Горад мастоў — гэта не Масты… Чым яшчэ адметны Добруш?

- 11:40Репортаж, Родная земля

Усе мы былі вучнямі і карысталіся легендарнымі сшыткамі са светла­-зялёнай вокладкай, выпушчанымі на Добрушскай папяровай фабрыцы. А ці ведаеце, што будынкі гэтай фабрыкі падобны на сапраўдныя палацы і з’яўляюцца помнікамі архітэктуры? Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Злучаць берагі і лёсы

Горад мастоў — гэта не Масты. Гэта Добруш. Здзівіліся? Я таксама здзівіўся, калі даведаўся ад мясцовых настаўнікаў, што праз раку Іпуць і яе прытокі ў горадзе з насельніцтвам каля 18 тысяч чалавек пракладзена аж 14 мастоў. Для невялікага райцэнтра лічба, пага­дзіцеся, значная. Таму і ганаровае званне “маленькая Венецыя” ў Добруша цалкам заслужанае.

“Гарбаты”, “аптэчны”, “кітайскі”, “маскоўскі”, “бушуйка” — у многіх мастоў свая назва і цікавая гісторыя. Самым старэйшым з’яўляецца “гарбаты” мост. Чаму яго так назвалі, думаю, няцяжка здагадацца. Уся справа ў асаблівай форме. Колькі па ім праехала аўтобусаў, аўтамабіляў, колькі прайшло лю­дзей, падлічыць немагчыма. Аднак дакладна можна сказаць, што ў 2027 годзе самы стары добрушскі мост адзначыць 100-гадовы юбілей.

Адметнае інжынернае збудаванне і сёння працягвае выкон­ваць сваё прызначэнне, праўда, ужо не ў тых аб’ёмах — мост пешаходны. Ды і прыходзяць да яго не для таго, каб перабрацца з аднаго берага на другі (для гэтага карыстаюцца “аптэчным” мостам, узве­дзеным побач у 1961 годзе), а каб сфатаграфавацца. Кожны здымак на бардова-белым мосце з прыгожай панарамай горада на заднім плане будзе арыгінальным і атрымае сотні лайкаў — у гэтым мяне запэўнілі педагогі сярэдняй школы № 1 Доб­руша, у прыватнасці, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Уладзіміраўна Мінаш.

— Калі ісці ад цэнтра горада да папяровай фабрыкі, то на адлегласці прыкладна два кіламетры вы пераадолееце чатыры масты: спачатку будзе “аптэчны”, збоку будзе “гарбаты”, потым пройдзеце “бушуйку” і “пантонны”. Незвычайная назва “бушуйка” тлумачыцца тым, што ў моста ёсць спецыяльныя застаўкі, якія закрываюцца, каб рэгуляваць узровень вады ў рацэ. Вада падае ўніз з вялікім шумам, заглушаючы ўсе астатнія гукі. Побач з гэтым мостам у канцы ХІХ стагоддзя была пабудавана першая ў Беларусі гідраэлектрастанцыя. Праўда, падчас Вялікай Айчыннай вайны яе разбурылі, але потым аднавілі. Далей стаіць “пантонны” мост, які вядзе на “Востраў” — маляўнічае месца, дзе гараджане любяць адпачываць, прагульвацца па ўтульных сцежках. За “пантонным” мостам ёсць яшчэ адзін невялікі масток, схаваны ў гушчэчы дрэў. Летам яго складана заўва­жыць з дарогі. У гады майго юнац­тва было такое павер’е: трэба стаць на масток і загадаць жаданне; калі пачуеш плёскат, то яно здзейсніцца, — паведаміла Таццяна Уладзіміраўна Мінаш.

На далейшым шляху вам трапяцца “маскоўскі” мост (атрымаў назву ад вуліцы, каля якой пабудаваны), “харапуць” (знаходзіцца ў раё­не фарфоравага завода, а называецца так таму, што размешчаны на прытоку Іпуці — рэчцы Хара­пуць), “кітайскі” (самы новы мост, пабудаваны ў 2015 годзе, калі ў горад для пабудовы адгалінавання папяровай фабрыкі былі запрошаны кітайскія рабочыя, якія яго і ўзвялі), “ферма” (мост знаходзіцца практычна на выездзе з горада, у пасёлку Рассвет, а назвалі яго так, бо побач кароўнік).

