Геаграфія праз праекты

- 12:05Адукацыйная прастора

Адной з самых тонкіх, невытлумачальных і глыбокіх граней асобы з’яўляецца творчая, развіццё якой немагчыма прадказаць, сфарміраваць да канца ў поўным аб’ёме. Гэты працэс шырэйшы за ўрок і пазакласную работу. Але менавіта развіццё творчага складніка асобы дзіцяці і з’яўляецца для мяне самым захапляючым у працэсе выкладання. Менавіта ў вучнёўскіх праектах рознага маштабу я бачу невычэрпную крыніцу для даследаванняў, рэалізацыі ідэй, выяўлення эмоцый.

Велізарны паток інфармацыі, які навальваецца на падлетка сёння, дэзарыентуе і прымушае яго шукаць спосабы адхілення. Навучыць свабодна адчуваць сябе ў гэтым патоку, набываць, выбіраць, структураваць, падаваць інфармацыю — задача, больш сучаснай за якую няма.

Метад праектаў нацэлены на вырашэнне гэтай задачы, на мой погляд, як ніякай іншай. А ў тым выпадку, калі працэсу работы з інфармацыяй зададзены творчы вектар, актуальнасць гэтага напрамку дзейнасці становіцца відавочнай. Падахвочваючы навучэнцаў займацца падрыхтоўкай творчых работ, рэалізоўваю і сваю патрэбу ў творчасці. Такім чынам, праект можа выступаць як форма арганізацыі работы на ўроку. Тады ён павінен быць рэальна выканальным за 20—30 хвілін. Праект можа з’яўляцца сродкам для саманавучання, калі вучань працуе над ім дома, для замацавання тэмы ўрока. Доўгатэрміновыя праекты і праекты сярэдняй працягласці могуць быць не звязаны з урокам і выконваюцца, як правіла, навучэнцамі, якія ўсвядомілі патрэбу ў творчай дзейнасці як асобасна значную.

У 6—7 класах выкарыстоўваць гэты метад мне дапамагаюць уласцівыя гэтаму ўзросту цікаўнасць і непасрэднасць. У 7 класе прапаноўваю зрабіць творчы праект, напісаць казку “Падарожжа маленькай кропелькі” пра сусветны кругаварот вады. Гэтую казку дзеці афармляюць ілюстрацыямі. Удала праекты ўпісваюцца ў праграму і на ўроках абагульняючага паўтарэння.

У 8—9 класах навучэнцы ўжо больш усвядомлена працуюць над праектамі. Іх галоўным матывам, на мой погляд, з’яўляецца патрэба ў самавыяўленні і жаданні самасцвердзіцца. Напрыклад, тэма вучэбнага праекта “Асваенне прыроднага комплексу Амазоніі”. Яго абарона праходзіць у форме ролевай гульні. Вось прыкладныя пытанні ролевай гульні:

— Як вы будзеце вызваляць ад лесу ўчасткі сваіх плантацый?

— Калі вы знішчыце лес, якія жывёлы застануцца на ўчастках, што вы асвоіце?

Асобна рыхтуюцца да гульні і “прадстаўнікі “Грынпіс”. Яны выступаюць у ролі міжнародных экспертаў і даюць агульную ацэнку стану прыроднага комплексу Амазоніі і змен, якія ў ім адбываюцца. Пажадана таксама пазнаёміць навучэнцаў з рознымі поглядамі на праблему, напрыклад, з прапановамі па ўстанаўленні міжнароднага кантролю над трапічнымі лясамі. Поспех гульні залежыць ад некаторых тонкасцей. Звычайна навучэнцы добра прыдумваюць знешні гульнявы бок: свой знешні выгляд, назву і эмблему.

Пры ўмове сістэмнай работы ўстойлівы навык самастойных праектных дзеянняў сфарміруецца толькі ў 10—11 класах. Гэтаму ўзроўню ўласціва выкананне самастойных работ, якія патрабуюць творчасці, уяўлення, лагічнага аналізу і здагадкі, адкрыцця новага спосабу выканання праекта. Гэты ўзровень прадугледжвае, што дзеці самі вызначаюць праблемы, намячаюць шляхі іх вырашэння з наступнай самастойнай рэалізацыяй, робяць высновы, неабходныя абагульненні. Але нават у гэтым выпадку каардынуючая роля настаўніка захоўваецца.

