Унікальны выпадак — установа агульнай сярэдняй адукацыі ў будынку старадаўняй ратушы. Чым яшчэ адметна Шклоўшчына, даведаемся падчас падарожжа з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты”.
Апраўданае суседства
Для нашай краіны выпадак, сапраўды, унікальны. Толькі ў Шклове ў будынку XVIII стагоддзя, дзе калісьці размяшчаўся гарадскі магістрат, сёння знаходзіцца гімназія. У астатніх нешматлікіх ратушах, якія дайшлі да нас з мінулых часоў, — установы культуры. У Шклове такое незвычайнае суседства цалкам апраўдана. Справа ў тым, што больш за 200 гадоў назад недалёка ад ратушы стаяў будынак Шклоўскага высакароднага вучылішча, вядомага пазней як кадэцкі корпус. Заняткі для будучых афіцэраў праводзіліся і ў ратушы, дзе былі абсталяваны спецыяльныя памяшканні.
Асаблівая атмасфера
Шчыра кажучы, быў здзіўлены, калі даведаўся, што большая частка будынка гімназіі была ўзведзена ў 1999 годзе. Масіўныя сцены, арыгінальная форма аконных праёмаў ствараюць уражанне, што ты апынуўся ў XVIII стагоддзі. Экстэр’ер таксама адметны. Драўляныя аканіцы, незвычайная форма даху, велічная вежа і шпіль з флюгерам — такой архітэктурнай прыгажосцю можна любавацца бясконца. Асаблівая атмасфера пануе ва ўнутраным дворыку гімназіі — утульнасць, спакой, цішыня выдатна настройваюць на вучэбны лад.
Калі сёння глядзіш на архітэктурную візітоўку Шклова, складана паверыць, што падчас Вялікай Айчыннай вайны яна была моцна пашкоджана і доўгі час стаяла ў непрывабным выглядзе.
У 1990-я гады было прынята рашэнне аб аднаўленні ратушы адначасова з будаўніцтвам новай установы адукацыі. Работы пачаліся ў 1998 годзе, а ўжо ў лістападзе наступнага года прагучаў першы званок.
— Незвычайнае размяшчэнне ўстановы адукацыі, безумоўна, уплывае на арганізацыю адукацыйнага працэсу. Яго неад’емнай часткай з’яўляецца гістарычны аспект. На вучэбных занятках, у шосты школьны дзень вучні знаёмяцца з гісторыяй ратушы, напрыклад, падчас квеста “Па вулачках Шклова”, які распрацавала Таццяна Юр’еўна Васілеўская. Дзеці ганарацца тым, што вучацца ў такім адметным, утульным будынку, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Марына Вадзімаўна Селіфонтава.
Ганарацца і настаўнікі, што працуюць у асаблівым месцы. Разам з вучнямі яны даследуюць гісторыю ратушы, папулярызуюць веды пра гэты помнік архітэктуры. Так, настаўніца рускай мовы і літаратуры Інеса Валянцінаўна Чаркасава разам з дачкой Васілінай, вучаніцай 10 класа, і мужам Дзмітрыем Яўгенавічам прысвяцілі ратушы некалькі відэаработ. У мінулым годзе на рэспубліканскай выставе-конкурсе дзіцячай творчасці “АрхНавацыя” адзін з ролікаў заняў ганаровае 3-е месца. У рамках акцыі “Мая зямля Прыдняпроўе” была прадстаўлена яшчэ адна відэаработа “Аповед пра гарадскую ратушу”. Калі першы ролік (у ім выкарыстаны ўнікальныя матэрыялы пра аднаўленне ратушы, прадастаўленыя архітэктарам Георгіем Мікалаевічам Сіваевым) адрасаваны старэйшым навучэнцам, краязнаўцам, гісторыкам, то ў “Аповедзе” ў гумарыстычнай форме праз малюнкі вучням пачатковых класаў расказваецца аб прызначэнні ратушы і асноўных перыядах яе гісторыі.
— Нашы відэаролікі змешчаны на YouTube-канале школы. Іх можна выкарыстоўваць на факультатыўных занятках, класных, інфармацыйных гадзінах. Наогул, тэма ратушы актыўна разглядаецца на ўроках. Напрыклад, сёння мы праходзілі тэму “Даданыя азначальныя сказы”, і я прапанавала вучням прадоўжыць, змяніць, структураваць сказы пра нашу гімназію і пра месца былых гандлёвых радоў, дзе пабудавана гімназія, — паведаміла Інеса Валянцінаўна.
