Гонар тут вучыцца

- 21:23Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Гродзенская гарадская гімназія імя Аляксандра Іосіфавіча Дубко ўпэўнена займае адно з вядучых месцаў у падрыхтоўцы і выхаванні высокаматываваных навучэнцаў. Слаўнае імя Героя Сацыялістычнай Працы, Героя Беларусі абавязвае педагогаў і навучэнцаў трымаць высокую планку.

– Гімназія, багатая на традыцыі, кузня талентаў і адоранай моладзі не толькі нашага горада, але і вобласці, дзе працавалі і працуюць знакамітыя педагогі, з гордасцю носіць імя Аляксандра Іосіфавіча Дубко, — падкрэсліла дырэктар гімназіі Юлія Анісімава. — Наша ўстанова адукацыі, яшчэ калі была сярэдняй шко­лай № 1, заўсёды цесна супрацоўнічала з Аляксандрам Іосіфавічам. Сельскагаспадарчае прадпрыемства “Прагрэс”, якое ён узначальваў, дапамагала школе. Нашы гімназісты амаль штогод атрымліваюць абласную прэмію імя ­А.І.Дубко для адораных навучэнцаў і студэнтаў. Яе лаўрэатамі сталі 18 навучэнцаў гімназіі. Усяго ж прэмію атрымалі больш за 700 юнакоў і дзяўчат Гродзеншчыны. Аляксандр Іосіфавіч — наш зямляк, чалавек, які шмат зрабіў для рэгіёна. Таму мы вырашылі, што яго імя і павінна насіць гімназія. І вельмі рады, што падтрымліваем цесную сувязь з яго жонкай Эмай Нічыпараўнай Дубко.

З нагоды прысваення ўстанове адукацыі імя Аляксандра Дубко ў чэрвені 2022 года адбылося адкрыццё памятнай экспазіцыі. Сёння кожны, хто пераступае парог установы адукацыі, адразу ба­чыць партрэт Героя Беларусі. Тут жа фотаздымкі і матэрыялы з сямейнага архіва, якія прадаставіла Эма Нічыпараўна. Экспазіцыя інтэр­актыўная, многае прадстаўлена ў электронным выглядзе. У планах — прадоўжыць пошукі ў архівах горада, у сельскагаспадарчым прадпрыемстве “Пра­грэс-Верцялішкі”. Экспазіцыя і надалей будзе папаўняцца фота- і відэаматэрыяламі.

Сярэдняя школа № 1 Гродна адкрылася ў снежні 1939 года. Гэта была першая савецкая сярэдняя школа, названая Рус­кай сярэдняй школай № 1 імя Кірава. У чэрвені 1941 года дырэктар, педагогі і многія вучні адправіліся на фронт. У 1981 годзе каля школы быў адкрыты помнік настаўнікам і вучням, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. У 1955-м школа атрымала прасторны будынак па вуліцы Парыжскай Камуны. З гэтага часу пачалася новая старонка яе гісторыі. У 1965 годзе ўпершыню ў Гродзенскай вобласці на базе школы былі адкрыты класы з паглыбленым вывучэннем матэматыкі. Тут быў абсталяваны першы ў вобласці камп’ютарны клас, а ў 1975-м — адкрыты музей, у якім размясціліся экспазіцыі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, гісторыі горада і школы.

Аляксандр Іосіфавіч ДУБКО меў мноства узнагарод: ордэн Айчыны III ступені, два ордэны Леніна, ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэн “Знак Пашаны” і самыя значныя — Герой Сацыялістычнай Працы і Герой Беларусі (пасмяротна).

У 1983 годзе ва ўстанове адукацыі была адкрыта музычная школа. У 1988-м на базе матэматычных класаў створана фізіка-матэматычная школа, а ў 1991 годзе — фізіка-матэматычны ліцэй пры ГрДУ імя Янкі Купалы. Былі сфарміраваны прадметныя педагагічныя аб’яднанні настаўнікаў у выглядзе кафедральнай сістэмы, вядучай стала кафедра дакладных навук. Пазней у ліцэйскую сям’ю ўліліся хіміка-біялагічныя класы, пачала дзейнічаць завочная хіміка-біялагічная школа, з’явіліся матэматычны, лінгвістычны і культуралагічны профілі. У 2008 годзе ўстанова атрымала статус гарадской гімназіі.

У бягучым годзе 96 працэнтаў выпускнікоў паступілі ва УВА. Асноўныя напрамкі, па якіх тут вядзецца навучанне, — гэта матэматыка, англійская мова, грамадазнаўства. Вельмі запатрабаваны профіль “Хімія і біялогія”.

— Дзеці прыходзяць да нас з іншых устаноў адукацыі, бо ў нас цудоўны хімік В.Т.Стаціна, вельмі моцная кафедра хіміі і біялогіі. На працягу шэрага гадоў паспяхова рыхтуюць стабальнікаў матэматыкі. У гэтым го­дзе нашы выпускнікі атрымалі чатыры 100-бальныя вынікі на ЦТ. У Веньяміна Хомбака 100 балаў па двух прадметах — хіміі і біялогіі. Увогуле, з 88 выпускнікоў 21 атрымаў на ЦТ ад 90 да 100 балаў. Штогод нашы гімназісты — уладальнікі дыпломаў на рэспубліканскай алімпія­дзе. Добрая падрыхтоўка і высокі вынік — менавіта на гэта мы арыентаваны, — расказала Юлія Анісімава.

