Гэта было нядаўна, гэта было даўно

- 11:37Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Не будзе перабольшаннем назваць Барыса Васільевіча ІВАНОВА асобай у развіцці прафесійна-тэхнічнай адукацыі нашай краіны. Шмат гадоў Барыс Васільевіч працаваў намеснікам міністра адукацыі і адказваў за прафесійна-тэхнічную адукацыю на самым высокім кіраўніцкім узроўні. І цяпер Барыс Васільевіч у курсе ўсіх спраў адукацыйнай галіны. Ён узначальвае рэспубліканскі вытворча-практычны і навукова-метадычны часопіс “Прафесійная адукацыя”.

— Барыс Васільевіч, раскажыце, калі ласка, аб найбольш істотных пераўтварэннях, якія адбыліся ў час вашай дзейнасці на пасадзе намесніка міністра адукацыі і якія мелі на мэце ўдасканаленне прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
— У першую чаргу трэба сказаць, што ўпершыню ў нашай краіне быў падрыхтаваны і ў 2003 годзе прыняты Закон “Аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі”, асноўныя нормы якога ўключаны ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, створаны ў 2011 годзе.
Адметнай падзеяй стала завяршэнне аднаго з этапаў распрацоўкі нацыянальнай сістэмы кваліфікацый і абнаўлення зместу прафесійна-тэхнічнай адукацыі з уключэннем вучэбных спецыяльнасцей і кваліфікацый у Агульнадзяржаўны класіфікатар “Спецыяльнасці і кваліфікацыі”, зацверджаны адукацыйныя стандарты і тыпавая вучэбна-праграмная дакументацыя па ўсіх спецыяльнасцях. Адметна, што ў гэты перыяд органы кіравання рэгіянальнай прафтэхадукацыяй, навучальныя ўстановы атрымалі істотную самастойнасць у арганізацыі падрыхтоўкі кадраў, якія былі патрэбны на месцах. З улікам патрэб рэгіянальных рынкаў працы былі ўнесены змены ў змест навучання, у пералік прафесій, у аб’ёмы падрыхтоўкі кадраў, што станоўча паўплывала на працаўладкаванне выпускнікоў прафтэхустаноў і на задавальненне запытаў рэгіянальных заказчыкаў кадраў.
Узмацнілася інавацыйная і практычная накіраванасць вучэбна- і навукова-метадычнага забеспячэння прафтэхадукацыі, якая каардынавалася Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі. Былі арганізаваны рэспубліканскія метадычныя аб’яднанні, а таксама аб’яднанні педагагічных работнікаў, у склад якіх увайшлі прадстаўнікі галін эканомікі і сацыяльнай сферы. Аўтарытэтнай грамадскай арганізацыяй лічыўся Рэспубліканскі савет дырэктараў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, меркаванні якога часта ўплывалі на развіццё не толькі канкрэтнай навучальнай установы, але і ў цэлым усёй сістэмы ПТА. Пачалася распрацоўка вучэбна-метадычных комплексаў, электронных сродкаў навучання. Арганізавана работа па падрыхтоўцы, экспертызе і выпуску нацыянальнай вучэбнай літаратуры.
Ужо ў тыя часы было відавочным, што на якасць прафесійнай падрыхтоўкі перш за ўсё ўплывае практычны складнік навучання. На заканадаўчай аснове ў вучэбных планах было прадугледжана, каб на практычнае навучанне было адведзена не менш за 40% ад агульнай колькасці гадзін. З гэтай мэтай статус базавых атрымаў шэраг арганізацый, з якімі навучальныя ўстановы заключылі дамоўленасці аб фарміраванні заказу на падрыхтоўку рабочых, і такім чынам актывізавалася работа па арганізацыі вытворчага навучання на базе прадпрыемстваў са стварэннем вучнёўскіх месцаў з аплатай працы. Сумесна з галінамі эканомікі распрацаваны і зацверджаны мінімальныя пералікі машын і абсталявання для арганізацыі вытворчага навучання па ўсіх спецыяльнасцях, што стала штуршком да ўвядзення ў структуру навучальных устаноў рэсурсных цэнтраў. Да 2011 года было створана 19 рэсурсных цэнтраў па 9 спецыяльнасцях.