Яго задача заключаецца ў напрамку дзейнасці, парадах па выкананні, ускосным кіраўніцтве і стварэнні ўмоў для экспертызы атрыманага прадукту. Кароткатэрміновыя праекты, якія рэалізоўваюцца на ўроках, маюць некаторыя асаблівасці: яны сапраўды кароткатэрміновыя, таму запланаваны вынік павінен быць выканальны ў рамках аднаго ўрока (радзей — двух-трох); часта гэта прадметныя праекты, для іх выканання дастаткова геаграфічных ведаў і ўменняў.

Тэмы праектаў стараюся прапаноўваць разнастайныя. Вынік, прадукт праектнай дзейнасці на ўроку можа мець розныя творчыя формы: малюнак, маршрутны ліст, схема, крыжаванка, лагічны ланцужок, слоўнік паняццяў па тэме, справаздача, сцэнарый рэкламнага роліка. Паколькі ўрокі з выкарыстаннем тэхналогіі крытычнага мыслення праводжу даволі часта, асабліва ў старшых класах, то некаторыя віды работ у час урока мы з навучэнцамі пераводзім у форму праекта. Для таго каб падтрымаць пазнавальную актыўнасць і зрабіць разнастайнымі віды дзейнасці навучэнцаў, прапаноўваю на стадыі рэфлексіі падаць вынікі ў выглядзе творчай работы. У гэтым выпадку творчыя групы могуць скласці да канца ўрока невялікія (на 6—10 слайдаў) прэзентацыі.

Напрыклад, па тэме “Сусветная гаспадарка і яе галіновая структура. Міжнародная эканамічная інтэграцыя” (11 клас) навучэнцы ў канцы ўрока прадставілі дзве прэзентацыі: “Міжнародныя міжрэгіянальныя інтэграцыйныя саюзы” і “Рэгіянальныя інтэграцыйныя саюзы”. Энтузіязм навучэнцаў выклікае стварэнне сінквейна, акраверша на зададзеную тэму. Акраверш выкарыстоўваю як парную форму творчай работы. Напрыклад, такія радкі: “Богата ты людьми своими! Есть чем гордиться каждому из нас. Легендами, преданьями живыми. А сколько красоты — и не окинет глаз! Рекой спокойной жизнь струится. У нас уютно каждому, клянусь! С тобою в будущее мысль стремится, родная и святая Беларусь!”

У курсе геаграфіі Беларусі метад праектнай дзейнасці можна выкарыстоўваць на многіх уроках, галоўнае — правільна сфармуляваць праблему, над якой будзе працаваць вучань або група вучняў. Пад назвай “Гаспадарка Беларусі” ствараецца агульны праект, які складаецца з невялікіх праектаў па асобных галінах гаспадаркі, у аснове стварэння якіх ляжыць дэвіз “Купляйце беларускае” або “Вырабляецца ў Беларусі”. Спынюся на некаторых праектах пры вывучэнні раздзелаў “Вытворчая сфера”.

Тэма “Лёгкая прамысловасць”: праект “Рыхтуемся да школы”. Навучэнцы малююць контуры юнака або дзяўчыны, а побач паказваюць стрэлкамі вытворцаў адзення. Напрыклад, касцюм — “Камінтэрн” — Гомель, паліто — “Элема” — Мінск, майка — “Світанак” — Жодзіна, абутак — “Марка” — Віцебск, куртка — “Калінка” — Салігорск. Можна прапанаваць праект “Наш універмаг”. Навучэнцы выступаюць у ролі прадаўцоў секцый універмага “Абутак”, “Мужчынскае адзенне”, “Жаночае адзенне” і інш. Задача вучняў-прадаўцоў — запрасіць наведаць секцыі і прапанаваць тавар, ствараючы кластар. Напрыклад, прымацоўваецца малюнак абутку, вакол прымацоўваюцца таблічкі з назвай фірм-вытворцаў, напрыклад: “Марка” — Віцебск, “Белвест” — Віцебск, “Легранд” — Мінск, “Нёман” — Гродна і г.д. Арганізоўваецца работа з картай. Так, на прыкладзе тавараў будзе вывучана геаграфія размяшчэння галін лёгкай прамысловасці.

