Геаграфія з задавальненнем

- 9:40Адукацыйная прастора, Алімпіядны рух

Сямікласнік гімназіі № 3 Гродна Арсеній Туровіч стаў пераможцам абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі.

Дзякуючы свайму таленту, высокай матывацыі да поспеху і карпатлівай працы, прайшоўшы раённыя этапы, лепшыя навучэнцы ўключыліся ў канкурэнтную барацьбу на вельмі адказным абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды.

У інтэлектуальным спаборніцтве ўдзель­нічалі навучэнцы 9—11 класаў, і да іх нават далучыліся вучні 7—8 класаў. Было некалькі тураў: тэарэтычны, практычны, мультымедыйны і дадатковы на англійскай мове. Тэматычныя блокі ўключалі фізічную і сацыяльна-эканамічную геаграфію. Крытэрыі ацэнкі былі дадаткова дыферэнцыраваны ўнутры кожнага пытання, для таго каб можна было больш аб’ектыўна ацаніць веды кожнага школьніка.

— Пытанні цікавыя, складаныя, але школьнікі справіліся з такім узроўнем складанасці, бо тут сабраліся лепшыя знаўцы геаграфіі, — адзначыў старшыня журы, загадчык кафедры глебазнаўства і геаінфармацыйных сістэм факультэта геа­графіі і геаінфарматыкі БДУ, кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт Аляксандр Чэрвань. — Сярод пытанняў было шмат творчых, адказ на якія патрабаваў аналітычнага падыходу, і многія школьнікі з імі справіліся. Бачна, што яны шмат рыхтаваліся. І ў гэтым заслуга не толькі саміх юнакоў і дзяўчат, але і іх настаўні-
каў.

Дыпломы І ступені атрымалі навучэнка 9 класа Рахавіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна Дар’я Віткоўская, навучэнец 7 класа гімназіі № 3 імя В.І.Соламавай Гродна Арсеній Туровіч, навучэнец 10 класа сярэдняй школы № 9 Ліды Ягор Сушкоў, навучэнка 10 класа гімназіі № 1 Ліды Аляксандра Лаўнік, навучэнка 11 класа сярэдняй школы № 1 Ліды Дар’я Цумарава і навучэнец 11 класа гімназіі № 2 Гродна Мікіта Дзідзенка.

Дыпломы II ступені атрымалі 9 чалавек, III ступені — 17, граматы — 12. Яшчэ чацвёра школьнікаў узнагароджаны па­дзячнымі лістамі Беларускага геаграфічнага таварыства.

На Гродзеншчыне ў абласным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі прынялі ўдзел 70 школьнікаў.

Сярод пераможцаў вылучаецца сямікласнік гімназіі № 3 Гродна Арсеній Туровіч.

— Арсеній не проста ўдзельнік, а пераможца, лаўрэат І ступені, яго веды — на ўзроўні адзінаццацікласніка. Улічваючы тое, што агульная колькасць балаў, якія ён набраў, больш за 100, то гэта ўзровень першай пяцёркі па трох паралелях. Яго веды неабходна развіваць, такія дзеці — адзінкі, і дзяржаўныя ўстановы адукацыі павінны дапамагаць ім максімальна, — падкрэсліў Аляксандр Чэрвань.

Настаўнік геаграфіі гімназіі № 3 Гродна Людміла Дзямідава расказала, што яшчэ ў 3 класе прапанавала Арсенію выка­наць тэсты за 8 клас, і ён не зрабіў ніводнай памылкі. З таго часу яны і займаюцца геа­графіяй:

— Арсеній вельмі дапытлівы, шмат вучыцца самастойна, рознабакова развіты, мае выдатныя адзнакі практычна па ўсіх прадметах, і яго вельмі падтрымліваюць бацькі. Геаграфіяй хлопчык зай­маецца з задавальненнем, задае шмат пытанняў, яму ўсё цікава. Калі нешта не зразумеў, абавязкова разбярэцца і знойдзе адказ. 

Яшчэ адзін лаўрэат I ступені адзінаццацікласнік гімназіі № 2 Гродна Мікіта Дзідзенка пачаў цікавіцца геаграфіяй ва ўзросце 4—5 гадоў. З часам інтарэс толькі рос, веды пашыраліся, уцягнуўся ў алімпіядны рух. Былі дыпломы раённага ўзроўню, у мінулым годзе — абласнога, і вось сёлета ён стане ўдзельнікам заключнага этапу. Настаўніца Наталля Генадзьеўна Чопік займаецца з Мікітай з 5 класа. Яна расказала, што хлопец можа знай­сці адказ на любое пытанне зыходзячы са свайго шырокага кругагляду. Дапамагаюць і добрыя веды па матэматыцы, бо ён вучыцца на фізіка-матэматычным профілі. Ужо трэці год запар навучэнцы гэтага педагога прымаюць удзел у абласным этапе алімпіяды.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.