Гульня-конкурс па творчасці Янкі Маўра для вучняў 10—11 класаў (да 140-годдзя з дня нараджэння).

Мэта: спрыяць пашырэнню ведаў старшакласнікаў пра жыццё і творчасць беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку пра жыццё і дзейнасць Янкі Маўра; садзейнічаць развіццю цікавасці вучняў да вывучэння гісторыі роднага краю, яе знакамітых людзей; спрыяць выхаванню патрыятычных пачуццяў у вучняў, актыўнай грамадзянскай пазіцыі.
Ход гульні
У гульні ўдзельнічаюць 2 каманды, работу ацэньвае журы.
Вельмі цікавы ён і настаўнік, і чалавек.
Свае прадметы — гісторыю і геаграфію —
ведае не горш за якога прафесара. Ён можа
быць вам карысны.
Анатоль Тычына
— Як вы разумееце словы мастака Анатоля Тычыны пра Янку Маўра? Каму могуць быць адрасаваны гэтыя словы?
Слова настаўніка. Янка Маўр — агульнапрызнаны бацька беларускай дзіцячай літаратуры. Ён прыйшоў у яе ў другой палове 20-х гадоў, і прыход гэты азнаменаваў наспелае ўжо тады вылучэнне яе ў спецыфічную, суверэнную галіну творчасці, звернутую пераважна да чытача дзіцячага ўзросту.
Янка Маўр працягнуў і замацаваў той працэс “суверэнізацыі” нацыянальнай дзіцячай літаратуры, які намеціўся ў пачатку XX стагоддзя. Калі старэйшыя беларускія пісьменнікі Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля служылі як бы мастком паміж дарослай і дзіцячай літаратурамі, то з прыходам Янкі Маўра апошняя пачала выходзіць на самастойны шлях.
Янка Маўр стаў вядомы чытачу ў 1926 годзе, калі ў “Беларускім піянеры” пачала друкавацца першая яго аповесць “Чалавек ідзе” з інтрыгуючым, незвычайным для беларускай літаратуры, загадкавым псеўданімам: чарнаскуры Маўр, звязаны ў адно з адвечна беларускім іменем Янка. Сэнс гэтага псеўданіма раскрыецца крыху пазней, калі з’явяцца наступныя аповесці пісьменніка. А тады аўтару, настаўніку гісторыі і геаграфіі 25-й чыгуначнай мінскай школы Івану Міхайлавічу Фёдараву, ішоў 44-ы год, за плячыма яго быў значны і важкі жыццёвы вопыт.
У красавіку 2023 года будзе адзначацца 140-годдзе з дня нараджэння Янкі Маўра, таму сённяшняе мерапрыемства прысвячаецца менавіта яму.
- Конкурс “Разгадай крыжаванку”.
- Да якога жанру адносіцца твор пісьменніка “Максімка”? (Апавяданне.)
- Сапраўднае імя пісьменніка. (Іван.)
- З кім з беларускіх пісьменнікаў парадніўся? (Колас.)
- Месца нараджэння пісьменніка. (Лібава.)
- Імя па бацьку пісьменніка. (Міхайлавіч.)
- Імя дачкі пісьменніка. (Наталля.)
- Сапраўднае прозвішча пісьменніка. (Фёдараў.)
- Мянушка кошкі з апавядання пісьменніка. (Багіра.).
2. Конкурс “Пазнай героя па апісанні”.
Неабходна пазнаць герояў з твораў Янкі Маўра па прапанаваным апісанні, назваць твор, з якога ўзята апісанне героя. Каманды адказваюць па чарзе.
- “…быў худы, цыбаты дзяцюк, з блакітнымі вачыма, доўгім птушыным носам і доўгімі светлымі валасамі”. (Мірон, “Палескія рабінзоны”.)
- “…, наадварот, — прысадзісты, карчасты, чарнявы, з круглым пляскатым тварам.” (Віктар, “Палескія рабінзоны”.)
- “У ім сядзеў чалавек сярэдняга росту, жоўты, з вузкімі касымі вачыма. Адзенне яго складалася толькі з портак і кашулі, але і ад іх засталася толькі назва, бо гэта былі адны анучкі, звязаныя рознымі сцябельчыкамі і карэньчыкамі”. (Кітаец Чунг-Лі, “У краіне райскай птушкі”.)