— Яшчэ адзін пешаходны мост знаходзіцца ў раёне папяровай фабрыкі. Ён без назвы, але вельмі патрэбны. Дзякуючы яму, фабрычныя рабочыя могуць пешшу за кароткі час дабрацца з аднаго раёна горада ў іншы. У пачатку навучальнага года разам з вучнямі мы прагуляліся па гэтым мосце і прайшлі ад раёна Фабрыка да раёна Уцятнік. Яшчэ адзін безназоўны мост, які злучае раён Уцятнік і чыгуначную станцыю, плануем наведаць з вучнямі ў найбліжэйшы час, калі скончыцца яго рэканструкцыя, — адзначыла настаўніца.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 1 Добруша Н.Д.Чабурка з вучнямі пачатковых класаў, аўтарамі малюнкаў галоўных архітэктурных адметнасцей горада

У кожнага жыхара Добруша ёсць свой любімы мост, з якім у яго звязаны яркія ўспаміны. Хтосьці на “гарбатым” прызначаў у юнацтве спатканні, хтосьці пасля дыскатэкі на “Востраве” вяртаўся дадому па “пантонным” мосце, затрымліваўся на ім з сябрамі, размаўляў, жартаваў да раніцы, гледзячы на роўную гладзь ракі. Аматары рыбнай лоўлі любяць “аптэчны” мост. Каля яго, кажуць, з Іпуці можна выцягнуць вялікага ляшча. Добрушскія масты адметныя, непаўторныя. Напрыклад, “кітайскі” — доўгі, шырокі, сучасны; “гарбаты”, наадварот, невялікі, па-дамашняму ўтульны, сапраўдны архітэктурны дыямент. Але якімі б знешне непадобнымі ні былі гэтыя масты, аб’ядноўвае іх адна вельмі важная ўласцівасць — злучаць два супрацьлеглыя берагі, якія самі па сабе ніколі б не сус­трэліся…

Сапраўдны палац

Знаёмства з архітэктурнай спадчынай Добруша мы невыпадкова пачалі з мастоў. Яны тут літаральна на кожным кроку, калі быць больш дакладным, то кожныя 400 або 500 метраў. І ўсё ж невядома, ці з’явіліся б гэтыя масты, ці набыў бы Добруш славу аднаго з прамысловых цэнтраў Беларусі, калі б у 1870 годзе тут не запрацаваў завод па стварэнні драўніннай масы, які праз два гады быў пераабсталяваны ў папяровую фабрыку.

Як вядома, гісторыю пі­шуць асобы. У біяграфіі Добруша такой асобай стаў Фёдар Іванавіч Паскевіч. У многім дзякуючы намаганням князя, у другой палове ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя гэты край з бясконцымі лясамі і балотамі ператварыўся ў адзін з самых эканамічна развітых у краіне. На берагах Іпуці былі ўзведзены шыкоўныя, падобныя на палацы будынкі, у якіх размясціліся… машыны для пераапрацоўкі драўніны і стварэння паперы.

Гэтыя будынкі — галоўная адметнасць горада, яго архітэктурная дамінанта, а сама Добрушская фабрыка з’яўляецца горадаўтваральным прадпрыемствам, і не толькі таму, што сёння на ёй працуе вялікая колькасць жыхароў райцэнтра, але і таму, што фабрыка адыграла значную ролю ў гісторыі горада. Дзякуючы ёй, адбывалася эканамічнае, сацыяльна-культурнае развіццё. Менавіта на Добрушскай папяровай фабрыцы ўпершыню ў тагачаснай Расійскай імперыі быў уведзены 8-гадзінны рабочы дзень. Паскевічы клапаціліся пра сваіх рабочых. Пры фабрыцы з’явілася бальніца, былі пабудаваны аптэка, жылыя дамы, адкрылася школа для дзяцей рабочых. Сёння ў гэтым будынку размяшчаецца раённы краязнаўчы музей.

Паглядзіце ўважліва на фота­здымак фабрыкі. Вам нічога не нагадваюць яе будынкі? Мне, напрыклад, адразу ўспомніўся гомельскі палац Румянцавых і Паскевічаў. Асабліва вежа, якая велічна ўзносіцца над наваколлем. Як вы думаеце, што там раней было? Адзін з цэхаў? Не. Бібліятэка! І вежа, і адміністрацыйны корпус, і будынкі, дзе працуюць машыны, невыпадкова здаліся часткай прыгожага палацавага комплексу. Надта ж урачыста яны глядзеліся марозным студзеньскім днём на фоне блакітнага неба. Можна не толькі разгледзець асаб­лівасці экстэр’еру будынкаў, але і азнаёміцца з гісторыяй фабрыкі. Дапамогуць у гэтым вялікія банеры з выявамі старых фотаздымкаў прадпрыемства. Таксама пра гісторыю фабрыкі вам раскажуць непасрэдна на прадпрыемстве падчас экскурсіі, а яшчэ ў любой школе горада, дзе абавязкова ёсць некалькі даследчых вучнёўскіх работ, прысвечаных мінуламу прадпрыемства.

