Глядзець у будучыню з пазітывам

- 11:39Актуально
На пачатку гэтага тыдня ў Беларусь з афіцыйным візітам прыбыла дэлегацыя работнікаў адукацыі Рэспублікі Арменія на чале з міністрам адукацыі і навукі Арменам Ашацянам. Першыя дні візіту госці з Арменіі прысвяцілі сустрэчы з міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь С.А.Маскевічам і наведванню ўстаноў адукацыі Мінска і Мінскай вобласці. У аўторак дэлегацыя Рэспублікі Арменія пабывала ў яслях-садзе № 4 Нясвіжа, Нясвіжскай гімназіі і Слуцкім прафесійна-тэхнічным каледжы перапрацоўчай прамысловасці. Сістэму адукацыі Міншчыны прадстаўляла начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Г.М.Казак.

— Мы вельмі рады вітаць на беларускай зямлі нашых армянскіх калег, — адзначыў Сяргей Аляксандравіч Маскевіч.—Тым больш, што гэтую сустрэчу мы запланавалі яшчэ ў час правядзення З’езда настаўнікаў краін Садружнасці, які, як вядома, нядаўна праходзіў у Ерэване. І тая акалічнасць, што наступны форум педагогаў такога ўзроўню будзе праводзіцца ў 2014 годзе ў Мінску, надае нашай сустрэчы сваю знамянальнасць, не толькі як перадача эстафеты ад Арменіі Беларусі ў правядзенні гэтага маштабнага мерапрыемства, а менавіта як пацвярджэнне нашага цеснага супрацоўніцтва і жадання творча працаваць разам і далей.
Сустракаючы ганаровых гасцей з Рэспублікі Арменія, міністр адукацыі Беларусі С.А.Маскевіч падкрэсліў, што гэты візіт з’яўляецца працягам даўніх, трывалых стасункаў, якія гадамі складваліся паміж краінамі. І менавіта сённяшні этап супрацоўніцтва з’яўляецца найбольш эфектыўным і значным для Беларусі і Арменіі.
Міністр адукацыі і навукі Арменіі Армен Ашацян у сваім прывітальным слове падкрэсліў, што адносіны паміж дзвюма краінамі, асабліва ў сферы адукацыі, маюць вялікі патэнцыял.
— Нашы краіны з’яўляюцца неад’емнымі часткамі еўрапейскай адукацыйнай прасторы і Садружнасці незалежных дзяржаў, — заявіў міністр. — Кожная з нашых краін унесла і ўносіць істотны ўклад у развіццё адукацыйнай галіны, і мае багаты вопыт. Таму галоўная мэта нашага візіту — азнаямленне з дзейнасцю беларускай сістэмы адукацыі, з асаблівасцямі яе развіцця, знаёмства з новымі творчымі напрацоўкамі нашых калег і, безумоўна, абмен вопытам. Такім чынам мы гатовы зверыць гадзіннікі, а гэта значыць, праверыць, наколькі нашы сістэмы адукацыі сёння адпавядаюць патрабаванням часу.
Партнёрскія стасункі паміж Беларуссю і Арменіяй ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з пагадненнем паміж галіновымі міністэрствамі, заключаным яшчэ ў 2001 годзе, а таксама ў рамках дамоўленасцей дзяржаў — удзельніц СНД. Акрамя таго, сёння дзейнічаюць 16 прамых міжуніверсітэцкіх дагавораў. У мінулым навучальным годзе ў беларускіх установах адукацыі навучаліся 29 грамадзян Рэспублікі Арменія, а ў 2011 годзе ў Ерэване быў адкрыты філіял Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта імя А.Д. Сахарава.