- “Яны былі кірпатыя, з тоўстымі губамі і вялікімі выступамі шчок. Але дзіўней за ўсё былі іх кудлатыя галовы. Кучаравыя валасы ўздымаліся на галаве, як стог сена, і надавалі ім вельмі люты выгляд”. (Папуасы, “У краіне райскай птушкі”.)
- “Высокі мужчына, гадоў пад сорак. Чысты, голены твар яго выказваў гордасць і самаўпэўненасць. Ён заўсёды быў спакойны”. (Містэр Скот, “У краіне райскай птушкі”.)
- “Нізкі, тоўсты, зласлівы. Ён меў сорак пяць год і за свой век змяніў шмат прафесій: і вайсковым быў, і на моры служыў, і пропаведзі ў царкве гаварыў, і ў тэатры працаваў, — і нідзе не меў удачы праз свой характар”. (Містэр Брук, “У краіне райскай птушкі”.)
- “А …, нібы той сланечнік, паварочваў следам за мной свой круглы тварык. І з выразу вачэй яго таксама пырскала шчасце, і таксама здавалася, што ён вось-вось нешта скажа”. (Хлопчык, “Шчасце”.)
- “Чатырнаццацігадовы хлопчык, аддадзены тры месяцы назад у рамеснае абутковае вучылішча, вярнуўшыся з работы, сеў у куток і пачаў пісаць”. (Васька Жукаў, “Васька Жукаў”.)
- “Аднаго разу зайшоў сюды сам гаспадар, высокі, згорблены, паголены стары з падбародкам, высунутым наперад, бы дышаль”. (Сіньёр Скаролі, “Цётка Эмілія”.)
- “Колер скуры брудна-жоўты, твар шырокі, вочы вузкія, а нос роўны, прамы, нават прыгожы. Валасы чорныя, доўгія, спускаюцца ўніз, як кара, і каб іх не вырывалі спераду, то чалавек і свету не бачыў”. (Маленькія дзеці, “Сын вады”.)
3. Конкурс “Успомні назвы”.
Неабходна ўспомніць назвы. Каманды адказваюць па чарзе.
- Аўтабіяграфічная аповесць пісьменніка. (“Шлях з цемры”.)
- Першы беларускі раман для дзяцей. (“Амок”.)
- Твор, у якім Янка Маўр пераконваў чытача, што найцікавейшае — гэта не заўсёды далёкае, што часта мы не бачым па-сапраўднаму цікавага, таго, што знаходзіцца побач. Што гэта за аповесць? (“Палескія рабінзоны”.)
- Краіна, дзе жыве райская птушка. (Новая Гвінея.)
- Страшная хвароба яванцаў. (Амок.)
- Дрэва, якое цвіце толькі раз за ўсё жыццё на 50-м годзе. (Яванская пальма.)
- Аповесць, на старонках якой мы сустракаем апісанне стражытных жывёл — вялізных мастадонтаў, тапіраў і іншых. (“Чалавек ідзе”.)
- Таварыства, створанае школьнікамі ў аповесці “ТВТ”. (Таварыства ваяўнічых тэхнікаў.)
- Аповесць, у якой мы сустракаем такое радыёпаведамленне: “Трэці дзень у нас пурга. Гідролаг Кузьменка пры смерці. Выратаваць можа толькі ўліванне крыві. Група першая. Яе ў нас няма…” (“Фантамабіль прафесара Цылякоўскага”.)
- Апавяданне, у аснову якога лёг рэальны трагічны факт — гібель жонкі і сына пісьменніка Міхася Лынькова. (“Завошта?”)
4. Конкурс перакладчыкаў-капітанаў.
З дапамогай беларуска-рускага слоўніка перакласці на рускую мову невялічкія ўрыўкі з апавяданняў. Удзельнічаюць капітаны каманд.
Урывак з апавядання “Багіра”
“Вы, вядома, чулі гэтае імя. Пэўна, ведаеце чорную пантэру, прыяцельку Маўглі.
Але цяпер гутарка будзе ісці хоць і пра дальнюю сваячку, але ўсё ж такі не пра пантэру, а пра кошку. Звычайную кошку, толькі, вядома, чорную. І, мусіць, не менш разумную, як тая Багіра.