Даўняе сяброўства

Супрацоўнікі папяровай фабрыкі праводзяць экскурсіі для настаўнікаў і вучняў не толькі школ горада, раёна, але і вобласці, рэспублікі. Сяброўства з навучальнымі ўстановамі наладжана даўно і вя­дзецца па розных кірунках. Фабрыка шэфствуе над сярэдняй школай № 3 Добруша. Перадавікі вытворчасці не толькі арганізоўваюць экскурсіі, прыходзяць у школу на розныя выхаваўчыя мерапрыемствы (у першую чаргу на сустрэчы ў рамках праекта “ШАГ”), але і дапамагаюць у набыцці канцылярскіх прылад. Школьнікі ў сваю чаргу віншуюць супрацоўнікаў фаб­рыкі з Днём работнікаў лесу, пад кіраўніцтва настаўніцы пачатковых класаў Наталлі Мікалаеўны Протчанка наведваюць прадпрыемства з падарункамі і канцэртам. Яркай была сустрэча з нагоды 100-годдзя выпуску першага сшытка.

— Сустрэчы ў прафарыентацыйным кірунку праходзяць з навучэнцамі ўсіх школ Добруша. Прычым не толькі ў сценах устаноў адукацыі. Так, адзінаццацікласнікаў заўсёды запрашаем непасрэдна на прадпрыемства. У нас наладжана цеснае супрацоўніцтва з Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам. Абітурыен­ты заключаюць мэтавы дагавор, вучацца і прыходзяць на фабрыку на адпрацоўку па спецыяльнасці “Інжынер-хімік-тэхнолаг”. А вось Доб­рушскі дзяржаўны політэхнічны каледж дае нам яшчэ і элект­рыкаў, — паведаміў інструктар па арганізацыйна-масавай рабоце фаб­рыкі Мікалай Сяргеевіч Сулаўка.

Абавязковым пунктам праграмы экскурсіі на прадпрыемства з’яўляецца наведванне выставачнай залы, дзе наглядна прадстаўлена гісторыя прадпрыемства. Тут, у прыватнасці, знаходзіцца фрагмент лініі, на якім выпускаліся доб­ра вядомыя нам вучнёўскія сшыткі. Дарэчы, іх вытворчасць была запушчана аж у 1923 годзе. Сёння ж фабрыка спецыялізуецца ў асноўным на выпуску кардону для ўпакоўкі.

Фарфоравая казка

Яшчэ адным знакамітым прадпрыемствам, на якое варта завітаць падчас экскурсіі па Добрушы, з’яўляецца фарфоравы завод. Вы трапіце ў сапраўдную фарфоравую казку і ўбачыце, як гэтая казка ствараецца. Не буду загадзя раскрываць усіх сакрэтаў, адзначу толькі, што вы абавязкова трапіце і ў цэх, і ў выставачную залу. Многія з прадстаўленых там экспанатаў ёсць у адзінкавым экзэмпляры. Асабліва цікавымі для аматараў фарфоравага мастацтва будуць аўтарскія работы.

Па словах намесніка генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце і побыце Сяргея Аляксандравіча Васкаўцова, за мінулы год з экскурсіямі на заводзе пабывала амаль тысяча навучэнцаў. У асноўным гэта школьнікі Добрушскага раёна, але прыязджаюць туды і з іншых рэгіёнаў.

Наведванне і папяровай фабрыкі, і фарфоравага завода стане выдатным дапаўненнем да пешаходнай прагулкі па мастах і вуліцах Добруша.

Цікавы факт

На заканчэнне нашага знаёмства з горадам над Іпуццю — адзін цікавы факт. Як паведаміў педагог-краязнавец настаўнік фізікі сярэдняй школы № 1 Добруша Георгій Георгіевіч Кавалюк, на тым месцы, дзе сёння знаходзіцца фарфоравы завод, калісьці была наладжана вытворчасць карабельных канатаў. Невыпадкова іх выява ўпрыгожвае герб горада. Так што прамысловыя традыцыі ў Добрушы багатыя і даўнія. Азнаёмцеся з імі — не пашкадуеце!

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара