Гучы, родная мова

- 11:13Адукацыйная прастора

Перспектывы пашырэння ўжывання беларускай мовы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі краіны абмеркавалі ўдзельнікі рэспубліканскага семінара, які прайшоў на базе Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Мерапрыемства складалася з дзвюх частак — пленарнага пасяджэння і практыка-арыентаваных заняткаў.

Актуальнасць распаўсюджання роднай мовы акрэсліла галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірына Булаўкіна.

— Сёння беларуская мова — гэта высокаразвітая літаратурная мова, якая можа паспяхова абслугоўваць усе камунікатыўныя патрэбы сучаснага грамадства, — адзначыла Ірына Уладзіміраўна. — Аб’ектыўна яна выконвае ў соцыуме тры асноўныя функцыі: камунікатыўную, культурную і ідэнтыфікацыйную. Яна распаўсюджана і функцыянуе на ўсёй тэрыторыі нашай дзяржавы. Больш за тое, шырока выкарыстоўваецца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, з’яўляецца не толькі вучэбным прадметам, але і рэальным сродкам навучання.

На пачатак гэтага навучальнага года ў рэспубліцы існавала больш за 2,9 тысячы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. З іх колькасць з беларускай і рускай мовамі навучання прыкладна аднолькавая — 48,4% і 51,5% адпаведна. У трох установах краіны адукацыйны і выхаваўчы працэсы ажыццяўляюцца на польскай мове, у адной — на літоўскай. Больш за ўсё беларускамоўных устаноў налічваецца ў Мінскай вобласці — 326, менш, чым дзе, іх дзейнічае на Магілёўшчыне — 162.

Нягледзячы на прыкладна роўную лічбу ўстаноў з беларускай і рускай мовамі навучання, колькасць вучняў, дзеля якіх адукацыйны працэс адбываецца выключна на беларускай мове, значна ніжэйшая — 13,3%, або каля 130 тысяч чалавек. На рускай мове навучанне праходзяць 86,6%, або амаль 840 тысяч дзяцей і падлеткаў.

— Аналізуючы статыстычныя даныя, трэба акцэнтаваць увагу яшчэ на адным важным моманце: установы агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання ў асноўным знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, а колькасць вучняў у іх, зразумела, невялікая, — падкрэсліла спецыяліст Міністэрства адукацыі. — Таму асноўная праблема і пытанне заключаюцца ў неабходнасці стварэння такіх устаноў і ў гарадской мясцовасці.

Па словах Ірыны Уладзіміраўны, сітуацыю з распаўсюджаннем беларускай мовы як сродку зносін у краіне можна палепшыць толькі агульнымі намаганнямі. Для гэтага неабходна, каб адукацыйны працэс быў арганізаваны пераважна на беларускай мове. І ў гэтым кірунку трэба працаваць не толькі міністэрству, упраўленням адукацыі аблвыканкамаў, аддзелам адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў, установам адукацыі, але і грамадскасці — бацькам, грамадскім аб’яднанням і іншым зацікаўленым.

А асновай гэтай работы павінны стаць не навязванне і прымус, а тлумачэнне і зацікаўленне. Так, дадатковы рэсурс вывучэння беларускай мовы і літаратуры складаецца ў правядзенні факультатыўных заняткаў і пазакласных мерапрыемстваў, сустрэч з сапраўднымі аматарамі беларускай мовы, канферэнцый, метадычных семінараў, літаратурных гасцёўняў, вечарын і г.д.

Немалаважная і практычная арыентаванасць вывучэння беларускай мовы, упэўнена намеснік дырэктара па навукова-даследчай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Вольга Зелянко, якая ў межах семінара агучыла пытанне навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.

— Паступова мы ўваходзім у вучэбнае асяроддзе, якое мэтавызначальным і сістэмаўтваральным называе кампетэнтнасны або практыка-арыентаваны падыход, — звярнула ўвагу прысутных Вольга Уладзіміраўна. — Ён канкрэтызуе тыя ўменні і навыкі, якія спатрэбяцца чалавеку ў рэальным жыцці. З гэтай пазіцыі кожны настаўнік павінен задаць сабе пытанне, ці фарміруюцца на ўроках беларускай мовы і літаратуры гэтыя ўменні і навыкі. Вельмі часта мы спыняемся на чыста лінгвістычных і вузкаспецыялізаваных паняццях, без якіх можна пражыць і стаць паспяховым чалавекам. Таму зараз у рэспубліцы распрацоўваюцца адукацыйныя стандарты новага пакалення, дзе ў цэнтры ўвагі будуць асобасныя метапрадметныя і прадметныя вынікі асваення адукацыйнай праграмы.

Наступныя выступоўцы закранулі пытанні прыярытэтных напрамкаў дзейнасці па папулярызацыі роднага слова і пашырэнні сферы яго выкарыстання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Магілёўскай вобласці, падзяліліся вопытам работы з філалагічна адоранымі вучнямі, расказалі аб удасканаленні педагагічнага майстэрства настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры ў сістэме павышэння кваліфікацыі.

Як вынік — удзельнікі семінара адзначылі, што нацыянальная сістэма адукацыі ў рэспубліцы стварае ўсе неабходныя ўмовы для пашырэння межаў выкарыстання беларускай мовы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі краіны. Так, вывучэнне беларускай мовы пачынаецца з 1 класа, прычым на авалоданне ёю ў школах і гімназіях адводзіцца аднолькавая з рускай мовай колькасць гадзін. Акрамя таго, ва ўстановах з рускай мовай навучання дзецям прапануюць вывучаць прадмет “Гісторыя Беларусі” на роднай мове. У гэтым годзе ў параўнанні з мінулым колькасць такіх вучняў павялічылася амаль на 4 тысячы чалавек — да 22 740.

Сістэмная работа ў гэтым кірунку працягнецца. Галоўным чынам яна будзе накіравана на ўдасканаленне дзейнасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі па выкананні Плана мерапрыемстваў у сістэме Міністэрства адукацыі па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства. Таксама будзе зроблены акцэнт на паляпшэнні тлумачальнай работы з законнымі прадстаўнікамі непаўналетніх па адкрыцці школ або класаў з беларускай мовай навучання, правядзенні шэрага мерапрыемстваў па распаўсюджванні беларускай мовы.

Практыка-арыентаваная частка семінара прайшла на базе магілёўскай сярэдняй школы № 40. Удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць наведаць майстар-класы настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Магілёўшчыны, пазнаёміцца з іх вопытам па ўдасканаленні работы з вучнямі па патрыятычным выхаванні, вывучэнні нацыянальных традыцый і народнай спадчыны. Таксама яны пазнаёміліся з выставамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці па розных кірунках народных рамёстваў, якімі са старадаўніх часоў валодалі нашы продкі і якія зараз з цікавасцю і задавальненнем асвойваюць сучасныя дзеці.

Завяршальным акордам семінара стала яскравая літаратурна-музычная кампазіцыя “Гучы, родная мова!” з практыкі правядзення тыдняў беларускай мовы, падрыхтаваная педагагічнымі работнікамі сярэдняй школы № 40 разам з навучэнцамі і іх бацькамі.

Юлія БАЧКАРОВА.