Таямнічая гісторыя
— Шклоў — адзін з самых прыгожых невялікіх гарадоў Беларусі, а ратуша, у якой мы з вамі знаходзімся, — гэта візітоўка горада, — так лірычна пачала свой аповед кіраўнік музея гімназіі настаўніца пачатковых класаў Святлана Уладзіміраўна Алейнікава.
Па яе словах, ратуша ў Шклове была пабудавана ў 1770-х гадах, пасля таго як горад, які пацярпеў у часы Паўночнай вайны і ад пазнейшага пажару, быў перанесены князем Аўгустам Чартарыйскім на новае месца. Будынак ратушы ўпрыгожваў новую плошчу, быў двухпавярховым і завяршаўся высокай васьміграннай вежай са шпілем. Побач з ратушай знаходзіліся гандлёвыя рады, паштовы дом, царква, манастыр, школа, іншыя будынкі.
— Існуе легенда пра два падземныя хады, якія пачынаюцца ў падвалах ратушы. Адзін быццам вядзе да старога кірмашу, а другі выходзіць да Дняпра. Прычым першы падземны ход настолькі шырокі, што па ім мог спакойна праехаць воз з канём. Па гэтым падземным шляху купцы таемна дастаўлялі ў ратушу тавар, дзе ён захоўваўся ў спецыяльных памяшканнях з ільдом. У адным з гэтых хадоў Аўгуст Чартарыйскі быццам закапаў свой скарб. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай вяльможа не хацеў прысягаць на вернасць Кацярыне II і спрабаваў вывезці ўсё каштоўнае за межы горада. Ахоўваць частку скарбу даручыў свайму слугу Якубу. Гавораць, што з таго часу па начах на вежы ратушы можна ўбачыць цень слугі са свечкай у руцэ. Прывід нібыта ахоўвае скарб і чакае вяртання гаспадара. Яшчэ адна легенда расказвае пра тое, што ўначы можна пачуць меладычнае гучанне таямнічага званочка. Гэта дварэцкі Сямёна Гаўрылавіча Зорыча склікае кадэтаў на заняткі, — паведаміла Святлана Уладзіміраўна.
Помнікі архітэктуры, якія варта ўбачыць падчас падарожжа на Шклоўшчыну:
гарадская ратуша;
шклоўская Спаса-Праабражэнская царква;
касцёл Святых Пятра і Паўла;
адміністрацыйны будынак папяровай фабрыкі “Спартак”;
драўляная Свята-Пакроўская царква ў вёсцы Вялікія Лазіцы;
мураваны Свята-Георгіеўскі храм у Старым Высокім;
капліца ў Стараселлі.
Што з гэтых легенд праўда, а што выдумка, сказаць складана. Падземныя хады, сапраўды, існавалі, бо пры будаўніцтве гімназіі яны былі замураваны, каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў сярод дзяцей. Што тычыцца прывіда Якуба, слугі князя Чартарыйскага, то тут таксама меркаванні неадназначныя. Мне як госцю гэта здалося няпраўдай, аднак Інеса Валянцінаўна запэўніла, што ў будынку ратушы неаднаразова бачылі фантомы.
— Калі па Нясвіжскім замку блукае прывід Чорнай панны, то чаму ў Шклоўскай ратушы не можа быць прывіда слугі князя? — адзначыла настаўніца.
З гэтай думкай складана не пагадзіцца. Прыгожыя легенды робяць гісторыю Шклова яшчэ больш таямнічай і прывабнай для турыстаў.
Сакрэты будаўніцтва
Педагогі не толькі вывучылі гісторыю ратушы, архіўныя дакументы розных эпох, але і даследавалі асаблівасці ўзвядзення падобных будынкаў у мінулыя часы.
