Гістарычная рэклама для школьнікаў

- 12:17Адукацыйная прастора

Рэклама — рухавік прагрэсу. Менавіта яна часта прадвызначае, якому прадукту мы аддадзім перавагу ў магазіне і якімі характарыстыкамі павінен валодаць сучасны малады чалавек. Без гэтага маркетынгавага інструмента ў барацьбе за інтарэс вучняў сёння не абысціся і настаўніку, які разлічвае на паспяховае выкладанне свайго прадмета. Прыкладам эфектыўнай прома-акцыі можа стаць шэраг мерапрыемстваў, аб’яднаных адной тэматыкай. Менавіта такога падыходу трымаліся ў Олтушскай сярэдняй школе Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці, дзе апошні тыдзень чвэрці прысвяцілі гісторыі. І, як у добрай рэкламнай акцыі, тут не забыліся пра крэатыў, інтэрактыў і патрабаванні мэтавай аўдыторыі.

Першы дзень тыдня гісторыі аддалі музейнай справе. Вучні наведалі школьны музей, дзе адзінаццацікласнікі правялі для іх цікавыя экскурсіі на тэмы Вялікай Айчыннай вайны і вайны ў Афганістане. Пасля накіраваліся на экскурсіі ў музеі школы № 2 Маларыты і Мельніцкай базавай школы, дзе не толькі пашырылі веды па гісторыі Маларытчыны, але і абмяняліся вопытам з калегамі-экскурсаводамі. Асаблівую цікавасць у дзяцей выклікалі невялікія гістарычныя заняткі, якія прайшлі ў “палявых” умовах — падчас наведвання дота каля вёскі Хаціслаў.

Другі дзень прайшоў пад знакам эпохі першабытнасці. Для вучняў старшых класаў была прапанавана віктарына і школьная алімпіяда. А вось пяцікласнікі былі запрошаны на мерапрыемства “У свеце першабытнасці”, дзе два племені “Мядзведжая лапа” і “Арлінае вока” пад кіраўніцтвам сваіх правадыроў спаборнічалі ў ведах, творчасці, спрыце. Вучням трэба было даць адказы на шэраг пытанняў па гісторыі першабытнага грамадства, прадставіць касцюм першабытнага чалавека, выканаць рытуальны танец і паказаць спрыт у кіданні кап’я.

Серада была аб’яўлена днём Сярэднявечча. Акрамя тэматычнай віктарыны, для вучняў старшых класаў прайшоў круглы стол на тэму крыжовых паходаў, які завяршыўся праглядам дакументальнага фільма. Вучні 6—7 класаў спаборнічалі ў гэты дзень у інтэрактыўнай гульні на тэму “Ранняе Сярэднявечча”.

Чацвёрты дзень быў прысвечаны гармоніі гісторыі і прыроды. Галоўным мерапрыемствам дня стала пазнавальная гульня “Каты ў гісторыі”. На працягу тыдня вучні збіралі фотаздымкі сваіх свойскіх любімцаў — катоў і рыхтавалі іх прадстаўленне, якое было рэалізавана ў чацвер. Пасля цікавага і эмацыянальнага знаёмства са свойскімі любімцамі школьнікаў для іх быў прадстаўлены шэраг пытанняў і фактаў з гісторыі розных эпох, звязаных менавіта з катамі, што выклікала вялікую цікавасць і актыўнасць вучняў.

У пятніцу засяродзіліся на Новым і Найноўшым часе. У гэты дзень вучні 7—8 класаў спаборнічалі ў гульні “Зорны час” на тэму Нідэрландскай і Англійскай буржуазнай рэвалюцый. Тэматычныя паралелі ў выкладанні праграмнага матэрыялу па гісторыі (у сувязі з пераходам на новыя вучэбныя праграмы ў 7 і 8 класе вывучаецца адзін гістарычны перыяд) сталі вельмі зручнымі для правядзення гульні. Аднак найбольш важным мерапрыемствам, якога чакалі вучні на працягу месяца і да якога доўга рыхтаваліся, была школьная гістарычная канферэнцыя “Асоба ў гісторыі”, у якой прынялі ўдзел вучні 8—11 класаў. На суд журы былі прадстаўлены работы, прысвечаныя Леанарда да Вінчы, Оліверу Кромвелю, Ота фон Бісмарку, Уінстану Чэрчылю, Франкліну Рузвельту, Махандасу Карамчату Гандзі.

У суботу фіналам нашай рэкламнай кампаніі стаў вечар адпачынку “Кола гісторыі”. Адкрыла яго віртуальная экскурсія “Гісторыя вёскі Олтуш і яе наваколіц”, якую для ўсіх прысутных правялі вучаніцы 11 класа Аляксандра Алесік і Марына Яцура. Падмацавалі яе народныя песні ў выкананні выпускніцы школы Таццяны Кацёл. Кульмінацый вечара стала захапляльная гульня “Бітва асоб”, на якой вучні 8—11 класаў прадстаўлялі вядомых гістарычных асоб. Так, на вечар завіталі Гай Юлій Цэзар, Жанна Д’Арк, Напалеон Банапарт, Ота фон Бісмарк, Іосіф Вісарыёнавіч Сталін і Махандас Карамчат Гандзі. Вучням трэба было не толькі падрыхтаваць касцюмы і прадстаўленне свайго гістарычнага персанажа, але і прайсці “дэтэктар ілжы”, які паказаў, наколькі ўдзельнік валодае інфармацыяй аб сваёй асобе, станцаваць пад нацыянальную музыку свайго народа і абгрунтаваць, што менавіта іх гістарычная асоба пакінула найважнейшы след у гісторыі. У канцы вечара настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Кацярына Якаўлеўна Алесік і дырэктар школы Наталля Пятроўна Зезюкова падвялі вынікі тыдня, узнагародзілі ўсіх пераможцаў і вызначылі самы актыўны клас.

Кожны прафесійны піяршчык ведае: паспяховая рэклама павінна быць яркай і запамінальнай, неназойлівай, але прывабнай. Яна павінна абуджаць інтарэс да тавару. Такімі ж крытэрымі ў сваёй працы неабходна кіравацца і сучаснаму настаўніку, які таксама павінен быць крыху рэкламшчыкам.

Кацярына АЛЕСІК,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства
Олтушскай сярэдняй школы Маларыцкага раёна.

Фота аўтара.