Герой нашага часу: з каго бяруць прыклад брэсцкія школьнікі?

- 16:25Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Прыходзіць на дапамогу іншым, не зважаючы на рызыку для ўласнага жыцця, вучыць прыклад Дзмітрыя Гвішыані, імя якога ўжо больш за 20 гадоў носіць сярэдняя школа № 30 Брэста. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У гонар яе выпускніка закла­дзена алея, дзе ўсталяваны памятны знак і мемарыяльная шыльда. Штогод 5 лістапада, у дзень нараджэння Дзмітрыя, тут збіраюцца вучні, іх бацькі і педагогі, каб аддаць даніну павагі герою нашага часу, які назаўсёды застаўся маладым у памяці тых, хто яго ведаў.

Пасля мітынгу ў школьным музеі баявой славы, дзе жыццю і подзвігу Дзмітрыя Гвішыані прысвечана цэнтральная экспазіцыя, праходзіць урок мужнасці, які нікога не пакідае абыякавым. Увесь час на яго ўдзельнікаў з вялікага партрэта глядзіць 20-гадовы хлопец у курсанцкіх пагонах з прыгожым, мужным тварам, строгім позіркам і вуснамі, гатовымі разысціся ў шырокай усмешцы.

На стэндах — шматлікія фота­здымкі з сямейнага, школьнага і армейскага альбомаў, на вітрынах — асабістыя рэчы, дакументы, школьныя сшыткі, дыпломы і нават дзіцячыя цацкі, перада­дзеныя музею бацькамі Дзмітрыя Гвішыані. Нягледзячы на паважаны ўзрост, яны часта прыходзяць ва ўстанову адукацыі, сустракаюцца з вучнямі і педагогамі.

— Дзмітрый з дзяцінства марыў звязаць жыццё з арміяй, — расказвае настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Людміла Ерашова, якая вучыла юнака з 8 класа. — Да гэтага абавязваў прыклад яго родных, у тым ліку ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Пасля тэрміновай службы ў тагачаснай 50-й асобнай механізаванай гвардзейскай Данецкай двойчы Чырванасцяжнай ордэнаў Суворава і Кутузава брыгадзе Дзмітрый паступіў на агульнавайсковы факультэт Ваеннай акадэміі Рэспуб­лікі Беларусь, скончыць якую яму не давялося.

28 жніўня 1999 года, развітаўшыся з бацькамі, ён разам з трыма аднакурснікамі вяртаўся з летніх канікул на цягніку ў Мінск. Поз­нім вечарам у лакаматыве, які ўжо мінуў станцыю ў Драгічыне, успыхнуў пажар. Цягнік, ахоплены полымем, выклікаў у пасажыраў паніку. Курсанты імгненна кінуліся на дапамогу, хаця знаходзіліся ажно ў 10-м вагоне: двое выво­дзілі з праваднікамі пасажыраў, а Дзмітрый з таварышам, захапіўшы вогнетушыцелі, пабеглі да цеплавоза, які не ўдалося адчапіць ад саставу.

Агонь здавацца не збіраўся і вось-вось мог перакінуцца на пасажырскія вагоны. Брыгада цягніка разам з курсантамі рабіла ўсё магчымае, каб гэтага на здарылася і каб пазбегнуць шматлікіх ахвяр. Але сутычка з агнём была няроўнай. Ад выбуху акумулятараў здэтанавалі паліўныя бакі. Кур­санты кінуліся прэч, але ўжо было позна: слуп полымя ўзняўся над лакаматывам і ператварыў Дзмітрыя ў жывы факел.

Таварышам удалося збіць агонь з цела сябра і адцягнуць яго ў бяспечнае месца. На спадарожнай машыне Дзмітрыя даставілі ў мясцовую бальніцу, а раніцай на ваенным верталёце адправілі ў сталічны ваенны шпіталь. Прагнозы ўрачоў не суцяшалі: глыбокія апёкі аказаліся несумяшчальнымі з жыццём. Але для выратавання мужнага хлопца рабілася ўсё магчымае. Курсанты Ваеннай акадэміі сталі донарамі крыві і рыхтаваліся стаць донарамі скуры. Але ўсе намаганні аказаліся марнымі: праз тры дні Дзмітрый памёр.

Указам Прэзідэнта Беларусі ад 9 лістапада 1999 года ён быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам “За асабістую мужнасць” з фармулёўкай “За выключную адвагу, праяўленую пры ратаванні лю­дзей у час пажару”. Загадам міністра абароны Дзмітрыя Гвішыані назаўсёды залічылі ў спісы агульнавайсковага факультэта Ваеннай акадэміі, а на яе алеі воінскай славы ўсталявалі бюст героя. Яго імем названы вуліца ў Мінску і алея ў Брэсце, а па ініцыятыве ветэранскіх арганізацый — і родная школа.

Імянны лакаматыў “Курсант Дзмітрый Гвішыані”, што курсіраваў па жалезных магістралях краіны, цяпер знаходзіцца ў Брэсцкім музеі чыгуначнай тэхнікі.

У памяць пра Дзмітрыя праводзяцца рэспубліканскія і міжнародныя турніры па рукапашным баі, якім ён захапляўся (у Ваеннай акадэміі, Маладзечне і Брэсце), а ў роднай школе — мемарыяльныя турніры па валейболе і футзале. Гэтыя спаборніцтвы, па выніках якіх лепшы баец атрымлівае кубак “За асабістую мужнасць”, заснаваны бацькамі Дзмітрыя Гвішыані, не толькі далучаюць моладзь да здаровага ладу жыцця і рыхтуюць да службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, але і нагадваюць пра герояў мінулага і сучаснасці.

— Дзмітрый быў надзвычай жыццелюбівым, дружалюбным, таварыскім і сумленным хлопцам з абвостраным пачуццём уласнай годнасці, які заўсёды з радасцю прыходзіў на дапамогу, бо лічыў гэта сваім мужчынскім абавязкам, — успамінае Людміла Ерашова. — Нездарма ён карыстаўся вялікай павагай не толькі сярод равеснікаў, але і сярод старэйшых падлеткаў.

— Мы выхоўвалі сына добрым і спагадлівым. Прыходзіць на дапамогу — у яго характары, — гаворыць тата Дзмітрыя Барыс Рыгоравіч.

Ён ганарыцца сынам, які быў адзіным дзіцем у сям’і, і ледзь стрымлівае слёзы ад успамінаў пра яго. Знаёмячы з музейнай экспазіцыяй, бацька падрабязна расказвае пра кожны сямейны фотаздымак і кожную сынаву рэч у ёй, нібы вяртаючыся на дзесяцігоддзі назад.

Барыс Рыгоравіч не вельмі любіць, калі Дзмітрыя называюць героем, бо лічыць яго ўчынак цалкам заканамерным для сапраўднага мужчыны, які ніколі не пакіне ў бядзе. Такім прыкладам ён застаецца і для сучаснікаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва школы