Грамадзянам Беларусі, Расіі і Казахстана больш не трэба будзе пацвярджаць дыпломы аб адукацыі

- 16:39Актуально, Рознае

Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС), падпісаны паміж Беларуссю, Расіяй і Казахстанам, дазволіць грамадзянам гэтых краін працаваць у дзяржавах ЕАЭС без устаноўленай нацыянальным заканадаўствам працэдуры прызнання дакументаў аб адукацыі. Выключэннем стануць педагагічная, юрыдычная, медыцынская і фармацэўтычная сферы дзейнасці, для якіх захаваецца патрабаванне праходжання такой працэдуры.

Новаўвядзенне адносіцца як да дакументаў аб вышэйшай адукацыі, так і аб прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай, выдадзеных у Беларусі, Расіі і Казахстане. Што да вучоных ступеняў і званняў, прысвоеных у краінах ЕАЭС, працэс іх прызнання пакуль захаваецца. Юрыдычную сілу гэтыя нормы атрымаюць 1 студзеня 2015 г.
Мяркуецца, што адмаўленне ад правядзення працэдуры прызнання не стане прычынай павелічэння абароту падробленых дакументаў аб адукацыі. Так, работадаўцы маюць права запытаць натарыяльны пераклад дакументаў аб адукацыі на мову дзяржавы, дзе будзе працаваць чалавек. Таксама яны могуць накіроўваць запыты ва ўстановы адукацыі, арганізацыі ў сферы адукацыі, якія выдалі дакумент.

Падрыхтавала Святлана ШЫЯН.