Поспехі навучэнцаў гімназіі сведчаць пра тое, што тут працуе каманда высокваліфікаваных педагогаў, прафесіяналаў, аднадумцаў, настаўнікаў з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Тут створаны ўсе ўмовы, каб кожны мог рэалізаваць сябе ў прафесіі. Ужо стала традыцыяй, што многія выпускнікі вяртаюцца ў гімназію ў якасці настаўнікаў. Былы дырэктар Г.М.Дулуб — таксама выпускніца гімназіі, якая ад педагога-арганізатара дайшла да кіраўніка ўстановы адукацыі, якую яна ўзначальвала 2 гады. І такіх людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё гімназіі ці нават маюць толькі адзін запіс у працоўнай кніжцы, шмат. Пераемнасць пакаленняў — таксама традыцыя гімназіі. Тут вучыліся бацькі, бабулі і дзядулі сённяшніх гімназістаў.

Навучэнцы не толькі добра паспяваюць у вучобе. Іх дапытлівы розум патрабуе рэалізацыі ў даследчай дзейнасці і цікавых праектах. У маі 2022 года ў гімназіі запусцілі праект “Класнае пытанне” і вырашылі запрашаць у госці вядомых людзей рэгіёна. Першым госцем інтэрактыўнага праекта стаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік. Гімназісты выкарысталі магчымасць і задалі кіраўніку шмат пытанняў на самыя розныя тэмы. А ўжо ў жніўні У.С.Каранік запрасіў гімназістаў у аблвыканкам, дзе яны змаглі пабы­ваць на планёрцы губернатара і зноў задаць яму свае пытанні. Прыемным момантам для іх было ўба­чыць партрэт А.І.Дубко ў галерэі губернатараў рэгіёна.

Шмат увагі ўдзяляецца ваенна-патрыятычнаму выхаванню. У мінулым годзе быў адкрыты клуб маладога патрыёта “Альфа”, упершыню гімназісты прынялі ўдзел у гульні “Зарніца”, мараць паўдзельнічаць у “Арляняці”.

Сёлета на ўрачыстай лінейцы з нагоды пачатку новага навучальнага года гімназісты заклалі капсулу часу, якую запланавана выняць на 100-годдзе гімназіі 16 снежня 2039 года. У капсуле схавана пасланне настаўнікаў і навучэнцаў нашчадкам аб захаванні міру на нашай зямлі.

 

Памяць жывая

Аляксандр Іосіфавіч Дубко нарадзіўся 14 студзеня 1938 года ў вёсцы Ілава Віцебскай вобласці. У хуткім часе пачалася вайна, а затым былі цяжкія гады аднаўлення. Хлопчык рана пасталеў і заўсёды цягнуўся да ведаў. Прафесію выбраў яшчэ ў школе і пасля яе заканчэння паступіў у Гродзенскі аграрны інстытут (цяпер гэта аграрны ўніверсітэт). Пасля размеркавання звязаў сваё жыццё з Гродзеншчынай.

Спачатку працаваў аграномам у вучэбна-доследнай гаспадарцы “Станіславова”. Ужо праз год стаў загадчыкам аддзялення вучэбнай гаспадаркі “Гран­дзічы”, а хутка ўзначаліў і вучгас “Станіславова”. Кіраўніцтва вобласці заўважыла маладога перспектыўнага аграрыя і ў 1966 го­дзе прапанавала яму пасаду начальніка вытворчага ўпраўлення сельскай гаспадаркі Бераставіцкага райвыканкама. Затым Аляксандр Іосіфавіч узначальваў Гродзенскі абласны трэст малочна-агароднінных саўгасаў. А ў 1972 годзе стаў кіраўніком калгаса “Прагрэс” Гродзенскага раёна і вывеў яго ў лік перадавых гаспадарак краіны.

Аляксандр Дубко актыўна зай­маўся грамадска-палітычнай дзейнасцю: быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, членам Вярхоўнага Савета СССР, старшынёй Гродзенскага абласнога Савета народных дэпутатаў, старшынёй Савета калгасаў БССР. У снежні 1994 года Аляксандру Дубко даверылі высокую пасаду — старшыні Гродзенскага аблвыканкама. Тут асабліва ярка раскрыўся яго гаспадарчы і кіраўніцкі талент, праявіліся выдатныя здольнасці. Ён унёс значны ўклад у развіццё рэгіёна. На гэтай пасадзе заставаўся нязменным кіраўніком да канца жыцця. Памёр у 2001 годзе.

Аляксандр Іосіфавіч Дубко меў мноства узнагарод: ордэн Айчыны III ступені, два ордэны Леніна, ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэн “Знак Пашаны” і самыя значныя — Герой Сацыялістычнай Працы і Герой Беларусі (пасмяротна).

У 1998 годзе была заснавана стыпендыя Гродзенскага аблвыканкама асабліва адораным дзецям, а ў 2001 годзе яна стала насіць імя Аляксандра Дубко. З 1999 го­да прысуджаецца яшчэ адна штогадовая прэмія Гро­дзенскага аблвыканкама імя ­А.І.Дубко — “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва”. У Гродне праводзіцца хакейны турнір памяці А.І.Дубко, яго імя носіць міжнародны турнір па баскетболе і адна з вуліц.

 

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара і прадастаўлена ўстановай адукацыі.