Гімн працы і прафесіяналізму

- 12:09World Skills

ўпершыню прагучыць на IV Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2020

Пра асаблівасці сёлетняга чэмпіянату нашым чытачам расказала Наталля Міхайлаўна Шаўчэнка-Саўлакова, начальнік цэнтра міжнароднага супрацоўніцтва Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі. У жніўні мінулага года Рэспубліканскім арганізацыйным камітэтам WorldSklls International было прынята рашэнне аб правядзенні чарговага Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus. Ён стане ўжо чацвёртым па ліку і будзе праведзены ў перыяд з 19 па 22 мая гэтага года. Традыцыйна пляцоўкай для правядзення чэмпіянату паслужаць Мінскі футбольны манеж і Falcon Club. Цырымонія адкрыцця і закрыцця рэспубліканскага конкурсу пройдзе ў “Чыжоўка-Арэне”.

Колькасць кампетэнцый даходзіць да 50

Чэмпіянат імкліва набірае абароты і ўжо хутка наўрад ці ўмесціцца на пляцоўцы Футбольнага манежа. У гэтым сезоне будзе дабаўлена яшчэ 10 прафесійных кампетэнцый, і іх агульная колькасць складзе 47. Толькі ў фінале рэспубліканскага спаборніцтва плануецца ўдзел каля 330 удзельнікаў асноўнага конкурсу, 100 чалавек юніёраў і шэрага іншых удзельнікаў, якія будуць выступаць у Future Skills і Inclusive Skills.

Як вядома, конкурс не абмяжоўваецца толькі рэспубліканскім узроўнем, гэта ўжо фінішная прамая для канкурсантаў. Папярэдне трэба прайсці адборачныя спаборніцтвы, якія спачатку праводзяцца ў саміх установах прафесійнай адукацыі, а потым выходзяць на абласны ўзровень. І ўжо апошнім этапам з’яўляецца нацыянальны чэмпіянат прафесійнага майстэрства. Адметнасць сёлетняга конкурсу ў тым, што, мяркуючы па новых кампетэнцыях і істотным павелічэнні агульнай колькасці прафесійных кампетэнцый, прадстаўленых на рэспубліканскім конкурсе, узрасла актыўнасць навучальных устаноў прафесійнай адукацыі. Рухам WorldSkills захапілася большасць навучальных устаноў, як сталічных, так і рэгіянальных. Акрамя таго, значна ўзрос інтарэс да гэтых спаборніцтваў з боку ўстаноў вышэйшай адукацыі, арганізацый і прадпрыемстваў. На пляцоўцы нацыянальнага чэмпіянату сёлета выступяць не толькі навучэнцы прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, але і рабочыя, і маладыя спецыялісты.

Як і ў папярэднія гады, прафесійныя кампетэнцыі згрупаваны ў 6 кірункаў. Гэта будаўніцтва і будаўнічыя тэхналогіі, інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі, творчыя прафесіі і мода, вытворчасць і інжынерныя тэхналогіі, сацыяльныя і персанальныя паслугі, транспарт і лагістыка.

Future Skills выходзіць на арэну

Мэта гэтага кірунку — апераджальная падрыхтоўка кадраў для высокатэхналагічнай вытворчасці і лічбавай эканомікі. Наша каманда ўжо мае вопыт удзелу ў такіх спаборніцтвах. Беларускія канкурсанты даволі ўдала выступалі на міжнародным чэмпіянаце ў Казані ў 2019 годзе. “Серабро” ў прафесійнай кампетэнцыі “Тэхналогіі інфармацыйнага мадэлявання будынкаў (BIM)” заваявалі маладыя спецыялісты прадпрыемстваў ААТ “Гипроживмаш” Марына Жукава і “Гомельдорпроект” Вольга Петравец. Бронзавую ўзнагароду атрымаў студэнт філіяла БНТУ “Мінскі дзяржаўны політэхнічны каледж” Дзмітрый Дорах, які спаборнічаў у кампетэнцыі “Тэхналогіі прамысловага дызайну”.

