Гісторык Дзмітрый Дубінін – пра тое, што любілі і на што спадзяваліся нашы продкі

- 17:21Новости

Што любілі, чаго палохаліся і на што спадзяваліся нашы продкі? Адказы на гэтыя пытанні дацэнт, кандыдат гістарычных навук, выкладчык БДПУ Дзмітрый Дубінін шукае ўсё жыццё. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Што сэрцу блізка

Кабінет Дзмітрыя Уладзіміравіча падобны на музей беларускага быту. Але ж сапраўдны музей, па словах гісторыка, пакуль яшчэ ў планах — ва ўніверсітэцкім крыле зараз ідзе рамонт. Ён спадзяецца, там знойдзецца дастойнае месца для выставы розных прылад працы, быту, сабраных тут, на кафедры, за гады прафесійнай дзейнасці.

— Многія рэчы прыносяць студэнты, — тлумачыць Дзмітрый Дубінін. — Хто што знайшоў, як кажуць, у бабулі ў прыклецці — часам складана і высветліць, што рабілі з дапамогай гэтага прыстасавання. Напрыклад, вось трапач: прылада для ачышчэння льнянога валакна ад кастрыцы. Нямногія адразу зразумеюць, што гэта за палка. Між тым выраз “трапаць языком” ведаюць усе: бясконца і хутка гаварыць, як хутка трапалі лён трапачом. А колькі яшчэ этнаграфічных і лінгвістычных адкрыццяў мы са студэнтамі зрабілі за гэтыя гады!

Асаблівасцю курса “Краязнаўства і этналогія”, які вядзе выкладчык, з’яўляецца сумяшчэнне тэорыі з практыкай. Практыка — гэта ў тым ліку студэнцкія імпрэзы, прымеркаваныя да розных свят.

— Зараз мы рыхтуем вечарыну, прысвечаную беларускай кухні, — расказвае Дзмітрый Уладзіміравіч. — Кожны студэнт павінен будзе нешта расказаць пра нацыянальную страву, можа, прыду­маць верш пра яе ці якую гісторыю, а можа, і згатаваць, каб пачаставаць прысутных. Для гэтага ў студэнцкім інтэрнаце мы накрыем стол. Звычайна нясуць рознае: акрамя бульбяных страў, беларусы вельмі любілі гатаваць з мяса. На святочным стале заўсёды былі каўбаса, кумпяк, сальцісон, крывянка, мачанка. Нашы традыцыйныя напіткі — квас кляновы і бярозавы, розныя ўзвары, якімі, дарэчы, сёння можна пачаставацца ў кавярнях. Усё новае — добра забытае старое. Але самае важнае, што такія мерапрыемствы даюць маладым людзям магчымасць расказаць пра свой край і яго традыцыі. Часам іх немагчыма спыніць, як пачнуць гаварыць — не нагаворацца, таму што гэта іх сэрцу блізка.

Патрыёт факультэта

Этнаграфіяй Дзмітрый Дубінін захварэў яшчэ ў дзяцінстве.

— Нарадзіўся я на Віцебшчыне, у блакітным азёрным краі, — адзначае выкладчык, — у вёсцы Запруддзе Глыбоцкага раёна. Там было старажытнае гарадзішча, і мы, малыя, часта гулялі паблізу. Калі на яго месцы пачалі сельскагаспадарчыя работы, то знайшлі розныя цікавыя рэчы, прадметы старажытнага быту. Гэта мяне вельмі кранула, я з задавальненнем разглядаў іх, імкнуўся даведацца пра іх больш. Напэўна, тады і зразумеў, что хачу стаць краязнаўцам. Пачаў са свайго краю, даведаўся, якія вядомыя людзі адтуль пайшлі: мастак Язэп Драздовіч, авіяканструктар Павел Сухой, акцёр Ігнат Буйніцкі і іншыя. Вучу і сваіх студэнтаў ганарыцца роднай зямлёй. А якія ў нас на Віцебшчыне краявіды, які лагодны клімат! Увогуле, уся Беларусь наша прыгожая.

Сялянскія карані ёсць у кожнага з нас, вось і сам Дзмітрый Уладзіміравіч кажа пра сябе:

— Не адно дзесяцігоддзе жыву ў сталіцы, ужо, можна сказаць, мінчанін, але пэўныя звычкі, традыцыі засталіся са мной з вясковага дзяцінства. Мая любімая прыказка — “Усе мы гарадскія, толькі з розных вёсак”.

