“Горнахімічнае” супрацоўніцтва

- 10:40Адукацыйная прастора

Дэлегацыя прадстаўнікоў Пасольства Туркменістана ў Рэспубліцы Беларусь на чале з першым сакратаром Рэджэпаманам Менліяманавым наведала філіял БНТУ “Салігорскі дзяржаўны горнахімічны каледж”. Госці азнаёміліся з умовамі навучання навучэнцаў з Туркменістана ў каледжы, абмеркавалі актуальныя пытанні супрацоўніцтва з кіраўніцтвам каледжа, а таксама прынялі ўдзел у мерапрыемстве “Гадзіна сяброўства”, якое прайшло ва ўстанове адукацыі.

Убачыць, як навучэнцы з Туркменістана атрымліваюць практычныя навыкі, удзельнікі дэлегацыі змаглі, адправіўшыся ў 4-е Рудаўпраўленне ААТ “Беларуськалій”. Тут госці наведалі рабочыя месцы, дзе праходзяць вытворчую практыку навучэнцы, і пагутарылі з некаторымі з іх. Так, Бабашыр Халдараў атрымлівае рабочую спецыяльнасць “Слесар па КВПіА”, а Рустам Файзулаеў — “Электраслесар (слесар) дзяжурны і па рамонце абсталявання (падземны)”. Хлопцы добра зарэкамендавалі сябе ў час практыкі на прадпрыемстве. Таксама ўдзельнікі дэлегацыі пазнаёміліся з адным з найбуйнейшых вытворцаў і экспарцёраў калійных угнаенняў у свеце — ААТ “Беларуськалій”, здзейсніўшы экскурсію па прадпрыемстве.

З 2011 года ў Салігорскім дзяржаўным горнахімічным каледжы ажыццяўляецца падрыхтоўка спецыялістаў з узроўнем сярэдняй спецыяльнай адукацыі з ліку туркменскіх грамадзян. Навучанне арганізавана згодна з кантрактам на будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната ў Туркменістане і ў адпаведнасці з Міжнароднымі дагаворамі ў сферы адукацыі, дагаворамі паміж ААТ “Белгорхімпрам”, ДК “Туркменхімія” і філіялам БНТУ “Салігорскі дзяржаўны горнахімічны каледж”.

Навучэнцы з Туркменістана атрымліваюць адукацыю па наступных спецыяльнасцях: “Распрацоўка радовішчаў карысных выкапняў (па напрамках)”, “Горныя машыны і абсталяванне (па напрамках)”, “Абагачэнне карысных выкапняў”, “Электразабеспячэнне (па галінах)”.

Каледж падрыхтаваў ужо 140 спецыялістаў, зараз тут вучацца 73 навучэнцы з Туркменістана.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.