На сёлетнім чэмпіянаце ў рамках Future Skills будзе прадстаўлена кампетэнцыя “Тэхналогіі інфармацыйнага мадэлявання будынкаў (BIM)”. Удзел у кампетэнцыі прымуць каманды, сфарміраваныя на базе прадпрыемстваў, якія, дарэчы, самі праявілі ініцыятыву паўдзельнічаць у спаборніцтвах такога ўзроўню. А кампетэнцыя “Тэхналогіі прамысловага дызайну” будзе дзейнічаць на рэспубліканскім конкурсе ў дэманстрацыйным рэжыме. Прадстаўленне кампетэнцый Future Skills мае мэтанакіраваны характар, бо гэтыя кампетэнцыі могуць быць у лінейцы кампетэнцый міжнародных чэмпіянатаў.

Упрыгожыць конкурс — ювелірная справа

У дэманстрацыйным рэжыме на асноўным чэмпіянаце будуць прадстаўлены новыя кампетэнцыі: “Распрацоўка мабільных дадаткаў”, “Полімеханіка і аўтаматызацыя”, “Ювелірная справа”. Што тычыцца першай кампетэнцыі, то ў ёй актыўны ўдзел прымаюць студэнты і педагогі БДУІР. Полімеханіку і аўтаматызацыю будзе прадстаўляць філіял РІПА “Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе”, дзе на базе рэсурснага цэнтра гэтыя працэсы будуць прадэманстраваны ў рэжыме вытворчасці. Гэта дазволіць паказаць, як развіваецца сёння гэтая галіна і як яна будзе развівацца ў перспектыве. Ювелірная справа стане своеасаблівым упрыгажэннем чэмпіянату. Удзельнікі міжнародных спаборніцтваў добра памятаюць гэтую кампетэнцыю, вакол удзельнікаў якой заўсёды стаяў натоўп гледачоў. Гэтым разам і на нашым чэмпіянаце будзе прадэманстравана майстэрства будучых ювеліраў як прыклад творчасці, фантазіі і прафесіяналізму нашых навучэнцаў. У кампетэнцыі “Акватроніка” наш канкурсант выступіў на чэмпіянаце ў Казані, а сёлета яна ўпершыню ўвайшла ў лік кампетэнцый нацыянальнага чэмпіянату.

У гэтым годзе на рэспубліканскім конкурсе будзе пашырана секцыя Inclusive Skills для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Калі ў сезоне 2018 года ўдзельнічалі канкурсанты з парушэннямі слыху, то цяпер удзельнікамі чэмпіянату стануць навучэнцы з парушэннямі слыху, зроку і апорна-рухальнага апарату. Для іх будзе пашыраны пералік прафесійных кампетэнцый. На мінулым конкурсе для ўдзельнікаў былі прадстаўлены дзве кампетэнцыі — “Тэхналогія моды” і “Вэб-дызайн і распрацоўка”, а ў гэтым годзе гэты пералік будзе дапоўнены яшчэ дзвюма — “Графічны дызайн” і “Сістэмнае адміністраванне”.

У межах конкурсу будуць праходзіць спаборніцтвы JuniorSkills, удзельнікі якіх будуць размеркаваны па некалькіх узроставых катэгорыях. Колькасць кампетэнцый у гэтым кірунку ўзрасла амаль удвая і налічвае 9 кампетэнцый.

Пячы хлеб будуць у прамым эфіры

На чэмпіянаце будзе абсталявана 47 пляцовак. 3 прафесійныя кампетэнцыі будуць праводзіцца ў фармаце анлайн: “Хлебапячэнне” і “Кузаўны рамонт” у такім фармаце праходзілі і на папярэдніх чэмпіянатах, а вось “Фларыстыка” — упершыню. Усе тры кампетэнцыі будуць ладзіцца на пляцоўках Мінска, што дазволіць наведаць іх найбольшай колькасці жадаючых. Удзельнікі кампетэнцыі “Хлебапячэнне” будуц­ь спаборнічаць на адным з прадпрыемст­ваў харчовай прамысловасці ў рэжыме вытворчасці. Кузаўны рамонт будзе праходзіць у Мінскім аўтамеханічным каледжы імя акадэміка М.С.Высоцкага, філіяле РІПА. Фларысты будуц­ь дэманстраваць сваё майстэрства на базе Мінскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

Асаблівасцю сёлетняга конкурсу стане запрашэнне да ўдзелу ў ім замежных каманд, якія будуць спаборнічаць у фармаце адкрытага чэмпіянату краін-партнёраў. Для іх будзе асобны медальны залік. Ужо за­прошаны каманды Расійскай Федэрацыі, Казахстана, Украіны, Узбекістана. Плануецца ў­дзел Кітая, Латвіі і іншых краін.

