Гісторыя з улікам асабістых заканамернасцей развіцця вучня

- 9:16Практыкум, Рознае партфолiо

Сёння нельга быць педагагічна падрыхтаваным спецыялістам без вывучэння шырокага спектра адукацыйных тэхналогій. Настаўніку неабходна арыентавацца ў разнастайнасці інавацыйных тэхналогій і напрамкаў.

Найчасцей педагогі прымяняюць тэхналогіі развіццёвага навучання, якія найбольш поўна былі абгрунтаваны Л.С.Выгоцкім. Менавіта гэты вучоны вызначыў, што галоўнае ў працэсе навучання і выхавання — гэта развіццё.
У працэсе псіхічнага развіцця вучня навучанне з’яўляецца вядучай рухальнай сілай. Пад развіццёвым навучаннем разумеецца новы актыўна-дзейсны спосаб навучання, які ідзе на змену тлумачальна-ілюстрацыйнаму спосабу. Настаўнік, выкарыстоўваючы гэтую тэхналогію ў працэсе навучання, улічвае асабістыя заканамернасці развіцця вучня, што спрыяе стымуляцыі і паскарэнню развіцця спадчынных даных асобы дзіцяці. У гэтай тэхналогіі дзіця з’яўляецца паўнавартасным суб’ектам дзейнасці.
Развіццёвае навучанне дапамагае выявіць здольнасці вучняў да самастойнай работы і садзейнічае іх арыентацыі на дзеянне ў супрацоўніцтве. Для ўсебаковага развіцця дзіцяці неабходна пастаянна пераадольваць мяжу паміж зонай ужо вядомага матэрыялу і зонай невядомасці, якая з’яўляецца даступнай для пазнання. Важнай рысай развіццёвага навучання з’яўляецца тое, што яно выклікае зацікаўленасць і прыводзіць у рух унутраныя псіхічныя працэсы.У выкладанні гісторыі тэхналогія развіццёвага навучання знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі. Урок застаецца асноўным элементам адукацыйнага працэсу, але яго функцыі, форма арганізацыі могуць вар’іравацца. Развіццёвае навучанне спрыяе ўдасканаленню пазнавальных здольнасцей асобы, таму мэта ўрока накіравана не толькі на праверку ведаў, уменняў і навыкаў, але і на развіццё самастойнай разумовай дзейнасці дзяцей, супрацоўніцтва настаўніка і вучня. Асновай для развіцця вучняў з’яўляецца атрыманне гістарычнай адукацыі, яе якасць. Паўнавартасны змест урока, багаты на факты і сувязі, дае выдатную аснову для развіцця асобы.
Ёсць мноства прыкладаў са школьнага жыцця, якія пацвярджаюць, што пры вывучэннi аднаго і таго ж матэрыялу вучні дасягаюць рознага ўзроўню ведаў. Гэта даказвае неабходнасць актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў. Ад гэтага, у сваю чаргу, залежыць, наколькі будуць выкарыстаны развіццёвыя магчымасці зместу ўрока.
Першай умовай развіццёвага навучання з’яўляецца пазнавальная актыўнасць вучняў, іх плённая разумовая дзейнасць. Прадстаўнікі новага пакалення могуць найбольш поўна засвоіць багацце ведаў і развіць свае пазнавальныя здольнасці толькі з дапамогай уласнай актыўнай самастойнай дзейнасці. Навучанне аптымальна развівае мысленне пры ўмове, што вучань не толькі набывае гістарычныя веды, але і засвойвае спосабы набыцця гэтых ведаў.
Калі настаўнік паведамляе вучням гатовую выснову, ацэнку, гэта з’яўляецца прадуктам чужой разумовай дзейнасці, механізм якой невядомы. У сувязі з гэтым вучням трэба навучыцца самастойна рабіць высновы і ацэньваць тыя ці іншыя факты, з’явы. Тлумачэнне настаўніка павінна быць эталонам мыслення. Уменне фарміруецца на канкрэтным гістарычным матэрыяле.