З мэтай задавальнення патрэб моладзі ў прафесійнай адукацыі і ажыццяўлення сацыяльнай накіраванасці ПТА арганізавана навучанне па вячэрняй і завочнай форме, створаны рэальныя ўмовы для прафесійнага навучання падлеткаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Адметна тое, што для матэрыяльнай падтрымкі прафтэхустаноў, умацавання іх базы з боку галіновага міністэрства былі ініцыіраваны і падтрыманы на дзяржаўным узроўні механізмы прыцягнення інвестыцый у сістэму ПТА з рэспубліканскага і абласных фондаў падтрымкі вытворцаў, галіновых інавацыйных фондаў. Былі ўнесены змены ў падатковае заканадаўства, якія стымулявалі развіццё пазабюджэтнай дзейнасці навучальнымі ўстановамі і істотна павялічылі ў далейшым іх даходы. Прымянялася практыка набыцця дарагога абсталявання ў лізінг, пастаўка тэхнікі і абсталявання ў лік падатковых плацяжоў у бюджэт і інш. У той перыяд падрыхтоўкай рабочых кадраў зацікавіліся недзяржаўныя прадпрыемствы, у тым ліку з замежным капіталам, якія накіроўвалі сродкі на стварэнне вучэбнай базы навучальных устаноў, на адкрыццё падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў па новых спецыяльнасцях. Гаворачы пра вопыт узаемадзеяння з замежнымі калегамі, нельга абысці супрацоўніцтва айчыннай сістэмы адукацыі з міжнароднымі адукацыйнымі арганізацыямі, у першую чаргу з Еўрапейскім фондам адукацыі, з якім было наладжана цеснае супрацоўніцтва і якое істотна паўплывала на развіццё ПТА нашай краіны ў адпаведнасці з сусветнымі тэндэнцыямі. Згодна з аптымізацыяй сеткі прафтэхустаноў, у гэты перыяд практычна было завершана пераўтварэнне ПТВ у прафесійныя ліцэі і прафесійна-тэхнічныя каледжы. Была скарочана колькасць навучальных устаноў у асноўным за кошт іх узбуйнення.
Трэба сказаць, што ў цэлым тыя крокі, якія былі зроблены ў той час па стабілізацыі і развіцці сістэмы ПТА, дазволілі адкрыць навучальным установам новыя гарызонты і выйсці на больш высокі ўзровень.

Пра Таццяну Аркадзьеўну ЯСТРАБ можна з упэўненасцю сказаць, што ў сістэме прафесійнай адукацыі яна ўсіх ведае і яе ўсе ведаюць. Яна прайшла доўгі, насычаны працоўны шлях ад навучэнкі прафтэхвучылішча да дырэктара каледжа. Пэўны час яна ўзначальвала аддзел прафесійна-тэхнічнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. Таццяна Аркадзьеўна падзялілася сваімі ўспамінамі пра тое, як гэта было, якія кірункі прафесійнай адукацыі развіваліся ў той час.

— Сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі і непасрэдна яе матэрыяльная база патрабавалі ў той час тэрміновай мадэрнізацыі, паколькі станочное абсталяванне маральна састарэла, навучанне праходзіла па савецкіх методыках з выкарыстаннем вучэбна-праграмнай дакументацыі і спецыяльнай літаратуры ў асноўным расійскіх аўтараў. Патрабавалася распрацоўка і выданне нацыянальнай вучэбнай літаратуры па масавых спецыяльнасцях прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Штогадовай праблемай было камплектаванне груп па прафесіях машынабудаўнічага і будаўнічага профілю, складана было працаўладкаваць выпускнікоў пасля заканчэння навучання ў адпаведнасці з атрыманай кваліфікацыяй, бо прадпрыемствы таксама мелі цяжкасці і была, неабходна мадэрнізацыя вытворчасці.
Кожная ўстанова адукацыі шукала свой шлях “выжывання”. У будаўнічых і машынабудаўнічых установах адкрывалі падрыхтоўку швачак, вышывальшчыц, кветкаводаў, азеляніцеляў, каб такім чынам узняць імідж прафесійнай адукацыі і хаця б прыгожымі назвамі прафесій прыцягнуць на вучобу моладзь. А пасля заканчэння навучання масава выдаваліся даведкі аб свабодным працаўладкаванні ў сувязі з незапатрабаванасцю гэтых прафесій. Назіралася ўсё большая схільнасць моладзі да прафесій, звязаных з камп’ютарнымі тэхналогіямі, стала модным быць праграмістам, юрыстам, эканамістам і ні ў якім разе не рабочым на будоўлі або заводзе. І гэта ў той час, калі прадпрыемствы і арганізацыі сацыяльна-эканамічнага комплексу сталіцы мелі значную патрэбу ў кваліфікаваных рабочых кадрах, а ўстановы — у заказе на іх падрыхтоўку. Таму трэба было тэрмінова прымаць кіраўніцкія рашэнні для выхаду з няпростай сітуацыі і ўстанавіць баланс у адносінах паміж заказчыкамі кадраў і навучальнымі ўстановамі. Зыходным пунктам у гэтым працэсе стала прыняцце рашэння Мінгарвыканкама аб замацаванні за навучальнымі ўстановамі арганізацый — заказчыкаў кадраў і наданне ім статусу базавых. Штогод арганізацыі вызначалі патрэбу ў кваліфікаваных рабочых кадрах, заключалі доўгатэрміновыя дагаворы аб супрацоўніцтве і на падрыхтоўку кадраў з установамі адукацыі. Быў перагледжаны рэгіянальны пералік прафесій, па якіх вялася падрыхтоўка, і выпрацаваны прапановы па адкрыцці новых перспектыўных прафесій з улікам прапаноў работадаўцаў, эканомікі горада, службы занятасці.