Тэма “Харчовая прамысловасць”: праект “Званая вячэра”. Кожны вучань складае меню, зазначаючы назвы страў, інгрэдыенты і вытворцаў. Наглядна раскрываецца геаграфія размяшчэння харчовай прамысловасці пры складанні дзецьмі праекта “Ешце на здароўе” на аснове прадуктаў, якія ёсць у магазіне. Выклікае вялікую цікавасць і праект “Нашы брэнды” па галінах харчовай прамысловасці, напрыклад: “Малочны свет” — Слуцк, “МяскаВіт” — Віцебск і г.д.

Па выніках Рэспубліканскага грамадскага конкурсу ў харчовай прамысловасці можна прапанаваць праект “Лепшая прадукцыя года”. Напрыклад: ААТ “Глыбоцкі мясакамбінат” — духмяная вяндліна і пікантнае сала, смачныя сасіскі і вострая салямі, дамашні сальцісон і апетытныя пельмені. Гэты разнастайны і смачны асартымент з гандлёвай маркай “Бабуліны далікатэсы” добра вядомы пакупнікам. Паважаюць іх і эксперты. Сведчанне гэтага — прызы і ўзнагароды прадпрыемства: прэмія Прэзідэнта Беларусі за дасягненні ў галіне якасці, перамогі ў конкурсе “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь”. Яркае пацвярджэнне дасягненняў — дыплом Рэспубліканскага конкурсу дэгустацыі “Залаты ГУСТ”, які ўручаецца за стабільную высокую якас ць. Больш за 30% прадукцыі ідзе на экспарт. Мяса, тлушч, каўбасы і паўфабрыкаты рэалізуюцца ў Расіі. Шкуры для гарбарнай вытворчасці карыстаюцца попытам у Турцыі, Італіі, Польшчы, Прыбалтыцы.

Тэма “Прамысловасць будаўнічых матэрыялаў”: праект “Будуем дом”. Навучэнцы малююць дом, які яны хочуць пабудаваць на ўчастку. Побач паказваюць стрэлкамі будаўнічы матэрыял, фірму і цэнтр вытворчасці. Другая група навучэнцаў гэты праект можа дапоўніць звесткамі аб прафесіях. Напрыклад, расказваючы аб прафесіі плітачніка, трэба назваць, дзе вырабляецца плітка і што яшчэ трэба для выканання работы. Потым знаёміць з прафесіяй тынкоўшчыка, муляра і г.д. У гэтай тэме можна стварыць праект “Дом, у якім я жыву” ў выглядзе калажу: вучні прымацоўваюць малюнкі халадзільніка, тэлевізара, мэблі з назвай вытворцы, выкарыстоўваючы веды па тэмах “Машынабудаванне”, “Лясная і дрэваапрацоўчая прамысловасць”. Тут жа цікавай будзе і рэклама асобных тавараў.

Тэма “Сельская гаспадарка”. Вывучаючы распаўсюджванне пасеваў сельскагаспадарчых культур і галін жывёлагадоўлі, навучэнцы прапаноўваюць на разгляд праект “Вытворчыя сувязі сельскай гаспадаркі”, у якім называецца, што з гэтых культур і жывёл атрымліваюць і дзе размешчана вытворчасць. Праект можна зрабіць у выглядзе стэндавай прэзентацыі з расказам пра сельскагаспадарчыя прафесіі, зыходным пунктам узяўшы БСГА (Горкі) і БАТУ (Мінск). Потым праводзіцца завочная экскурсія на найбуйнейшыя агракамбінаты Віцебскай вобласці і Глыбоцкага раёна.