Складанасць разумовай дзейнасці залежыць у першую чаргу ад складанасці зместу гістарычнага матэрыялу, які вывучаецца. Чым лепш засвоены спосаб навучання, чым больш актыўна ён прымяняецца, тым больш паўнавартаснае засваенне вобразаў, паняццяў і больш высокі выхаваўчы вынік навучання. Навучанне павінна весці за сабой развіццё, прад’яўляючы новыя ўзрастаючыя патрабаванні ў галіне авалодання гістарычным зместам. Разумовая дзейнасць павінна быць дастаткова цяжкай, але даступнай. Можна сцвярджаць, што без дастатковага ўзроўню складанасці мысленне не атрымлівае важных умоў для дасягнення больш высокіх паказчыкаў самастойнасці. Для гэтага неабходна ўлічваць асаблівасці педагагічных умоў класа і на іх аснове выпрацоўваць ступень складанасці заданняў. Метадычнай мэтай такіх урокаў будзе стварэнне ўмоў для праяўлення пазнавальнай актыўнасці вучняў. Гэтага можна дасягнуць шляхам стварэння праблемных сітуацый, складання плана ўрока разам з вучнямі, што пакажа згуртаванасць класа і зацікаўленасць кожнага ў навучанні.Таксама пры рэалізацыі гэтай мэты неабходна ствараць умовы, у якіх вучань не баіцца памыліцца, ацэньваць не толькі канчатковы вынік, але і працэс дзейнасці.
Яркім прыкладам такіх заняткаў з’яўляецца ўрок у 10 класе па вывучэнні тэмы “Падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беларусі”. Настаўнік на аснове ведаў вучняў аб рэвалюцыях, якія былі вывучаны раней, раскрывае разам з імі прычыны Кастрычніцкай рэвалюцыі і яе сутнасць. Вучні самі спрабуюць адказаць на пытанне, што такое рэвалюцыя. Выказваюць свае меркаванні і прыходзяць да высновы самастойна. (Паняцце рэвалюцыі звязана з карэннымі пераўтварэннямі, зменамі, хуткім пераходам да новага.)
У ходзе ўрока дзесяцікласнікі высвятляюць, як адбываліся змены ў краіне. Каб адказаць на гэтае пытанне, яны працуюць з вучэбнымі тэкстамі, у якіх змешчаны ўрыўкі з асабістых успамінаў П.Малькова, пісьмаў У.І.Леніна, мемуараў удзельнікаў рэвалюцыі. Падчас абмеркавання тэкстаў дзеці самі агучваюць пэўныя рэвалюцыйныя праявы, абмяркоўваюць іх прычыны. Высвятляючы, калі і як пачалася рэвалюцыя, працуючы з картай, у думках яны пераносяцца ў нашу краіну 1917 года. Падыходзяць да больш дасканалага вывучэння асобы Уладзіміра Леніна. Разглядаючы яго партрэт, спрабуюць даць яму характарыстыку. Настаўнік дапаўняе і ўдакладняе гэтую характарыстыку, дае вучням уяўленне пра падзеі, якія прывялі да Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Далей навучэнцы спрабуюць прааналізаваць першыя дэкрэты савецкай улады. Асаблівае месца займае аналіз палітычных асоб Беларусі — А.Мяснікова і К.Ландэра. Дзесяцікласнікі складаюць табліцу, дзе запісваюць асноўныя элементы палітыкі ваеннага камунізму.
У канцы ўрока настаўнік арганізоўвае работу з падручнікам, просіць знайсці адказы на наступныя пытанні: што з’яўлялася галоўнай перадумовай Кастрычніцкай рэвалюцыі, якія асаблівасці ўстанаўлення савецкай улады ў Беларусі? Вучні ўключаюцца ў актыўную дыскусію. Яны спрабуюць вызначыць асноўныя рысы ўстанаўлення савецкай улады ў Беларусі. Настаўнік карэкціруе адказы вучняў і абагульняе пройдзены матэрыял.
На ўроку развіццёвага навучання працэс пазнання ідзе ад вучня. Вучні назіраюць, параўноўваюць, групуюць, робяць высновы, выяўляюць заканамернасці. Настаўнік мяняе характар заданняў, імкнецца стымуляваць дзяцей да разумовай працы. На ўроку ажыццяўляецца інтэнсіўная самастойная дзейнасць навучэнцаў, звязаная з эмацыянальным перажываннем, уключэннем арыенціровачна-даследчай рэакцыі, механізму творчасці, а таксама з дапамогай і заахвочваннем з боку настаўніка.
Калектыўны пошук, якім кіруе настаўнік, забяспечваецца пытаннямі, абуджае самастойную думку вучняў. Стварэнне педагагічных сітуацый зносін на ўроку дазваляе кожнаму вучню праяўляць ініцыятыву, самастойнасць. Справа ў тым, што выбару спосабаў дзейнасці для ўрокаў гісторыі характэрна гнуткасць. Захопліваючы вучня вучэбнай дзейнасцю, арыентаванай на яго магчымасці, настаўнік павінен ведаць, якімі спосабамі дзейнасці навучэнец авалодаў падчас папярэдняга навучання.