Гэта цяпер рынак будаўнічых матэрыялаў вялікі і разнастайны. Па сучасных тэхналогіях узвесці дом можна літаральна за месяц. А ў канцы XVIII стагоддзя тэхналогіі і матэрыялы былі зусім іншымі. Напрыклад, не існавала маналітных пліт перакрыцця, таму выкарыстоўвалі спосаб муравання з раскліноўваннем цэглы. Цагліны клаліся такім чынам, што пры высыханні яны не выпадалі са столі. Для ўзмацнення сцяны бралі дубовыя бэлькі. А вось для ўзмацнення цэглы ў яе дабаўлялі яечны жаўток. Гэта, дарэчы, сыграла і адмоўную ролю. Калі пасля Вялікай Айчыннай вайны будынак стаяў закінутым, птушкі выдзёўбвалі з цаглін рэшткі арганікі, тым самым яшчэ больш разбураючы будынак.
— Нас цікавіла, чаму сцены ратушы такія масіўныя. Першапачаткова думалі, што прычына ў абарончым прызначэнні. Аднак усё аказалася прасцейшым: тоўстыя сцены дазвалялі захоўваць зімой цяпло, а летам у спёку тут і цяпер прыемная прахалода. Што тычыцца калідораў, то яны невыпадкова маюць арачную форму столі. У такіх памяшканнях лепшая акустыка, — паведаміла Святлана Уладзіміраўна.
Сімвал горада
Добрая акустыка ў будынку ратушы выдатна адчувалася падчас экскурсіі, якую педагог праводзіла па гісторыка-краязнаўчым музеі. Заснаваў музей у 2003 годзе настаўнік гісторыі Валерый Уладзіміравіч Губін. Практычна ўсе прадметы экспазіцыі сабраны намаганнямі педагога. Дапамогу аказвалі калегі, вучні, іх бацькі. Прычым збор экспанатаў часам адбываўся даволі арыгінальна. Напрыклад, элементы сядзібы Крывашэіна апынуліся ў музеі пасля пажару. У 2004 годзе гістарычны будынак, на жаль, згарэў. Унікальныя прадметы інтэр’еру і экстэр’еру маглі быць знішчаны. Ведаючы гэта, Валерый Уладзіміравіч як сапраўдны краязнавец сабраў, што мог, на папялішчы і прынёс у музей. Сёння рэшткі кафлі, драўляных упрыгажэнняў палаца займаюць пачэснае месца ў экспазіцыі.
Пачынаўся музей з этнаграфічнага раздзела. Потым з’явілася экспазіцыя, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне, пазней — гісторыі сярэдняй школы № 3, якая знаходзілася побач з будынкам ратушы. Ёсць у музеі калекцыі прасаў, лыжак, газовак і, канечне, бязменаў — галоўнага сімвала горада. Выява гэтага прадмета гандлю невыпадкова ўжо некалькі стагоддзяў упрыгожвае герб Шклова. Па словах Святланы Уладзіміраўны, некалі ў Шклове праходзілі шыкоўныя кірмашы. Яны праводзіліся два разы на год па тры тыдні кожны. Па сваім даходзе Шклоў апярэджваў нават Магілёў.
У пошуках шклоўскага агурка
Багатая калекцыя бязменаў захоўваецца і ў музеі сярэдняй школы № 4 Шклова. На фотаздымку — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Кацярына Аляксандраўна Рыльская, якая трымае адзін з гэтых бязменаў.
У чацвёртую школу мы завіталі невыпадкова. Стаіць яна каля гарадскога парку — яшчэ аднаго адметнага месца, дзе знаходзіўся палац Крывашэіна, захавалася старая, амаль 300-гадовая, таполя, стаіць помнік Сямёну Гаўрылавічу Зорычу. Менавіта гэты чалавек заснаваў Шклоўскае высакароднае вучылішча, пачаў будаўніцтва Спаса-Праабражэнскай царквы, адкрыў прыгонны тэатр, акцёры якога потым выступалі ў Санкт-Пецярбургу, пабудаваў мануфактуры. У часы Зорыча Шклоў дасягнуў высокага эканамічнага развіцця — у гарадскім парку яму паставілі помнік “ад удзячных шклаўчан”.
