Граніт памяці. Вучні Дужаўскай сярэдняй школы пераправерылі прозвішчы байцоў на 12 брацкіх магілах

- 14:061944: путь к освобождению

Чавускую зямлю называюць суцэльным мемарыялам: у 1943—1944 гадах тут дзевяць месяцаў стаяў фронт, падчас шматлікіх баёў загінула вялікая колькасць байцоў. Для педагогаў і вучняў мясцовых школ захаванне памяці аб вызваліцелях, догляд брацкіх магіл, пошукавая работа — справа асаблівай важнасці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Берагі жыцця

Стаянне фронту на рацэ Проні — гераічная і разам з тым трагічная старонка гісторыі вызвалення Беларусі. Хаця Проня не такая вялікая рака, як Днепр ці Бярэзіна, але фашысты паспелі выбудаваць уздоўж яе вельмі моц­ную сістэму абароны на 5 кіламетраў углыб тэрыторыі. Яна ўключала ў сябе шматлікія траншэі з бетанаванымі агнявымі кропкамі, мінныя палі, супрацьтанкавыя равы. Вораг з выгадай для сябе выкарыстаў рэльеф мясцовасці, умацаваўшыся на вышынях. Па сутнасці, заходні бераг Проні быў пераўтвораны ў непрыступную крэпасць. І ўсё ж такі частку вёсак Чырвоная Армія адбіла яшчэ восенню і зімой 1943-га. Астатнюю тэрыторыю Чавускага раёна, уключаючы самі Чавусы, разам з партызанамі вызвалілі ўжо летам 1944-га падчас наступальнай аперацыі “Баграціён”.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы №2 Чавус Людміла Ліпская

На тое, каб дзеці ведалі і паважалі подзвіг продкаў, у сярэдняй школе № 2 Чавус працу­юць усе педагогі: ад прадметнікаў да класных кіраўнікоў. Адным з рухавікоў гэтай важнай справы з’яўляецца ветэран ваенных дзеянняў у Афганістане кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні школы Ігар Ілюшчанка. Ён узначальвае аб’яднанне па інтарэсах “Юны патрыёт”, клуб “Абаронцы”, кожнае лета вывозіць навучэнцаў у палатачныя лагеры ваенна-­патрыятычнага профілю. Дарэчы, на працягу летніх канікул падлеткі ўдзельнічаюць у некалькіх такіх лагерах, якія арганізоўваюцца ва ўрочышчы Слоўтава пад Чавусамі, на базе вайсковай часці ў вёсцы Пашкава пад Магілёвам, а таксама пад Дзеснагорскам Смаленскай вобласці.

— Асноўная мэта такой работы — выхаваць патрыётаў, сфарміраваць у дзяцей якасці, неабходныя будучым абаронцам Айчыны. І вывучэнне гераічных старонак гісторыі нашага краю вельмі ў гэтым дапамагае. Для нас важна, што, згодна з указам Прэзідэнта Беларусі, у лютым гэтага года Чавусы ўключаны ў лік беларускіх населеных пунктаў, узнагароджаных вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Гэта стала яшчэ адным знакавым пасылам у выхаваўчай рабоце з дзецьмі, — адзначыў Ігар Ілюшчанка.

Дарэчы, лагер ва ўрочышчы Слоўтава разбіваюць на месцы былых баёў, побач з якім захаваліся рэшткі траншэй і бліндажоў. Праграма заўсёды ўключае наведванне мемарыялаў, добраўпарадкаванне помнікаў ваенных часоў. Акрамя таго, ёсць вопыт супрацоўніцтва з Магілёўскім абласным гісторыка-патрыятычным клубам “ВІККРУ”. Некалькі гадоў назад навучэнцы прымалі ўдзел у яго экспедыцыі па пошуку астанкаў салдат, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў Чавускім раёне.

Калі раніцай ехалі на месца раскопак у аўтобусе, дзеці ажыўлена размаўлялі, а па дарозе назад усе як адзін маўчалі. Яны былі ўражаны. Адна справа — слухаць аповеды пра лю­дзей, якія загінулі ў баях, і зусім іншая — бачыць астанкі салдат з невядомых лясных магіл, — расказвае Ігар Ілюшчанка.

Вучні школы ўдзельнічаюць ва ўрачыстых цырымоніях перапахавання астанкаў воінаў. На тэрыторыі Чавускага раёна больш за 100 брацкіх магіл і памятных знакаў, але невядомых пахаванняў салдат яшчэ шмат. Гераічна загінуўшых шукаюць, знаходзяць і годна аддаюць ім даніну памяці.

За чавускай школай № 2 замацавана некалькі воінскіх пахаванняў, і навучэнцы займаюцца іх добраўпарадкаваннем. Актыўна вядзецца і даследчая работа. Дзеці па крупінках збіраюць інфармацыю аб вызваліцелях роднага краю, пішуць даследчыя работы і шчырыя аповеды аб сваіх продках, якія прайшлі вайну. З лютага ў школе з’явілася выдатная традыцыя — праводзіць па суботах мерапрыемствы, на якіх вучні прэзентуюць свае сямейныя даследаванні.