Спектр спецыяльнасцей, па якіх вядзецца падрыхтоўка моладзі гэтай краіны ў беларускіх навучальных установах, самы разнастайны і закранае розныя галіны эканомікі. У першую чаргу гэта машынабудаванне, сельскагаспадарчая вытворчасць і шэраг іншых. Навучанне замежных грамадзян у беларускіх УВА сёння праходзіць у асноўным на рускай мове. Але створаны ўмовы і для таго, каб спецыяльнасці медыцыны, ІТ-сферы, банкаўскай справы можна было атрымаць на англійскай мове. У супрацоўніцтве з Арменіяй задзейнічаны не толькі УВА Беларусі, але і ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, гатовыя рыхтаваць кадры для працы і абслугоўвання тэхнікі, якая паступае з Беларусі ў Арменію.
Арменія сёння старшынствуе сярод краін, якія ўступілі ў Балонскі працэс, таму многія пытанні, якія былі ўзняты падчас сустрэчы двух міністраў, тычыліся менавіта гэтай сферы.
У сістэме адукацыі Беларусі вядзецца актыўная работа па рэалізацыі прынцыпаў Балонскага працэсу. З гэтай мэтай Міністэрствам адукацыі нашай краіны сфарміравана беларуская група, у склад якой уваходзяць нацыянальныя эксперты па рэформе вышэйшай адукацыі. Мэтай дзейнасці такой групы з’яўляецца не толькі садзеянне мадэрнізацыі вышэйшай школы, але і ўкараненне элементаў Балонскага працэсу ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі. Сёння, напрыклад, нацыянальная група экспертаў па рэформе вышэйшай адукацыі цесна супрацоўнічае са студэнцкай моладдзю і праводзіць штомесячныя інфармацыйныя дні па Балонскім працэсе. Адметна і тое, што ўстаноўлена прававая аснова працэдуры прызнання і ўстанаўлення эквівалентнасці замежных дакументаў. Двухступеньчатасць вышэйшай адукацыі замацавана заканадаўча ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Нацыянальная кваліфікацыя існуючых ступеней вышэйшай адукацыі ўключае падрыхтоўку спецыяліста і падрыхтоўку магістра. Акрамя таго, у нацыянальную сістэму вышэйшай адукацыі ўведзены заліковыя адзінкі як элемент крэдытна-модульнага навучання, і яны замацаваны ў новым пакаленні адукацыйных стандартаў. Завяршаецца работа і па стварэнні сістэмы ацэнкі і кантролю якасці адукацыі, сумяшчальнай з міжнароднымі стандартамі. 47 УВА Беларусі працуюць па міжнароднай сістэме менеджменту якасці. Актыўна вядзецца фарміраванне Нацыянальнай рамкі кваліфікацый. І гэта толькі некаторыя кірункі, звязаныя з рэалізацыяй прынцыпаў Балонскага працэсу ў сістэме адукацыі Беларусі.
У працяг размовы аб развіцці вышэйшай адукацыі А.Ашацян расказаў, што Арменія ўступіла ў Балонскі працэс у 2005 годзе, і працэс рэфармавання вышэйшай школы ў Арменіі працягваецца. Да 2020 года, адпаведна з умовамі Балонскага працэсу, мэты па развіцці вышэйшай школы павінны быць дасягнуты. На сёння сістэма вышэйшай адукацыі Арменіі перайшла на трохступеньчатую сістэму адукацыі, якая ўключае бакалаўрыят, магістратуру і аспірантуру. Але на ўзроўні бакалаўрыята пакуль узнікаюць праблемы, таму што няма для спецыялістаў такога ўзроўню канкрэтнага выхаду на рынак працы. Гэта пацвярджае тую выснову, што трэба не ўсляпую капіраваць палажэнні Балонскага працэсу, а выбудоўваць сістэму адукацыі краіны пад канкрэтныя патрэбы сваёй эканомікі, падкрэсліў міністр. У цэлым сістэму вышэйшай адукацыі Арменіі складаюць як дзяржаўныя, так і прыватныя УВА. У краіне функцыянуюць 16 грамадзянскіх дзяржаўных УВА, 4 ваенныя і Акадэмія МНС. З’явіліся і 3 міждзяржаўныя УВА, гэта армяна-амерыканскі ўніверсітэт, расійска-армянскі ўніверсітэт і французскі ўніверсітэт. Есць і прыватныя УВА. Спачатку іх было створана даволі многа, але потым была ўведзена больш жорсткая сістэма кантролю за якасцю навучання і многія з іх былі пазбаўлены ліцэнзіі на адукацыйную дзейнасць. У выніку сёння дзейнічаюць 30 прыватных УВА. Што да платнага і бясплатнага навучання, то 20 працэнтаў студэнтаў вучацца на бясплатнай аснове, а 80 — на платнай.