— Калі мы адпраўляемся на экскурсію ў цэнтр горада, то заўсёды праходзім праз парк. Прыгульваемся па горадзе і віртуальна, напрыклад, з дапамогай экскурсіі-квеста “Сталкер 54.30”. 54.30 — гэта геаграфічныя каардынаты Шклова. Таксама была распрацавана віртуальная экскурсія “У пошуках шклоўскага агурка”. Назва невыпадковая: Шклоў лічыцца агурковай сталіцай Беларусі, а каля Дома культуры нават стаіць арыгінальны помнік гэтай расліне, — паведаміла Кацярына Аляксандраўна.
Праз удзел у віртуальнай экскурсіі вучні знаёмяцца з помнікамі архітэктуры і прыроды роднага горада, з лёсамі знакамітых людзей, подзвігамі чырвонаармейцаў, здзейсненымі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Шукаючы шклоўскі агурок, вучні наведваюць 14 геакропак, якія адпавядаюць 14 аб’ектам. Гэта мемарыяльны комплекс “Памяць”, Спаса-Праабражэнская царква, Алея Герояў, гарадская ратуша, парк, помнік Сямёну Зорычу, адміністрацыйны будынак папяровай фабрыкі “Спартак”, геалагічны помнік “Ніжнінскі роў”, турыстычны комплекс “Лысая Гара”, касцёл Святых Пятра і Паўла, помнік акцёру Пятру Алейнікаву, помнік агурку, геральдычны знак пры ўездзе ў горад, стэла ў памяць пра ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.
З некаторымі з гэтых аб’ектаў вы ўжо азнаёміліся. Пра астатнія могуць расказаць самі настаўнікі. Для гэтага варта зазірнуць на сайт чацвёртай школы або ў адпаведную групу ў сацыяльных сетках.
Слухаючы, з якой цеплынёй Кацярына Аляксандраўна расказвае пра гісторыю Шклова, папрасіў яе прыгадаць, як выглядаў парк у гады яе дзяцінства. І быў здзіўлены адказам. Аказалася, родам педагог не са Шклова. Кожны дзень яна ездзіць на работу з Магілёва. На цалкам лагічнае пытанне “Чаму?” яна адказала так: “Я настолькі палюбіла Шклоў, яго жыхароў, багатую гісторыю, што не змагла пакінуць гэты горад. Пасля дэкрэтнага водпуску вярнулася ў чацвёртую школу. Тут цудоўны калектыў, мяне сустрэлі гасцінныя, шчырыя людзі, актыўныя, з жыццёвай энергіяй, якія любяць родны горад, вывучаюць яго гісторыю. Сваю захопленасць яны перадаюць іншым. Я ўжо і сама адчуваю сябе карэннай шклаўчанкай”.
Старасельскія старажытнасці
Не толькі старадаўняй ратушай славіцца Шклоўшчына. Шмат цікавых аб’ектаў знаходзіцца і ў сельскіх населеных пунктах. Сярод найбольш вядомых — Александрыя, куды на экскурсію прыязджаюць школьнікі з розных куточкаў Беларусі. Па дарозе можна завітаць і ў Стараселле. Мясцовым педагогам таксама ёсць што паказаць, пра што расказаць, ёсць чым ганарыцца. Напрыклад, распрацаваным настаўнікамі і вучнямі, якія ўваходзяць у навукова-творчае аб’яднанне “Пошук”, турыстычным маршрутам “Сем старасельскіх старажытнасцей”.
— У лік старажытнасцей мы ўключылі рэшткі капліцы Цітовых, Свята-Троіцкую царкву, падмурак касцёла, валун, які, на жаль, нядаўна быў закапаны, былую сінагогу, гарадзішча Капыта, зуб маманта, які быў знойдзены на тэрыторыі Стараселля, а цяпер захоўваецца ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі. Да старажытнасцей можна аднесці і так званую малошню — драўляную яўрэйскую краму, дзе калісьці прадавалася малако і нават рабілася марожанае. Цікавая гісторыя і ў школы. Цяперашні будынак узведзены ў 1970 годзе, аднак упершыню школа з’явілася ў Стараселлі ў 1862 годзе. Сам жа населены пункт упершыню згадваецца ў 1557 годзе, — паведаміла настаўніца гісторыі Кацярына Васільеўна Ракіцкая.