Трэба сказаць, што пры арганізацыі чарговага чэмпіянату адным з прыярытэтаў з’яўляецца далучэнне да ўдзелу ў ім усё новых і новых прадпрыемстваў і арганізацый для аказання імі дапамогі ў аснашчэнні пляцовак і распрацоўцы конкурсных заданняў.

Хто ён — нацыянальны эксперт?

У падрыхтоўцы спаборніцтва актыўна задзейнічаны нацыянальныя эксперты WorldSkills, якія сустракаюцца з удзельнікамі чэмпіянату на ўсіх адборачных этапах, дзеляцца сваім вопытам, расказваюць пра змест конкурсных заданняў, пра асаблівасці іх ацэнь­вання, праводзяць майстар-класы, семінары, удзельнічаюць у розных мера­прыемствах і спаборніцтвах. Так,  у Мінскім прафесійна-тэхнічным каледжы мантажных і пад’ёмна-транспартных работ прайшоў энергетычны форум. У ім удзельнічалі ўстановы прафесійнай адукацыі, якія спрабу­юць свае сілы ў кампетэнцыі “Электрамантажныя работы”, а таксама расійскія ўдзельнікі. Такі міні-чэмпіянат стаў своеасаблівай творчай пляцоўкай для навучання будучых электра­мантажнікаў і стажыроўкі педагогаў. Па кампетэнцыі “Электроніка” разам з нашым надзейным партнёрам — прад­прыемствам “Інтэграл” — была праведзена цэлая серыя вучэбных майстар-класаў на вытворчай базе завода для 35 удзельнікаў з рэгіёнаў краіны. У вучэбным цэнтры “Інтэграла”для выкладчыкаў устаноў прафесійнай адукацыі была распрацавана спецыяльная праграма навучання па прадмеце “Электроніка”. Трэба сказаць, што ў падрыхтоўцы новага чэмпіянату ў нашай краіне, як увогуле ў развіцці руху WorldSkills, актыўна ўдзельнічаюць канкурсанты мінулых чэмпіянатаў. Іх прафесійная кар’ера паспяхова развіваецца. Яны выступаюць у ролі экс­пертаў на спаборніцтвах, выязджаюць на міжнародныя конкурсы, рыхтуюць юную змену, працуючы майстрамі вытворчага навучання і выкладчыкамі.

Трэба заўважыць, што рух WorldSkills істотна ўплывае на дзейнасць саміх навучальных устаноў прафесійнай адукацыі. Гэта тычыцца як абнаўлення зместу падрыхтоўкі кадраў з улікам міжнародных стандартаў, так і сучаснага аснашчэння матэрыяльна-тэхнічнай базы, прычым цэнтралізавана, што прадугледжвае праграма аснашчэння рэсурсных цэнтраў. Рыхтуючыся да чэмпіянату WorldSkills, установы ў многім самі праяўляюць ініцыятыву, фарміруюць тулбоксы, абнаўляюць вучэбнае абсталяванне, матэрыялы і такім чынам ствараюць усе ўмовы для сваіх навучэнцаў у падрыхтоўцы да чэмпіянатаў WorldSkills і засваенні праграм прафесійнай адукацыі.