У ліку навучэнцаў, якія разам з бацькамі адкрылі для сябе новыя падрабязнасці баявога лёсу продкаў, — вучань 8 класа Сяргей Малолаў. Яго прадзед Мікалай Данілавіч Ігнацьеў, ураджэнец Чавускага раёна, у гады вайны быў лётчыкам. Дайшоў, а дакладней, даляцеў да Берліна, быў узнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі.

— Ад бабулі я даведаўся, што прадзед падчас вайны быў двойчы збіты. У першы раз уцалеў цудам, да канца жыцця адзначаў два дні нараджэння. Двое сутак у маразы дабіраўся да сваіх па занятай ворагам тэрыторыі. Мяне гэта ўразіла не менш, чым яго бая­выя подзвігі. Ганаруся сваім пра­дзедам, — расказвае ён.

Аб’яднаўшы назапашаны па тэме вайны матэрыял, у школе стварылі “Буквар вялікіх подзвігаў на чавускай зямлі”. Пад кожнай літарай увекавечваюцца імёны байцоў Вялікай Айчыннай, раскрываюцца знакавыя паняцці: Магілёўская наступальная аперацыя, партызанскае злучэнне “Трынаццаць”, Прылепаўскі плац­дарм, штрафнікі і інш.

Як расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Людміла Ліпская, да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у школе запускаюць новы знакавы праект. На карту Чавускага раёна нанеслі ўсе існуючыя воінскія пахаванні і прапанавалі дзецям разам з бацькамі наведаць тыя з іх, якія яны самі выберуць. Карта будзе размешчана ў кабінеце ваенна-патрыятычнага выхавання. Кожны вучань зможа прымацаваць тут сцяжок ля выявы брацкай магілы, на якой ён пабываў. Таксама плануецца стварыць інтэрактыўную карту з QR-кодамі для прагляду фотаздымкаў і відэаролікаў, зробленых дзецьмі ў гэтых памятных месцах.

Указам Прэзідэнта Беларусі ў лютым гэтага года Чавусы ўключаны ў лік беларускіх населеных пунктаў, узнагароджаных вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”.

Імёны на плітах

Вёска Дужаўка ўваходзіла ў склад тых населеных пунктаў Чавускага раёна, якія Чырвоная Армія змагла адбіць у фашыстаў яшчэ восенню 1943 года. Як расказаў настаўнік гісторыі Дужаўскай сярэдняй школы Арцём Зенькевіч, пакідаючы вёску, ворагі ў бяссільнай злосці падпалілі тут каля 20 хат. Каб вярнуць яе пад свой кантроль, яны пэўны час рабілі па 10—12 контратак у дзень.

Дужаўскім вучням па сведчанні тых цяжкіх баёў далёка ха­дзіць не трэба. Літаральна за некалькі дзясяткаў метраў ад школы да гэтага часу захаваліся рэшткі нямецкіх абарончых пазіцый. А ў суседняй вёсцы Ужжар жыве сведка тых падзей Кацярына Іванаўна Сімакова, якая ў свае 96 гадоў выдатна памятае і акупацыю, і вызваленне. Яна расказвае, як восенню 1943-га, рыхтуючыся да схваткі з Чырвонай Арміяй, гітлераўцы разабралі ўсе да адной хаты Ужжара па бярвеннях і пабудавалі з іх баявыя ўмацаванні, як пасля кровапралітных баёў “байцоў на полі ляжала так шмат, як снапоў”.

Школьнікі даглядаюць брацкія магілы ў сваёй і суседніх вёсках. Мінулым і пазамінулым летам удзельнічалі ў цырымоніях перапахавання ў Дужаўцы савецкіх байцоў, астанкі якіх знойдзены падчас раскопак пошукавікамі клуба “ВІККРУ”. А ў чэрвені — снежні 2023 года ажыццявілі маштабны праект “Увекавечанне памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн”.

— Мы даследавалі мемарыяльныя пліты на ўсіх 12 брацкіх магілах, якія размешчаны на тэрыторыі нашага Антонаўскага сельсавета. Вучні ўважліва звяралі прозвішчы, імёны, імёны па бацьку, гады нараджэння байцоў, якія значацца на плітах, з пашпартамі воінскіх пахаванняў. Прааналізавалі каля 12 тысяч проз­вішчаў, — расказвае дырэктар Дужаўскай школы Аляксандр Галдзееў. — Для дзяцей гэта быў каштоўны вопыт. Толькі на першы погляд здаецца, што работа механічная. На самай справе яна нікога не пакінула абыякавым. Навучэнцы здзіўляліся, што загінула столькі моладзі, што так шмат людзей з аднолькавымі прозвішчамі, а значыць, гэта сваякі ці аднавяскоўцы…

Недакладнасцей у спісах на брацкіх магілах знайшлі няшмат, але яны былі. Напрыклад, сустракаюцца памылкі, некаторыя проз­вішчы выбіты на мемарыяльных плітах па два разы, а некаторых няма ўвогуле, хаця ў пашпарце пахавання яны значацца. Вынікі школьнага даследавання ўжо перададзены ў мясцовы выканкам для ўнясення патрэбных карэкціровак. Прыняўшы эстафету памяці, нашчадкі не падвялі…

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара і прадастаўлена сярэдняй школай № 2 Чавус