У Мінску падведзены вынікі конкурсу настаўнікаў геаграфіі Беларусі і Расіі “#ЛюблюГеаграфію”, які праводзіўся па ініцыятыве Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы пры падтрымцы міністэрстваў адукацыі Беларусі і Расіі, Беларускага і Расійскага геаграфічных таварыстваў. Пераможцам спаборніцтваў стаў настаўнік геаграфіі Свенскай сярэдняй школы Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці Вячаслаў Сяргеевіч Фёдараў.
Намеснік дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы І.М.Бамбіза павіншаваў фіналістаў і падкрэсліў, што конкурс — гэта пошук новых падыходаў да навучання, якія адлюстроўваюць рэальнасць. “Наш конкурс быў арганізаваны на прыкладзе конкурсаў па літаратуры і гісторыі. Мы даём магчымасць маладым выказаць сваё меркаванне, як выкладаць прадмет. Не ведаючы геаграфіі, ты не зможаш зразумець фізіку, матэматыку, не зможаш адказаць на пытанні пра наша мінулае і будучыню”, — сказаў Іван Міхайлавіч.
Асноўная задача спаборніцтваў — падтрымаць сучасныя фарматы правядзення ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ўрокаў геаграфіі, падкрэсліць геаграфічную разнастайнасць нашых краін, адкрыць перавагі роднага краю і краіны ў цэлым, садзейнічаць станаўленню асобы маладых грамадзян Саюзнай дзяржавы на аснове пераемнасці агульных культурна-гістарычных каштоўнасцей беларускага і расійскага народаў.
На конкурс, які праходзіў з 10 чэрвеня па 1 лістапада 2017 года, паступіла 105 заявак ад прадстаўнікоў розных катэгорый навучальных устаноў Беларусі і Расіі: сярэдніх школ, гімназій, ліцэяў, вучэбна-педагагічных комплексаў, кадэцкіх карпусоў, спецыялізаваных навучальных устаноў, аднак да разгляду членамі журы было дапушчана 89 праектаў: 43 прэзентацыі ўрокаў геаграфіі ад беларускіх педагогаў і 46 — ад расійскіх.
Удзельнікам спаборніцтваў неабходна было падрыхтаваць урок па геаграфіі Саюзнай дзяржавы па адной з прапанаваных тэм (“Дзве краіны — адна дзяржава: прэзентацыя краіны-суседкі”, “Геаграфія саюзнага турызму: Расія — Беларусь”, “Экалагічны патэнцыял Саюзнай дзяржавы”, “Навукова-тэхнічны прагрэс і НТР у Саюзнай дзяржаве”, “Прамысловасць і сельская гаспадарка Саюзнай дзяржавы: геаграфія галін гаспадаркі”).
У фінал спаборніцтваў выйшлі па 5 прадстаўнікоў ад кожнай краіны. Фіналістамі конкурсу з беларускага боку сталі настаўнік геаграфіі гімназіі № 1 Оршы Аляксей Аляксандравіч Кузьменка (“Навукова-тэхнічны прагрэс і НТР у Саюзнай дзяржаве”), настаўнік геаграфіі Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня” Ягор Васільевіч Левачоў (“Экалагічны патэнцыял Саюзнай дзяржавы”), настаўнік геаграфіі гімназіі № 43 Мінска Аляксандр Сяргеевіч Мархотка (“Дзве краіны — адна дзяржава: прэзентацыя краіны-суседкі”), намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце настаўніца геаграфіі Голацкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці Ірына Анатольеўна Шахновіч (“Геаграфія саюзнага турызму: Расія — Беларусь”), а таксама настаўнік геаграфіі Свенскай сярэдняй школы Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці Вячаслаў Сяргеевіч Фёдараў, які з поспехам прадставіў урок на тэму “Геаграфія саюзнага турызму: Расія — Беларусь” і стаў пераможцам конкурсу.
Тэма была выбрана невыпадкова: праз глабальныя рэчы педагог імкнуўся прадэманстраваць культавыя аб’екты, памятныя мясціны Слаўгарадскага раёна. Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы праекта педагогу аказалі адміністрацыя Свенскай сярэдняй школы і загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета Наталля Міхайлаўна Голік.
Вячаслаў Сяргеевіч родам з Уфы. Яго сям’я ўжо даўно пераехала ў Беларусь, аднак часта даводзілася бываць у родным горадзе. Дарога займала двое сутак на цягніку. І хлопец не мог адарвацца ад акна — любаваўся ландшафтам, чароўнымі краявідамі… Любоў да зямлі і прымусіла стаць настаўнікам геаграфіі. Педагагічны стаж В.С.Фёдарава — 5 гадоў, і ў конкурсным руху настаўнік не навічок: сёлета, на абласным этапе конкурсу “Настаўнік года — 2017” педагог стаў лаўрэатам у сваёй намінацыі.
Па водгуках удзельнікаў конкурсу, спаборніцтвы адкрылі не толькі магчымасць наладжвання сяброўскіх і прафесійных кантактаў, але і дадатковага пазіцыяніравання турыстычнага патэнцыялу беларускіх зямель на міжнародным узроўні.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота з сайта Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.