Пры прыёме ва УВА выкарыстоўваецца цэнтралізаванае тэсціраванне. Па меркаванні міністра А.Ашацяна, гэта найбольш аптымальная форма адбору лепшых навучэнцаў. Але ўсё ж гэтая сістэма патрабуе дапрацоўкі, таму што пакуль немагчыма прыняць на вучобу па-сапраўднаму матываванага студэнта, які ўсвядомлена выбраў спецыяльнасць, а не трапіў ва УВА выпадкова, толькі таму, што яму хапіла балаў туды паступіць.
А.Ашацян з радасцю расказаў, што пры наведванні навучальных устаноў Мінска і Мінскай вобласці яго шчыра ўразілі поспехі беларускіх калег.
— Прыемна адзначыць, што кіраўніцтвам Беларусі надаецца вялікая ўвага развіццю адукацыйнай галіны, што прыносіць такія яскравыя станоўчыя вынікі, — падкрэсліў міністр адукацыі і навукі Арменіі. — Рашэнне ўкладваць сродкі ў будучае пакаленне, у яго адукацыю і выхаванне дальнабачнае, таму што ад гэтага залежыць заўтрашні дзень краіны.
Гасцей з Арменіі прыемна ўразіў не толькі ўзровень адукацыі ў навучальных установах Беларусі, але і выхаваўчы кампанент адукацыйнага працэсу.
— Мы з задавальненнем перанялі б вопыт беларускіх педагогаў, які яны назапасілі ў выхаванні сваіх навучэнцаў, — адзначыў Армен Ашацян. — Мяне да глыбіні душы пакарылі тыя шчырыя пачуцці вашых дзяцей і моладзі, якія яны маюць да сваёй краіны, да месца, дзе яны жывуць, да сваёй навучальнай установы, сваіх настаўнікаў. Як умела прывіваюць вашы педагогі пачуцці патрыятызму, грамадзянскасці, ініцыятывы і адказнасці ў сваіх выхаванцаў праз удзел дзяцей у гуртках, секцыях, грамадскіх арганізацыях і аб’яднаннях, школьных бізнес-кампаніях. Выхаванне грамадзянскай годнасці ў маладога пакалення — гэта мэта кожнай краіны. І, нягледзячы на тое, што любая краіна з’яўляецца часткай глабальнага свету, кожная з іх імкнецца захаваць сваю нацыянальную прыналежнасць і не згубіць свае асноўныя нацыянальныя рысы.
На прыкладзе ясляў-сада № 4 Нясвіжа гасцям з Арменіі была прадстаўлена сістэма дашкольнай адукацыі нашай краіны, узаемадзеянне дашкольнай установы з сям’ёй, выхаванне дзяцей на аснове нацыянальных каштоўнасцей. Узаемадзеянне ўстановы дашкольнай адукацыі і сям’і фарміруе культуру сямейных адносін, далучае дзіця да культурных і духоўных традыцый. На вырашэнне гэтай задачы накіраваны рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання культуры дашкольнікаў на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускай сям’і”. Пільная ўвага педагагічнага калектыву надаецца стварэнню ўмоў для фарміравання пазітыўнага іміджу мацярынства і бацькоўства, выхавання міласэрнасці, грамадзянскасці і патрыятызму ў дашкольнікаў. Так, у праекце ўстановы пад назвай “Калыска для душы” дзеці знаёмяцца з беларускай народнай творчасцю, што дапамагае далучыць дзяцей з ранняга ўзросту да гісторыі і культуры свайго народа.
