Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта з 65-годдзем ВНУ, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
У віншаванні адзначаецца, што за гэтыя гады ўніверсітэт даў пуцёўку ў жыццё больш як 35 тысячам кваліфікаваных спецыялістаў, якія паспяхова працуюць ва ўсіх кутках краіны, многія яго выпускнікі адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі.
“Сёння калектыў універсітэта можа па праве ганарыцца дасягненнямі ў адукацыйнай і навуковай дзейнасці. Высокай ацэнкі заслугоўваюць вашы перспектыўныя распрацоўкі ў галіне раслінаводства, жывёлагадоўлі, стварэння новых відаў мінеральных угнаенняў і кармавых дабавак”, — гаворыцца ў віншаванні.
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што калектыў ВНУ і ў далейшым будзе прымнажаць лепшыя традыцыі айчыннай вышэйшай адукацыі і рыхтаваць сапраўдных прафесіяналаў у сферы сельскагаспадарчай вытворчасці.