Грузія — важны партнёр Беларусі ў Закаўказзі

- 11:43Інфармацыйная гадзіна

Беларусь гатова пабудаваць у Грузіі лядовую арэну і біятлонны стадыён, заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на сустрэчы са старшынёй парламента Грузіі Іракліем Кабахідзэ.

“Нам вядома, што ў Грузіі прадугледжваецца ўзвядзенне лядовай арэны, біятлоннага стадыёна, цэнтра скачкоў з трампліна алімпійскага стандарту. У нашай краіне ёсць кампетэнцыі, каб прапанаваць такія праекты. Вы можаце паглядзець на іх — у нас ёсць лядовыя палацы, біятлонны комплекс у Раўбічах”, — адзначыў Андрэй Кабякоў. Ён прапанаваў развіваць супрацоўніцтва паміж праектнымі і будаўнічымі арганізацыямі дзвюх краін і заявіў, што Беларусь таксама гатова падзяліцца вопытам развіцця гарадскіх тэрыторый і асобных рэгіёнаў.

Паводле яго слоў, Грузія — важны партнёр нашай краіны ў Закаўказзі. Беларусь разлічвае актывізаваць двухбаковыя кантакты ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, нафтахіміі, фармацэўтыцы, гуманітарнай сферы. “Шэраг вядомых беларускіх брэндаў — Мінскі трактарны завод, “Магілёўліфтмаш”, МАЗ і іншыя — хацелі б менш часу траціць на пошук надзейных партнёраў, з кім можна было б гарантавана рэалізоўваць праекты. Таму нам важныя вашы рэкамендацыі, на каго можна разлічваць, каб рэальна атрымаць за адносна кароткі, разумны прамежак часу максімальную аддачу”, — растлумачыў прэм’ер-міністр.

Акрамя таго, Андрэй Кабякоў лічыць перспектыўным выкарыстанне інфраструктуры тэхнапаркаў Беларусі і Грузіі для прасоўвання сумесных навуковых праектаў па развіцці інавацыйнага прадпрымальніцтва і падрыхтоўцы ІТ-спецыялістаў. “Гэта напрамак, дзе мы маглі б істотна рушыць наперад”, — лічыць ён.

Беларусь і Грузія разлічваюць павялічыць тавараабарот не менш як да $200 млн. У аснове беларускага экспарту — высокатэхналагічная прадукцыя, у тым ліку цягнікі “Штадлер”, сельскагаспадарчая тэхніка, нафтахімічная і фармацэўтычная прадукцыя. У краін таксама ёсць дамоўленасць аб развіцці вытворчай кааперацыі, у прыватнасці, стварэнні сумеснай вытворчасці ліфтаў.

Іраклій Кабахідзэ падзякаваў за магчымасць арганізаваць візіт і вывучыць, як у Беларусі развіваецца эканоміка, сельская гаспадарка. “Мы зацікаўлены развіваць адносіны паміж дзяржавамі. У нас вельмі добрыя палітычныя адносіны”, — сказаў старшыня парламента Грузіі. Асобна ён падзякаваў беларускім ратавальнікам за дапамогу ў тушэнні пажару ў Баржомскай цясніне летам бягучага года.