Пераход ад кароткатэрміновых урочных праектаў да наступнай стадыі — выкарыстання творчых праектаў для саманавучання — заканамерны працэс. Рамкі ўрока абмежаваны, а стрымаць творчы палёт немагчыма. Я вылучаю асаблівасці дамашняга задання ў форме творчага:

— выконваецца выключна па жаданні навучэнцаў;

— мае сярэднепрацяглы характар (тыдзень да наступнага ўрока, два-тры тыдні да ўрока абагульняючага паўтарэння);

— можа быць як прыкладным, так і даследчым, аднак даследаванне будзе мець павярхоўны характар;

— пры неабходнасці на прамежкавай стадыі работы настаўнік арганізоўвае кансультацыі;

— абавязкова афішыруецца коратка на ўроку кожны праект.

Так, напрыклад, навучэнцам задаю дадому вырабіць макет вулкана, падрыхтаваць інсцэніроўку ад імя падарожніка, які вярнуўся з падарожжа, карту мацерыка, якога не хапае на Зямлі. Дзеці захапляюцца і такімі простымі, на першы погляд, праектамі, як стварэнне маршруту падарожжа з кароткім апісаннем славутасцей.

Асабліва мэтазгодна задаваць на дом такія праекты пры вывучэнні геаграфіі мацерыкоў і акіянаў і, канечне, геаграфіі Беларусі. Вывучэнне тэмы “Рэкрэацыйныя рэсурсы Беларусі” праводжу на аснове такіх праектаў. Прашу навучэнцаў аформіць свой маршрут не ў выглядзе прэзентацыі, а ў выглядзе плакатаў, маршрутных лістоў, буклетаў і іншага нагляднага матэрыялу. На ўроку адбываецца абарона праектаў. Падчас абмеркавання навучэнцы-эксперты выбіраюць самыя прывабныя маршруты. Абмеркаванне часам не менш цікавае, чым самі праекты.

Самым радасным для мяне з’яўляецца момант “нараджэння” задання для праекта спантанна самімі навучэнцамі. Гэтую патрэбу дзяцей — працягнуць работу, зрабіць творчы прадукт — лічу самым каштоўным вынікам урока. Прыкладам служыць такі вучнёўскі праект, як “Азбука. Жывёлы Аўстраліі”. Штуршком да яго паслужыла работа на ўроку па тэме “Аўстралія: прыродныя зоны”. Урок быў спраектаваны на аснове тэхналогіі інтэрактыўнага навучання з выкарыстаннем метаду “Алфавіт”. Запаўняючы тэхналагічную карту ў выглядзе алфавіта, навучэнцы падбіралі на кожную літару назву ўнікальных жывёл Аўстраліі. Утварылася творчая група, якая да наступнага ўрока прадставіла праект. Рэалізацыя доўгатэрміновых па працягласці і даследчых па характары дзейнасці творчых праектаў немагчыма на ўроку або факультатыве. Нягледзячы на тое, што геаграфія мае шырокія магчымасці ў плане выбару тэм, сёння запатрабаваны тэмы, заснаваныя на сумежных навуках, якія не вывучаюцца ў школе, — краязнаўстве, тапаніміцы, эканоміцы, сацыялогіі.

Пры аналізе эфектыўнасці выкарыстання метаду праектаў у арганізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў прыйшла да наступных высноў. Праектная дзейнасць па геаграфіі на ўроку можа прымаць розныя формы, выкарыстоўвацца на розных яго этапах і стымуляваць творчую самарэалізацыю. Сумесная творчая праектная дзейнасць настаўніка і навучэнцаў спрыяе пошуку новых форм і метадаў работы, самаўдасканаленню ўсіх удзельнікаў працэсу.

Педагогам, якія ўключаюцца ў праектную дзейнасць, важна разумець неабходнасць развіваць у школьнікаў самастойнасць мыслення, здольнасць здабываць і прымяняць веды, выкарыстоўваць набытыя ўменні, старанна абдумваць рашэнні, якія прымаюцца, і дакладна планаваць дзеянні.

Часлава ЧАРНЕВІЧ,
настаўніца геаграфіі
Карабоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Глыбоцкага раёна імя Р.І.Мацеюна.