Трапіла яна да нас самым незвычайным чынам. Раз у марозны веснавы вечар, досыць позна, вярталіся мы з дачкой дахаты. Жылі тады на ўскраіне горада. Людзей хадзіла мала. Свяціў месяц, хрумсталі падмерзлыя лужыны.
I вось тут прычапілася да нас чорная кошка, жаласна мяўкае, трэцца каля ног. А як толькі мы спынімся, яна, азіраючыся, ідзе назад. Пойдзем мы далей — яна зноў даганяе нас, крычыць, блытаецца між ног, забягае наперад, нібы не пускае ісці ў той бок. Справа ясная: яна хоча, каб мы пайшлі за ёю кудысьці назад. Нічога не зробіш: калі яна так выразна і настойліва патрабуе — трэба ісці.
Як толькі мы зрабілі пару крокаў назад, яна ўзрадавалася, шпарка паскакала ў той бок і знікла. Што яна: жартуе з намі? Мы сталі. Тады кошка зноў з’явілася і зноў пачала мяўкаць і церціся. Мы зноў пайшлі за ёю — і зноў яна пабегла наперад, мяўкаючы здалёк”.
- Конкурс “Знайдзі памылку”.
Выправіць памылкі ў тэксце (асобныя звесткі аб жыцці і творчасці Янкі Маўра). У дужках дадзены правільны варыянт.
Янка Маўр нарадзіўся ў сям’і выхадца з Беларусі. Яго бацька быў адстаўным салдатам, паходзіў з беззямельных сялян, працаваў сталяром. Маці (бацька) рана памерла, і сям’я пераехала на радзіму бацькі (маці) у вёску Лебянішкі. У 1895 годзе скончыў пачатковую школу, а ў 1899 годзе — Ковенскае рамеснае вучылішча. Пасля паступіў у Панявежскую настаўніцкую семінарыю, але ў канцы 1902 года яго выключылі. Тым не менш у 1903 годзе ён атрымаў пасведчанне настаўніка беларускай мовы (пачатковай школы), здаўшы экстэрнам экзамены за семінарскі курс.
Янка Маўр быў вядомым эсперантыстам. Сабраў вялікую хатнюю бібліятэку. Любіў язду на веласіпедзе і добра іграў на баяне (скрыпцы). Сябраваў з Янкам Купалам (Якубам Коласам), нават парадніўся з ім.
Янка Маўр быў узнагароджаны трыма ордэнамі, а таксама медалямі. Вуліцы ў Мінску і Віцебску (Пінску) носяць яго імя. У Мінску ёсць абласная дзіцячая бібліятэка імя Янкі Маўра. З 1995 (1993) года ў Беларусі прысуджаецца прэмія імя Янкі Маўра за лепшыя творы для дзяцей. Зняты фільм пра жыццё і творчасць пісьменніка “Янка Маўр. Капітан дзіцячых мар”.
- Конкурс мастакоў.
Да ўрока каманды падрыхтавалі ілюстрацыі да ўрыўкаў з твораў Янкі Маўра, прапанаваных настаўнікам. Неабходна растлумачыць, што намалявана, і зачытаць той момант твора, які праілюстраваны.
1-я каманда — ілюстрацыя да ўрыўка з твора “Багіра” Янкі Маўра.
2-я каманда — ілюстрацыя да ўрыўка з твора “Шчасце” Янкі Маўра.
- Конкурс “Рэкламны”.
Прарэкламаваць любы твор Янкі Маўра сваім сябрам так, каб ім захацелася яго прачытаць. За кожны правільны адказ — па 3 балы.
Журы падлічвае балы і абвяшчае каманду пераможцаў.
Слова настаўніка. Янка Маўр зрабіў значны ўклад у беларускую літаратуру. Ён як першаадкрывальнік і першапраходца вызначыў далейшы яе кірунак і развіццё, стаў стваральнікам новых для яе жанраў — прыгодніцкага і навукова-фантастычнага, з прычыны чаго яму ўдалося пашырыць часавыя і прасторавыя межы беларускай дзіцячай літаратуры.
Пісьменнік любіў кнігі і казаў: “Той, хто з кнігай па жыцці крочыць, той ніколі і нідзе не знікне”. Хачу, каб вы запомнілі словы Янкі Маўра і заўсёды ішлі наперад, ганарыліся сваёй краінай і яе славутымі землякамі.