“Гістарычная падзея, бо такога раней не было”

- 10:18Інфармацыйная гадзіна

Навучэнцы з розных гарадоў рэспублікі падзяліліся з журналістамі сваімі ўражаннямі аб сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, якая мела назву “Моладзь. Погляд у будучыню” і адбылася 26 мая.

Вучань гродзенскай гімназіі № 2 член абласнога маладзёжнага парламента Аляксей Суцько адзначыў, што ў час сустрэчы з кіраўніком дзяржавы былі ўзняты найбольш актуальныя для маладога пакалення тэмы. З прэзідэнтам моладзь змагла пагаварыць пра час пачатку ўрокаў, новыя падручнікі, заняткі і шосты дзень тыдня, а таксама абмеркаваць многія іншыя пытанні.

“Запомнілася абмеркаванне пытанняў, звязаных са спортам. Гэта сапраўды важная тэма. Мы праводзім занадта шмат часу, седзячы ў крэслах, гуляючы ў тэлефоны, забываем пра жывыя стасункі, што вельмі важна. Абавязкова прыслухаемся да парады прэзідэнта і будзем займацца спортам, трымаць сябе ў добрай форме”, — паабяцаў Аляксей Суцько.

Сам гімназіст прысвяціў шмат гадоў хакею, самба, дзюдо і вольнай барацьбе. Цяпер ён займаецца боксам, а зімой — снаўбордынгам. “Хацелася б, каб такія сустрэчы праходзілі як мага часцей”, — сказаў падлетак.

Асаблівае стаўленне Аляксандра Лукашэнкі да спорту адзначыла і вучаніца сярэдняй школы № 5 Жодзіна, старшыня піянерскай дружыны Паліна Жданок. “Я была здзіўлена, што прэзідэнт прысвячае так шмат часу — дзве гадзіны ў дзень — спорту. Гэта ўражвае”, — падкрэсліла яна.

Акрамя таго, школьніца лічыць, што заслугоўваюць павагі адносіны кіраўніка дзяржавы да сваіх абавязкаў на гэтай высокай пасадзе. “Гэта сапраўды цудоўны чалавек”, — сказала Паліна Жданок.

“Я думаю, кожны падлетак быў уражаны тым, наколькі нефармальная абстаноўка панавала ў час размовы з прэзідэнтам. Мне здаецца, такога ніхто не чакаў”, — падзялілася з журналістамі ўражаннямі вучаніца гомельскай гімназіі № 36 імя Івана Мележа старшыня гомельскага гарадскога дзіцячага парламента Кацярына Гаўрыленка. Яна звярнула ўвагу, што на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам паспелі пагаварыць пра ўсё: абмеркавалі адукацыю, здароўе, спорт, асабістае жыццё. Гімназістцы найбольш была цікава тэма прафарыентацыі, паколькі Кацярына заканчвае вучобу ў выпускным класе. “Напэўна, гэта гістарычная падзея, бо такога раней не было. І я ўпэўнена, што гэта толькі пачатак і гэта працягнецца ў будучыні”, — дадала яна.

А вось вучаніца гімназіі № 10 Гродна член абласнога маладзёжнага парламента Марыя Шыманоўская прызналася, што перад сустрэчай з прэзідэнтам вельмі хвалявалася. “Было шмат эмоцый і хвалявання, але я не думала, што будзе так проста на сустрэчы з кіраўніком нашай дзяржавы. Было настолькі спакойна, нібыта я штодзень бачуся з ім і размаўляю”, — сказала Марыя Шыманоўская.

Як ужо наша газета паведамляла, Аляксандр Лукашэнка наведаў сярэднюю школу № 61 Мінска. Прэзідэнт азнаёміўся з развіццём сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі, паглядзеў выставу дасягненняў дзіцячага і маладзёжнага руху “Лідарскія арыенціры — формула поспеху”.

На базе навучальнай установы прайшла сустрэча кіраўніка дзяржавы з навучэнцамі. Школьнікі змаглі паразмаўляць з прэзідэнтам у нефармальнай атмасферы, задаць хвалюючыя іх пытанні, выказаць меркаванні па цікавых для іх тэмах і падзяліцца прапановамі.

Усяго на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам былі запрошаны 300 чалавек са сталіцы і розных рэгіёнаў Беларусі. Сярод іх лепшыя прадстаўнікі навучэнскай моладзі 12—17 гадоў, якія праявілі сябе ў творчым, культурным, спартыўным і грамадскім жыцці, сталі ініцыятарамі дзіцячых і маладзёжных сацыяльна значных праектаў і ініцыятыў.

Напярэдадні для школьнікаў арганізавалі экскурсію па Палацы Незалежнасці.