Інтэграл, МТЗ, Belgee…

Рух WorldSkills спрыяе развіццю сацыяльнага партнёрства. Усе сацыяльныя партнёры ўваходзяць у склад Рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта WorldSklls International. У мінулым сезоне рух падтрымалі больш за 100 арганізацый і прадпрыемстваў, а ў гэтым го­дзе — яшчэ больш. Так, нашы партнёры — Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва і Міністэрства транспарту — аказваюць дапамогу па сваіх галінах. Падключылася да руху і Міністэрства сельскай гаспадаркі і ініцыіра­вала адкрыццё новай кампетэнцыі — “Агранамія”. Міністэрства прамысловасці, наш даўні партнёр, прадстаўлена прадпрыемствамі-гігантамі МТЗ і Belgee. Канцэрн “Беллегпрам” дапамагае ў дызайне адзення. У аснашчэнні пляцовак рэстараннага сэрвісу актыўна дапамагае Канцэрн харчовай прамысловасці. Канцэрн “Беллеспаперапрам” выступае партнёрам у аснашчэнні пляцовак па прафесійных кампетэнцыях дрэва­апрацоўкі. У аргкамітэце чэмпіянату заяўлены таксама Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і БРСМ, якія далучаны да заахвочвання і падтрымкі руху WorldSkills, які, па сутнасці, з’яўляецца маладзёжным рухам.

Безумоўна, галоўная мэта правядзення такіх чэмпіянатаў — павышэнне прафесійнага майстэрства нашай моладзі, стварэнне станоўчага іміджу прафесійнай адукацыі ў нашай краіне. Гэта вялікае свята і значная падзея для Беларусі. Таму будзе працягнута традыцыя наведвання пляцовак нацыянальнага чэмпіянату школьнікамі ўсіх узростаў, сталічнымі жыхарамі і гасцямі з рэгіёнаў. Па маршрутах конкурсу іх будуць суправаджаць валанцёры, якія не толькі пакажуць выступленні ўдзельнікаў у розных кампетэнцыях, але і раскажуць пра прафесіі, пра іх значэнне у развіцці нашай эканомікі і краіны ў цэлым. Такім чынам, чэмпіянат стане месцам прафарыентацыі тых, хто яшчэ не вызначыўся з прафесіяй.

Старт у будучыню

Пад эгідай WorldSkills паралельна з чэмпіянатам будзе праходзіць дзелавая праграма, якая будзе ўключаць канферэнцыі, семінары з удзелам прадстаўнікоў органаў кіравання ўсіх узроўняў, устаноў адукацыі, прадпрыемстваў і арганізацый. Гутарка будзе прысвечана перспектывам развіцця прафесійнай адукацыі, значэнню і развіццю сеткі рэсурсных цэнтраў, іх аснашчэнню і мадэрнізацыі для інавацыйных вытворчасцей, пытанням зместу і якасці прафесійнай адукацыі. У гасцей будзе магчымасць наведвання рэсурсных цэнтраў сталіцы і рэгіёнаў. Плануецца прыезд выканаўчага дырэктара WorldSkills International Дэвіда Хоўі.

Самі цырымоніі адкрыцця і закрыцця чэмпіянату стануць незабыўным падарункам для нашай моладзі. Упершыню прагу­чыць гімн WorldSkills Belarus — гімн прафесіяналізму. Работа над ім вялася на працягу некалькіх гадоў у рамках маладзёжнага праекта “WorldSkills — старт у будучыню!”, які праводзіцца ў мэтах папулярызацыі руху WorldSkills International у Рэспубліцы Беларусь, пазіцыянавання і прасоўвання сучасных рабочых прафесій у маладзёжным асяроддзі. Адным з мерапрыемстваў гэтага праекта стаў конкурс гімнаў. Ужо выбраны лепшы, які стаў творчым прадуктам навучэнцаў і педагогаў некалькіх устаноў прафесійнай адукацыі. Яго аўтары будуць прадстаўлены на цырымоніі адкрыцця чэмпіянату.

Люты быў цалкам прысвечаны адборачным спаборніцтвам па ўсіх кампетэнцыях. Кожнаму рэгіёну ўласцівы свае формы работы па развіцці руху WorldSkills і падрыхтоўцы да нацыянальнага чэмпіянату. Брэсцкая вобласць выкарыстала такую форму, як фестываль прафесійных кампетэнцый, дзе былі вызначаны лепшыя канкурсанты для ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе. Пераможцы нацыянальнага чэмпіянату гэтага года ў складзе беларускай зборнай выступяць на Міжнародным чэмпіянаце WorldSkills — 2021, які пройдзе ў кітайскім горадзе Шанхай.

Ала КЛЮЙКО.