Галоўнымі ўдзельнікамі “Вялікай размовы з прэзідэнтам” з’яўляюцца простыя грамадзяне. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 3 лютага на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ.
“Наша сённяшняя сустрэча праходзіць у крыху незвычайным фармаце для многіх. Гэта і не прэс-канферэнцыя, і не інтэрв’ю. Форму нашай сённяшняй размовы дыктуе само жыццё: без дыялогу сёння нікуды, заўтра — тым больш, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — У зале прысутнічаюць не толькі журналісты, але і шырокае кола беларускай грамадскасці. І вядома, галоўнымі ўдзельнікамі мерапрыемства будуць звычайныя, простыя грамадзяне. Абмяркоўваць прапаноўваю абсалютна ўсё, што хвалюе вас, вашых знаёмых, блізкіх”.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў: “Мы абавязкова пагаворым, як прайшоў 2016 год. Не ўсё ў нас атрымалася. Ёсць вельмі сур’ёзныя знешнія фактары — яны абсалютна вызначальныя, але многае мы не зрабілі самі. Гэта таксама трэба абмеркаваць. Галоўнае, нам удалося захаваць мір, стабільнасць і сацыяльную абароненасць людзей”.
Пры гэтым прэзідэнт звярнуў увагу, што разважанні аб стабільнасці — гэта зусім не пустыя размовы, як некаторыя могуць лічыць.
“Але, каб ісці далей, неабходна сапраўды шчырая размова аб праблемах, якія непакояць чытачоў, слухачоў, гледачоў, ды і ўсіх нас з вамі. Не сакрэт, ёсць сілы (і тут, і за межамі), якія мараць уцягнуць Беларусь у канфлікты і хаос. Не ўсім падабаецца наша спакойнае жыццё. Таму грамадству цяпер як ніколі патрэбны духоўная стойкасць і кансалідацыя, усведамленне адказнасці за лёс сваёй краіны. Давайце проста падумаем аб лёсах нашых дзяцей, нашых родных і блізкіх, любімых, якія ўсім дарагія”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
На сённяшнім мерапрыемстве сабраліся людзі розных перакананняў і поглядаў. “Але ў адным мы адзіныя — у адданасці нашай Айчыне, нашай незалежнай Беларусі”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Усяго на сустрэчу было запрошана каля 50 журналістаў, якія прадстаўляюць найбольш вялікія дзяржаўныя і недзяржаўныя беларускія СМІ, папулярныя інтэрнэт-парталы, аўтарытэтныя замежныя масмедыя. Запрашэнні да ўдзелу ў мерапрыемстве атрымалі і каля сотні экспертаў, сярод якіх вядомыя палітолагі, эканамісты, прадстаўнікі партый, канфесій і грамадскіх аб’яднанняў. Яны прынялі ўдзел у дыялогу па найбольш актуальных тэмах.
Размова з кіраўніком дзяржавы прадоўжылася больш як сем гадзін.
(Падрабязна з матэрыяламі сустрэчы чытачы змогуць азнаёміцца ў наступным нумары газеты.)