Этнограф адзначае, што назапашаны вопыт дазваляе яму па маўленні і знешнім выглядзе чалавека вызначыць, з якіх той мясцін:

— У многіх ёсць дыялектныя асаблівасці маўлення. Так, з поўдня на поўнач Беларусі шырока распаўсюджваліся цвёрдыя [р] і [ч], а з поўначы на поўдзень мяккі [д], дзеканне, а таксама аканне. Па гаворцы можна лёгка вызначыць жыхароў з Іванава, Ганцавіч, Століна або Драгічына. Колер вачэй у беларусаў часцей за ўсё блакітны, шэры ці сіні. Валасы — светла-русыя. Чарнявых сярод беларусаў няшмат. Найчасцей яны сустракаюцца на Палессі, на поўдзень ад Прыпяці, пераважна сярод мужчын. Даведвацца пра такія рэчы было настолькі цікава, што я не сумняваўся — пайшоў пасля школы ў педагагічны інстытут на гістарычны факультэт, хаця быў з сям’і агранома і планаваў пайсці па гэтай дарожцы. Паступіў у інстытут у 1975 годзе — мне нават пашчасціла асабіста ведаць выдатнага педагога-гісторыка, этнографа і краязнаўца Мікалая Рыгоравіча Гнеўку, які працаваў там. Мы нядаўна святкавалі 100-годдзе з дня яго нараджэння. Потым была практыка, армія, і з 1989 года я працую тут, на факультэце. За ўсё жыццё ў маёй працоўнай кніжцы толькі адзін запіс. Так што я сапраўдны патрыёт свайго факультэта, як я сам сябе называю.

З намі не засумуеш

Праграму курса этнаграфіі і краязнаўства Дзмітрый Уладзіміравіч распрацаваў сам. Атрымалася так захапляльна, што многія студэнты ўжо з першага курса ма­раць стаць этнографамі.

— Курс практыка-арыентаваны, выкладаць яго толькі тэарэтычна проста немагчыма, — падкрэслівае гісторык. — На занятках мы і спяваем, і чытаем вершы, і жартуем — успамінаем фальклорныя анекдоты, прыказкі. Люблю здзіўляць студэнтаў, напрыклад, пытаюся, што такое брыль. Усе мы ведаем выдатнага пісьменніка з такім псеўданімам. Аказваецца, брыль — гэта беларускі традыцыйны саламяны капялюш. Практыка на факультэце толькі 2 тыдні ў год, але студэнты ўвесь час нечым заняты — яны самі знаходзяць для сябе справу. Ніколі нікога не прымушаю нешта рабіць — моладзь сама прыходзіць і прапануе тэмы.

Менавіта так Дзмітрый Дубінін рэкамендуе працаваць і са школьнікамі:

— Сваіх студэнтаў, будучых педагогаў, вучу: галоўнае — абудзіць дзіцячыя пачуцці. Спачатку любові да роднай хаты, да бацькоў, а потым ужо прыйдзе і любоў да Радзімы. Добра, што ў школах сёння ёсць “беларускія хаткі”, дзе навучэнцы многія традыцыйныя рэчы могуць пабачыць на ўласныя вочы. Са студэнтамі мы таксама часта ходзім па музеях. Адзін з любімых — Музей старажытнабеларускай культуры ў цэнтры Мінска.

Па словах педагога, вельмі добра, калі студэнты прыехалі з вёскі, — яны шмат могуць расказаць пра традыцыі краю, нешта прынесці на заняткі, паказаць. Гарадскім больш складана.

— Але не так важна, дзе хто нарадзіўся, — заўважае Дзмітрый Уладзіміравіч. — Галоўнае — выхаваць у хлопцаў і дзяўчат павагу да продкаў. Многім сучаснікам здаецца, што нашы прапрапрадзядулі былі нейкія адсталыя, але ж насамрэч яны ведалі больш, чым мы з вамі! Пра законы прыроды, жыцця. Гэта нам ёсць чаму ў іх павучыцца. Ведаеце, калі б старажытны беларус трапіў сёння да нас на машыне часу, ён бы больш за ўсё здзівіўся нашаму хуткаму тэмпу жыцця. Раней у людзей была магчымасць прыпыніцца, разабрацца ў сабе, супакоіцца. Гэта тое, чаго нам сёння не хапае. Пры ўсім нашым тэхнічным прагрэсе мы не ведаем нашых кроўных традыцый — як ладзіць вяселле, як пахаваць родных.

На пытанне, ці хацеў бы ён жыць у мінулым, маючы такія багатыя веды пра тыя часы, гісторык адказвае адмоўна:

— Як бы я жыў без свайго факультэта, без студэнтаў? За гады працы я выпусціў іх, напэўна, больш за 15 тысяч — гэта насельніцтва сярэдняга райцэнтра. Усіх пайменна не памятаю, вядома, але былі сярод іх таленавітыя, якія сталі этнографамі. Зна­чыць, не дарма працую і, спадзяюся, запалю яшчэ не ў адным маладым сэрцы ціка­васць да нашай народнай культуры.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва Д.У.Дубініна