Даючы высокую ацэнку дашкольнай адукацыі ў Беларусі, непасрэдна дзейнасці ясляў-сада № 4 Нясвіжа, А.Ашацян адзначыў, што ў Арменіі сёння задача нумар адзін — забяспечыць даступнасць дашкольнай адукацыі для дзяцей, старэйшых за 5 гадоў. У краіне да 2018 года пастаўлена мэта забяспечыць 90-працэнтны ахоп дзяцей дашкольнымі ўстановамі.
Абодва міністры прыйшлі да высновы, што трэба пашырыць узаемадзеянне паміж дзвюма краінамі і сферы агульнай сярэдняй адукацыі. Першым такім крокам можа стаць наладжванне кантактаў непасрэдна паміж навучальнымі ўстановамі. Напрыклад, для Нясвіжскай гімназіі стане пабрацімам навучальная ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі з Арменіі. Увогуле Нясвіжская гімназія выклікала вельмі цёплыя пачуцці ў гасцей з Арменіі. Сучасны падыход у арганізацыі адукацыйнага працэсу, новыя кірункі дзейнасці, у тым ліку развіццё прадпрымальніцтва сярод сваіх выхаванцаў, высокая якасць навучання, прафесіяналізм педагогаў — усе гэтыя якасці ўласцівы гэтай навучальнай установе.
Што да сферы агульнай сярэдняй адукацыі Арменіі, то з 2006 года школы там перайшлі на 12-гадовае навучанне, а ў асобную частку выдзелена функцыянаванне старшай школы, дзе з 10 па 12 класы вядзецца прафесійнае навучанне з паглыбленым вывучэннем асобных прадметаў. Такі ўзровень лічыцца вышэйшым у сярэдняй адукацыі. З улікам пераўтварэнняў у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі вядзецца рэфармаванне прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі настаўнікаў. Цалкам перагледжаны праграмы падрыхтоўкі настаўнікаў у педагагічных УВА краіны з улікам існуючых патрабаванняў.
А.Ашацян расказаў, што Арменія першая і адзіная краіна ў свеце, якая ўвяла ў змест школьнай адукацыі такі вучэбны прадмет, як “Шахматы”, які з’яўляецца абавязковым для навучэнцаў з 2 па 4 клас.
— Гэта наш нацыянальны адукацыйны прадукт, які мы стварылі сумесна з шахматнай акадэміяй Арменіі, — паведаміў міністр. — Сёння нашым нацыянальным здабыткам зацікавіліся многія краіны свету, і мы гатовы перадаць свой вопыт і беларускім калегам, тым больш, што маем у гэтым станоўчыя вынікі. Ужо пацверджана практыкай, што гульня ў шахматы выхоўвае ў дзяцей крэатыўнасць, лагічнае мысленне, стратэгічнае планаванне, фарміруе асобасныя якасці, пазітыўна ўплывае на вывучэнне іншых прадметаў, на павышэнне паспяховасці дзяцей.
У далейшай размове былі вызначаны канкрэтныя праекты двухбаковага супрацоўніцтва, у прыватнасці, у сферы вышэйшай адукацыі, якія прадугледжваюць больш цеснае ўзаемадзеянне паміж навучальнымі ўстановамі, абмен студэнтамі і выкладчыкамі, пашырэнне навуковых праектаў, стымуляванне мабільнасці студэнтаў, у тым ліку з выхадам на адукацыйную праграму з выдачай двайных дыпломаў дзвюх краін.
— Цёплыя адносіны паміж нашымі краінамі, нашымі народамі закладзены мінулымі пакаленнямі, — адзначыў С.А.Маскевіч. — І калі мы хочам глядзець у будучыню нашых краін з пазітывам, то мы павінны стварыць усе ўмовы, каб маладое пакаленне працягвала традыцыю нашага сяброўства. І ў гэтым наша галоўная задача.

Ала КЛЮЙКО.
Фота БелТА.