***

У сучаснай сістэме адукацыі шырока распаўсюджаны групавыя тэхналогіі ў выглядзе камбінаваных форм: групавая, парная. Групавы спосаб навучання выдатна ўпісваецца ў сучасную сістэму навучання. У групавой тэхналогіі можна вылучыць групавую работу, калі для кожнай групы могуць быць прапанаваны заданні з агульнай мэтай. З дапамогай гэтай тэхналогіі настаўнік дапамагае вучням зразумець мэту, размеркаваць абавязкі, наладзіць кантроль і ўзаемную залежнасць. Гэтая форма работы лепшая, чым франтальная, бо ўлічвае індывідуальныя асаблівасці вучняў, адкрывае вялікія магчымасці для кааперавання і калектыўнай пазнавальнай дзейнасці. Гэтая тэхналогія дазваляе вучыць як моцных, так і слабых вучняў, у аснове падыходу да вучняў ляжыць супрацоўніцтва. З дапамогай групавых тэхналогій паміж навучэнцамі развіваюцца камунікатыўныя зносіны.
Групавая форма работы на ўроку можа прымяняцца для вырашэння амаль усіх асноўных дыдактычных задач. Арганізацыя калектыўнай дзейнасці спрыяе выхаванню ў навучэнцаў пачуцця ўзаемнай неабходнасці і адказнасці за вучобу. Групавыя тэхналогіі па гісторыі дазваляюць праводзіць заняткі з мэтай паўтарэння вывучанага матэрыялу як на ўроку, так і ў пазаўрочны час. Да групавых тэхналогій варта аднесці і многія тэхналогіі нетрадыцыйных урокаў, у якіх мае месца падзел класа на групы. Напрыклад, урок-канферэнцыя, урок-суд, урок-падарожжа, інтэграваны ўрок і іншыя.
Многія вучоныя сцвярджаюць, што існуе супярэчнасць, якая заключаецца ў тым, што падручнік разлічаны на згоду чытачоў, нават калі аўтар прапаноўвае аспрэчыць свае высновы. Ні адзін падручнік не пішацца з разліку на сапраўдную нязгоду чытача — вучня. У нашай установе адукацыі, дзякуючы дзейнасці добраахвотнага пошукова-інфармацыйнага атрада “Клопат”, вучні займаюцца пошукам дакументальных матэрыялаў аб знакамітых аднавяскоўцах, ветэранах працы. Дзецям прапаноўваецца напісаць падручнік па мясцовай гісторыі, у якім усе тэксты, пытанні і заданні, ілюстрацыі, карты і схемы — плён калектыўнай працы школьнікаў. Дзякуючы іх рабоце, у нас атрымліваецца рэальны вучэбны дыялог, асноўнай рысай якога з’яўляецца непрадказальнасць кожнага наступнага кроку. З 2015 года наша ўстанова працуе ў межах рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі вуснагістарычных даследаванняў малавядомых старонак гісторыі роднага краю як сродак фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый”.
У працэсе пазнавальнай дзейнасці часам узнікаюць нават узаемавыключальныя версіі тых ці іншых падзей. Замест тлумачэння або аповеду ўзнікае гутарка, у ходзе якой кожны інтэрв’юер спрабуе адлюстраваць свае гістарычныя крыніцы. Дзякуючы такой тэхналогіі, адбываецца развіццё гістарычнага мыслення, якое дае вучню магчымасць самастойна будаваць інтэрпрэтацыю тых ці іншых падзей. Намі быў дабаўлены пункт, у якім змешчаны праблемы інтэрпрэтацыі тэмы, для таго каб вучні самі маглі прыйсці да ўсведамлення існавання шматлікіх пунктаў гледжання на тую ці іншую падзею.
Разам з тым, каб пазбегнуць бессістэмнасці, звесткі, здабытыя на аснове інтэрв’ю, суадносяцца з меркаваннямі вучоных. Гэты пункт у нас пастаянна абнаўляецца. Праблемы гісторыі могуць быць сфармуляваны толькі зыходзячы з сапраўдных фактаў мінулага. Таксама ў працэсе інтэрпрэтацыі развіваецца творчасць вучня, яго мысленне. Гэтая тэхналогія дазваляе разбавіць традыцыйны пералік фактаў і ведаў.
Кожная тэхналогія па-свойму ўнікальная, але галоўнае — улічваць здольнасці кожнага вучня, каб зрабіць урок як мага больш цікавым і пазнавальным.

Ганна СТРЫЖАКОВА,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства
Курманаўскага дзіцячага сада—сярэдняй школы
Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.