Другі год Кацярына Васільеўна разам з калегамі (настаўніцай нямецкай мовы Ганнай Сяргееўнай Дзядковай, кіраўніком школьнага музея і аб’яднання “Пошук” Ірынай Уладзіміраўнай Гапеевай) і вучнямі ўдзельнічаюць ва ўсебеларускай маладзёжнай экспедыцыі “Маршрутамі памяці, маршрутамі адзінства”. У мінулым годзе адправіліся ў двухдзённы велапаход і занялі 1-е месца ў рэспубліцы. Сёлета пашырылі геаграфію падарожжаў і за тры дні аб’ехалі на веласіпедах не толькі сельсавет, але і частку раёна.
— У Стараселле я трапіла па размеркаванні ў пачатку 1990-х. Тут пазнаёмілася з музейнай культурай, педагогам Іванам Андрэевічам Маісеевым, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Ён пражыў доўгае жыццё і аддаў усяго сябе краязнаўчай рабоце з дзецьмі, адкрыў у 1975 годзе музей. Ён вырасціў не адну плеяду патрыётаў. Цяпер гэта дарослыя людзі, у кожнага свая прафесія, многія ўжо на пенсіі, але праз усё жыццё яны пранеслі любоў да малой радзімы, — паведаміла Ірына Уладзіміраўна.
І гэтая любоў, як у былых вучняў, так і сённяшніх школьнікаў, настаўнікаў, праяўляецца не толькі на словах.
Педагогі папулярызуюць веды пра помнікі архітэктуры, прыроды, падтрымліваюць чысціню вакол іх, робяць усё магчымае, каб гэтыя помнікі захоўваліся.
Яскравым прыкладам такога клопату з’яўляецца капліца Цітовых, размешчаная на мясцовых могілках, а таксама магілы герояў Вялікай Айчыннай вайны, педагогаў, якія там пахаваны.
Помнік не мясцовага значэння
Недалёка ад Стараселля на ўзвышшы размешчаны могілкі. Ад вёскі іх аддзяляе правы прыток рэчкі Бярозаўкі. Адметнасцю могілак з’яўляецца тое, што там пахаваны як праваслаўныя, так і католікі.
На ўзгорку стаіць напаўразбураная, аднак велічная капліца. Гэты культавы будынак XVIII — XIX стагоддзяў узведзены ў гатычным стылі з чырвонай цэглы. Праўда, з часам цэгла пакрылася мохам, ад чаго будынак стаў выглядаць таямніча. Унікальнасць капліцы ў тым, што пэўны час яна была каталіцкай, а потым — праваслаўнай. Пра гэта сведчаць выявы двух крыжоў над уваходам. Па ўспамінах старажылаў, у сярэдзіне капліцы калісьці стаяў яшчэ і металічны крыж.
— Першапачаткова капліца была каталіцкай, аднак у канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя Стараселле належала Льву Аляксандравічу Цітову, праваслаўнаму па веравызнанні. Вядома, што пасля смерці Цітоў і яго жонка былі пахаваны ўнутры капліцы. Яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны на сценах будынка віселі таблічкі з іх імёнамі. Можна меркаваць, што менавіта ў той час, калі мястэчка Стараселле належала Цітову, у капліцы і быў устаноўлены праваслаўны крыж. Мясцовыя жыхары і зараз называюць яе капліцай Цітова. Удзельнікамі школьнага аб’яднання “Пошук” было прынята рашэнне стварыць за ўласныя сродкі памятны знак у выглядзе інфармацыйнай дошкі і ўстанавіць яго на аб’екце. 3 ліпеня 2017 года валанцёрскім атрадам “Ювента” пад кіраўніцтвам настаўніка Аляксандра Сяргеевіча Папкова гэты знак быў устаноўлены на сцяне капліцы злева ад увахода. На жаль, капліца не ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і на гэты час з’яўляецца помнікам гісторыі мясцовага значэння, — паведаміла Ірына Уладзіміраўна Гапеева.
***
Настаўнікамі напісаны даследчыя работы, яны неаднойчы выступалі на краязнаўчых канферэнцыях, чытаннях, узнімалі пытанне аб наданні капліцы статусу помніка рэспубліканскага значэння, правядзенні яго рэстаўрацыі. Педагогі спадзяюцца, што іх прапановы будуць пачуты і капліца верне свой першапачатковы выгляд, стане яшчэ адным папулярным турыстычным аб’ектам, адной з архітэктурных візітовак Шклоўшчыны.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара