Гранты на справу жыцця

- 13:12Адукацыйная прастора

Яны жывуць сваёй справай. Так можна сказаць аб многіх таленавітых педагогах нашай краіны і не памыліцца. Не выключэнне і педагогі дадатковай адукацыі Салігорска Мінскай вобласці — Мікалай Аляксеевіч Пратасеня і Аляксандр Мікалаевіч Скалабан, якія ў мінулым годзе сталі ўладальнікамі прэзідэнцкіх грантаў згодна з распараджэннем ад 19 студзеня 2015 года “Аб прадастаўленні штомесячных грантаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 2015 год кіраўнікам і спецыялістам арганізацый навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры”, прызначаных на распрацоўку ўласных праектаў.

Кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву студыі “Скарбонка” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна Мікалай Аляксеевіч Пратасеня на працягу многіх гадоў вучыць дзяцей любові да керамікі і керамічнай цацкі. Дарэчы, салігорская цацка неаднойчы заваёўвала перамогі на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. На думку педагога, немалаважнай у яго справе з’яўляецца работа па аднаўленні старажытных тэхналогій ганчарства і прымяненні іх на занятках з дзецьмі, а таксама магчымасць умела спалучаць усё гэта з сучаснымі тэхналогіямі. Менавіта таму атрыманыя грошы Мікалай Аляксеевіч вырашыў накіраваць на распрацоўку інавацыйнага адукацыйнага праекта “Адраджэнне і захаванне ў сучасных умовах тэхналогій вытворчасці народных промыслаў (кераміка) і іх выкарыстанне ў практыцы работы ўстаноў адукацыі і культуры”. У рамках праекта — стварэнне ўнікальнага метадычнага дапаможніка “Керамічная цацка Салігоршчыны”. Дапаможнік яшчэ рыхтуецца да выдання, у аснову кнігі будзе закладзены шматгадовы практычны вопыт педагога, які будзе карысным у практыцы ўстаноў адукацыі і культуры.— Некаторыя майстры і педагогі часам не вельмі добра выкарыстоўваюць традыцыйныя народныя тэхналогіі ва ўстановах дадатковай адукацыі і культуры: яны могуць валодаць імі, але дзецям не даюць гэтых ведаў, бо лічаць іх складанымі або непатрэбнымі. Часам, адпраўляючы работы на конкурс, выкананыя ў традыцыйных тэхналогіях (напрыклад, абварная і задымленая кераміка), сутыкаешся з тым, што члены журы не могуць іх ацаніць, бо не знаёмы з гэтымі тэхналогіямі. Таму гэта трэба папулярызаваць: у нас паўсюль засілле імпартнай пластмасы, няма ніякага народнага элемента, а добра б было, каб дзіця ўжо з самага маленства акуналася ў сферу свайго, нацыянальнага, — упэўнены Мікалай Аляксеевіч.
У 2015 годзе навучэнцы Мікалая Аляксеевіча станавіліся пераможцамі і дыпламантамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў і выстаў, сярод якіх “Калядная зорка”, “Прывітанне, свет!”, “Юныя таленты Беларусі”, “Салют Перамогі!”, а двое ўдзельнікаў сталі лаўрэатамі І ступені Міжнароднага конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Зорны праект”. Сам педагог на працягу года таксама неаднаразова станавіўся ўладальнікам гран-пры фестываляў і конкурсаў, праводзіў майстар-класы для майстроў і педагогаў, удзельнічаў у канферэнцыях і выставах, а таксама займаўся мадэрнізацыяй матэрыяльна-тэхнічнай базы сваёй студыі.
Самай значнай падзеяй і дасягненнем года для Мікалая Аляксеевіча Пратасені стаў Адкрыты фестываль-выстава керамічнай цацкі “Гліняны цуд”, які прайшоў у снежні 2015 года ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна. Дарэчы, у рамках праекта плануецца правядзенне ІІ фестывалю-выставы ў 2017 годзе. Да таго ж Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна была пададзена заяўка ў Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі на адкрыццё на базе студыі “Скарбонка” рэспубліканскай кластарнай мадэлі метадычнага ўзаемадзеяння ў сістэме дадатковай адукацыі, дзе плануецца работа па павышэнні прафесійнага ўзроўню педагогаў і майстроў народнай творчасці ў галіне вытворчасці керамічнай цацкі.
Педагог дадатковай адукацыі Аляксандр Мікалаевіч Скалабан з’яўляецца кіраўніком аб’яднання “Трасавы аўтамадэлізм” Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна. Яшчэ ў дзяцінстве ён захапіўся мадэлізмам, а цяпер з тым жа захапленнем выкладае яго сваім навучэнцам. Нядзіўна, што яго выхаванцы станавіліся пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскіх спаборніцтваў, многія з іх кандыдаты ў майстры спорту.
Атрыманы грант Аляксандр Мікалаевіч вырашыў накіраваць на ўдасканаленне аўтамадэльнай трасы, створанай больш за 6 гадоў назад сіламі навучэнцаў. Была мадэрнізавана аўтамадэльная траса, набыта спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для правядзення трэніровак і спаборніцтваў, для ўдзелу ў спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню закуплены трасавыя аўтамадэлі, якія адпавядаюць міжнародным тэхнічным патрабаванням, а таксама камплектуючыя для мадэляў і спецыяльныя інструменты і матэрыялы для аўтамадэльнай творчасці.
Навучэнцы аб’яднання ўпершыню прынялі ўдзел у міжнародных спаборніцтвах па аўтамадэльным спорце “Кубак “Белыя ночы — 2015” у Санкт-Пецярбургу і “Кубак Усходняй Еўропы па аўтамадэльным спорце (трасавыя мадэлі)”. Вынікам удзелу ў гэтых спаборніцтвах стала распрацоўка палажэння аб Міжнародным фестывалі па аўтамадэльным спорце, а таксама распрацоўка праекта палажэння аб Міжнародным фестывалі па трасавым аўтамадэлізме “Формула-2016”.
З 10 па 13 снежня 2015 года на базе Цэнтра тэхнічнай творчасці быў праведзены Міжнародны фестываль па аўтамадэльным спорце (трасавыя мадэлі), у якім прынялі ўдзел юныя спартсмены і вопытныя аўтамадэлісты-трасавікі з Беларусі і Расіі. Салігорская каманда заняла 1-е месца. Плануецца штогод праводзіць міжнародны фестываль на базе ўстановы.
У дапамогу педагогам дадатковай адукацыі спартыўна-тэхнічнага профілю быў распрацаваны метадычны дапаможнік “Трасавыя мадэлі. Тэхналогія вырабу”, ілюстраваны падрабязнымі чарцяжамі і фотаздымкамі аўтамадэляў.

Людміла ГУРСКАЯ.