“Голас зямлі” — дзіцячы голас

- 11:02Адукацыйная прастора

Гэтымі днямі, падчас восеньскіх школьных канікул і напярэдадні 135-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа, якое будзе адзначацца 3 лістапада, у многіх установах адукацыі і культуры для дзяцей ладзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею народнага песняра: конкурсы чытальнікаў, сустрэчы з пісьменнікамі, тэматычныя канцэрты, паходы ў Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа і экскурсіі па іншых мясцінах, звязаных з яго імем. Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі таксама не пакінуў без увагі юбілейную коласаўскую дату і нават спалучыў яе з юбілеем другога беларускага народнага паэта — Янкі Купалы. 28 кастрычніка ў рамках “Суботняга дня ў цэнтры” тут прайшоў адкрыты дзіцячы конкурс чытальнікаў “Голас зямлі”, прымеркаваны да 135-годдзя Якуба Коласа і Янкі Купалы, сярод удзельнікаў творчых калектываў НЦМТДіМ. Пераможцы і прызёры конкурсу атрымалі дыпломы, а разам з імі — магчымасць удзельнічаць у рэспубліканскіх мерапрыемствах, якія ладзіць цэнтр. Для ўсіх удзельнікаў пасля конкурснай часткі прагучаў невялікі канцэрт дзіцячай творчасці.

“Я думаю, нашы народныя песняры былі б вельмі задаволены тым, што сёння мы бачылі на сцэне нашага цэнтра, — пракаменціравала вынікі мерапрыемства намеснік дырэктара НЦМТДіМ Кацярына Анатольеўна Кузьменка. — Сярод канкурсантаў былі дзеці, якія займаюцца ва ўзорнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Крынічка”, подыум-школе Fashion Style, узорным тэатры юнацкай творчасці. І гэты конкурс паказаў, што нашых выхаванцаў натхняюць не толькі маляванне, подыум і тэатр, але і літаратурнае слова беларускіх класікаў. Падмацаванае музычнымі інструментамі і яркімі відэаілюстрацыямі ў многіх выступленнях гэтае слова гучала вельмі прыгожа і велічна. Для нас у гэтым конкурсе была галоўнай не колькасць удзельнікаў, а факт далучэння дзяцей да спадчыны нашых песняроў, момант эмацыянальнага і эстэтычнага ўзрушэння, які яны перажылі на сцэне”.

Дарэчы, на конкурс “Голас зямлі” адгукнуліся дзеці не толькі з Мінска. Так, сваіх выхаванцаў прывезла ў сталіцу для ўдзелу ў гэтым творчым мерапрыемстве прывезла настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Глыбокага Віцебскай вобласці Галіна Кухто. Нумары глыбоцкіх навучэнцаў уяўлялі сабой яркія тэатральныя міні-прадстаўленні. Удзел юных глыбаччан у конкурсе нельга назваць выпадковым. Іх настаўніца Галіна Анатольеўна Кухто — з кагорты зацікаўленых актыўных настаўнікаў. Яна часта запрашае ў родную ўстанову адукацыі пісьменнікаў на сустрэчы з дзецьмі. Сёння ў глыбоцкай 3-й школе найперш яе намаганнямі рэалізоўваецца праект па літаратурным краязнаўстве “След на пяску”, вынікам якога стане стварэнне школьнага музея, прысвечанага літаратарам Глыбоччыны і Віцебшчыны.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.