспадаркай, рукадзеллем, асвойваю кандытарскую справу.

Ірына Мікалаеўна — майстар сваёй справы, які ўмее павесці за сабой, дапамагчы паверыць ва ўласныя сілы.

Вольны час педагог удзяляе сям’і. Кожныя выхадныя яна імкнецца зрабіць яркімі і незабыўнымі. Разам з мужам і трыма дзецьмі рыбачыць, плавае, падарожнічае.

Святлана ХОРАШАВА,
педагог дадатковай адукацыі
Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці.
Фота Яны КАРПУКОВІЧ.