Гімназісты Пінска сумясцілі сучасныя тэхналогіі з вывучэннем роднага горада праз аўтарскі мабільны дадатак

- 10:20Образование

У час глабалізацыі і мультыкультуралізму абвастраецца патрэба ў вывучэнні культуры свайго народа, гісторыі і сучаснасці малой радзімы. Гэта выдатна разумеюць педагогі гімназіі № 2 Пінска, якія вучаць дзяцей уважліва прыглядацца да людзей вакол сябе і падарожнічаць па родным горадзе. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Фота з архіва гімназіі

— У кожнага населенага пункта непаўторны твар, жыццёвы лёс і свае здабыткі, — упэўнена настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Саўчук. — Адны гарады славяцца старажытным мінулым і выключнай роляй у важных гістарычных падзеях, другія — архітэктурнымі помнікамі і прыгажосцю сучасных збудаванняў, трэція — эканамічнымі дасягненнямі… Пінск, размешчаны на поўдні Беларусі, спалучае гераічнае мінулае і маладосць, багатае духоўнае жыццё і адметнае архітэктурнае аблічча. Гэта горад-рынак, горад-перакрыжаванне, горад цішыні і шчырасці.

Па словах педагога, з Пiнскам звязана шмат цікавых гісторый, якія, на жаль, многiя людзі мала ведаюць. Сацыяльныя сеткі, YouTube і мабільныя дадаткі могуць паспяхова выправіць гэта.

Выхаванцы Вольгі Саўчук сумясцілі сучасныя тэхналогіі з вывучэннем роднага горада праз аўтарскі мабільны дадатак “Шпацырка”.

— Наша распрацоўка актуальная і мэтазгодная, бо стваралася для папулярызацыі гістарычнай спадчыны старажытнага Пінска, — расказвае Вольга Віктараўна. — Дзякуючы мабільнаму дадатку, яго карыстальнікі могуць не толькі азнаёміцца з самай прыгожай гарадской вулiцай, але і адна­часова паўтарыць некаторыя правілы беларускай мовы.

Распрацаваны маршрут “Шпацыр па газе” (газа на мясцовым дыялекце — галоўная вуліца) уключае 12 найбольш цікавых, каларытных і папулярных аб’ектаў анлайн-экскурсіі па вуліцы Леніна: пінскі Арбат, помнік пінчуку, дом Шміта, дом Калодных, катэдж на Набярэжнай, кафэ “Хвілінка”, манастыр францысканцаў, Палескі драматычны тэатр, рэстаран Грыгаровіча, былая пінская мужчынская гімназія, дом Орды і палац Бутрымовічаў.

— У дадатку размешчана тэарэтычная і фотаілюстрацыйная інфармацыя пра адпаведныя аб’екты, — працягвае Вольга Саўчук. — Акрамя таго, прапануецца выканаць заданні на правапіс о, э, а, е, ё, я, у, ў, д, дз, т, ц, падоўжаных зычных і прыстаўных літар, успомніць разрады назоўнікаў і прыметнікаў, лексічнае значэнне назоўнікаў, спосабы ўтварэння слоў, пастаноўку працяжніка, граматычныя катэгорыі дзеяслова, стылі і тыпы маўлення, самастойныя і службовыя часціны мовы, род назоўнікаў, ступені параўнання прыметнікаў, правапіс суфіксаў дзеепрыметнікаў і віды складаных сказаў. Пры знаёмстве з Палескім драматычным тэатрам выкарыстоўваецца невялікі тэст па камедыі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта”, якая з’яўляецца яго візітоўкай. Такім чынам, мабільны дадатак сумяшчае пазнавальную і адукацыйна-асветніцкую функцыю. Гэта адна з крыніц знаёмства з Пінскам, яго мінулым і сучаснасцю, умовамі жыцця і дзейнасці пінчан у розны гістарычны час, помнікамі дой­лідства, што вызначаюць архітэктурнае аблічча горада, а таксама папулярызацыі роднай мовы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