Была распрацавана Праграма развіцця прафесійна-тэхнічнай адукацыі Мінска ў рамках рэспубліканскай праграмы. Згодна з ёй вучылішчы і рэгіянальныя цэнтры прафесійнай адукацыі былі пераўтвораны ў прафесійныя ліцэі і каледжы. Па рашэнні Мінгарвыканкама для арганізацый быў прапісаны шэраг задач, якія і да гэтай пары застаюцца актуальнымі. Так, у прыватнасці, была пастаўлена задача аказваць дапамогу ў мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай базы; рабіць заяўкі на мэтавую падрыхтоўку рабочых кадраў; арганізоўваць вытворчае навучанне і практыку навучэнцаў на аплатных рабочых месцах у адпаведнасці з кваліфікацыйнымі патрабаваннямі; выдаткоўваць фінансавыя сродкі на матэрыяльнае стымуляванне навучэнцаў і педагогаў, ствараць умовы майстрам вытворчага навучання і выкладчыкам для праходжання стажыровак у мэтах вывучэння новых вытворчых тэхналогій; прадугледжваць распаўсюджванне льгот, якія існуюць у арганізацыі, для работнікаў базавай установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
Гэтае рашэнне Мінгарвыканкама, па сутнасці, стала планам мерапрыемстваў, накіраваных на ўзаемадзеянне ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў і на развіццё сістэмы ПТА горада ў цэлым. Прынятыя меры па развіцці гарадской сістэмы ПТА сталі своеасаблівым прыкладам для іншых рэгіёнаў краіны.
Наступным этапам удасканалення сістэмы ПТА горада сталі мэтавыя праграмы “Абсталяванне”, “Камп’ютарызацыя”, “Харчаблокі”, “Спартыўныя залы і пляцоўкі” ў рамках рэалізацыі Рэспубліканскай праграмы развіцця сістэмы ПТА. На рэалізацыю мэтавых праграм фінансавыя асігнаванні накіроўваліся з гарадскога бюджэту. У выніку ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі горада сталі больш-менш адпавядаць сучасным патрабаванням і тым самым ствараць умовы для якаснай падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў.
Складаным пытаннем для станаўлення сталічнай прафтэхшколы стала правядзенне аптымізацыі малакамплектных устаноў прафтэхадукацыі, дзе вялася падрыхтоўка па не запатрабаваных на рынку працы прафесіях, шляхам зліцця з роднаснымі ўстановамі ПТА. Тым не менш быў знойдзены аптымальны шлях для захавання кантынгенту навучэнцаў, майстроў вытворчага навучання і выкладчыкаў спецыяльных дысцыплін на адпаведных пасадах. Гэтаму паспрыяла праграма “Кадры”, у якой былі ўлічаны ўсе катэгорыі педагагічных работнікаў для павышэння прафесійнага ўзроўню ва ўмовах вытворчасці.
Немалаважным крокам у развіцці сталічнай сістэмы прафесійнай адукацыі, зробленым у мэтах заахвочвання педагагічных работнікаў, стала рашэнне Мінскага гарвыканкама аб штомесячнай выплаце дадатковай сумы да заробку педагагічным работнікам на працягу навучальнага года, увядзенне гранта за дасягненні ў педагагічнай дзейнасці, рэканструкцыя інтэрната каледжа сферы абслугоўвання ў маласямейны дом для педагагічных работнікаў, будаўніцтва жылога дома для педагагічных работнікаў. Напэўна, ўсе захады, якія былі зроблены ў той перыяд, станоўча паўплывалі на тое, каб сёння сталічная адукацыя развівалася дынамічна.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.