Гульня­-конкурс па жыцці і творчасці Вячаслава Адамчыка (для 10—11-х класаў)

- 17:07Образование, Портфолио

Гульня-­конкурс па жыцці і творчасці Вячаслава Адамчыка (для вучняў 10—11-х класаў).

Мэта — садзейнічаць пашырэнню ведаў старшакласнікаў пра жыццё і творчасць Вячаслава Адамчыка; спрыяць развіццю цікавасці вучняў да вывучэння гісторыі роднага краю, яе знакамітых людзей; садзейнічаць выхаванню ў вучняў патрыятычных пачуццяў, актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

Ход гульні

У гульні ўдзельнічаюць 2 каманды, работу ацэньвае журы.

Вячаслаў Адамчык любіў слова,

маліўся слову, ведаў магію слова,

цярпець не мог фальшу.

Страшэнна не любіў тых, хто

зняважліва ставіўся да слова.

Алесь Бадак

Настаўнік. Як вы разумееце словы пісьмен­ніка Алеся Бадака пра Вячаслава Адамчыка? Як гэтыя словы характарызуюць Вячаслава Адамчыка як пісьменніка?

У лістападзе 2023 года мы адзначылі 90-годдзе з дня нараджэння Вячаслава Адамчыка, таму сённяшняе мерапрыемства прысвячаецца менавіта яму. Жыццё Вячаслава Адамчыка было нялёгкім. Нарадзіўся ён у беднай сям’і. Дзяцінства прыпала на гады Вялікай Айчыннай вайны. Каб дапамагаць бацькам, перавёўся на вячэрняе навучанне і пайшоў працаваць. Тады ж і пачаў пісаць вершы, якія насіў у рэдакцыю за 15 кіламетраў пехатой.

Пачаткам творчага шляху лічыцца 1957 год. Тады былі надрукаваны яго першыя апавяданні. Вячаслаў Адамчык быў прызнаны несумненным талентам. Вядомы сучасны літаратуразнавец С.Андранюк казаў, што апавяданні Адамчыка суровыя. Яны рыхтуюць чалавека да жыцця сапраўднага, выхоўваюць любоў і павагу да чалавека.

  1. Конкурс “Разгадай крыжаванку” (адказы запісваць у назоўным склоне).
  1. Назва вёскі, у якой нарадзіўся пісьмен­нік.
  2. Першае апавяданне пісьменніка.
  3. Якую школу наведваў Вячаслаў Адамчык пасля заканчэння сямігодкі?
  4. Прозвішча галоўнага героя аповесці “Млечны шлях”.
  5. Назва часопіса, у рэдакцыі якога працаваў пісьменнік.
  6. Імя па бацьку пісьменніка.
  7. Назва дзіцячага часопіса, у якім Вячаслаў Адамчык быў галоўным рэдактарам.
  8. Пра яго Вячаслаў Адамчык напісаў сцэнарый да фільма.
  9. Дзе знаходзілася сямігодка, у якой вучыўся будучы пісьменнік?
  10. Назва ваеннага твора Вячаслава Адамчыка “… яблыкі”.
  11. Пісьменнік рабіў пераклады балгарскіх народных … .
  12. У якім горадзе Вячаслаў Адамчык скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы?
  13. Кім працаваў на чыгуначнай станцыі Наваельня?
  14. Раманы пісьменніка “Чужая бацькаўшчына”, “Год нулявы”, “І скажа той, хто народзіцца…” складаюць … .
  15. У якой сям’і нарадзіўся пісьменнік?

2. Конкурс “Пазнай героя па апісанні”.

Неабходна пазнаць герояў з твораў Вячаслава Адамчыка па прапанаваным апісанні, назваць твор, з якога ўзята апісанне героя.

Каманды адказваюць па чарзе.

  1. “І гэтакі быў таўстагубы, і гэтак зацята глядзеў спадылба, як яго прызнаны цэлаю вёскаю, але не запісаны ў метрыцы бацька”. (Тонік, “Салодкія яблыкі”.)
  2. “Твар у яго дробны, худы і трохі васпаваты і нейкія хітрыя, быстрыя вочкі”. (Чалавек у суконным фрэнчы, “Дзікі голуб”.)
  3. “…з нерухомым жаўтлявым тварам і худымі пашчэнкамі. Я помню, што ў яго дрыжаліся і не гнуліся худыя, доўгія пальцы”. (Стары яўрэй, “Аптэка нумар тры”.)
  4. “Высокая, бялявая і трохі зласнаватая кабета, ад якой добра перападала распусным і самым няздольным, гультаяватым хлопцам”. (Настаўніца Ізабэла Навакоўска, “Вочы поўныя жыцця і страху”.)
  5. “Самы маўклівы і сарамяжлівы сярод нас сталяроў сын, бялявы з віхрастым чубком”. (Чэсік Харошка, “Вочы поўныя жыцця і страху”.)
  6. “Старыя яе рукі з набраклымі сінімі жыламі накрыж ляжалі на каленях. Твар быў сцяты ад нейкай злосці, спярэшчаны маршчынамі, чырванаваты з шырокім носам”. (Кабета, “Маці”.)
  7. “Была яна ўжо немаладога веку і ішла, сагнуўшыся і намацваючы нагамі зямлю. Твар яе зжоўк і завастрыўся, звялыя губы суха і пякуча сінелі, толькі чорныя вільготныя вочы былі яшчэ пільныя і жывыя”. (Жанчына-маці, “Пагарэльцы”.)
  8. “Худы, высокі, адзеты ва ўсё старое, падношанае, у чаравіках з падранымі і сашчэпленымі медным дротам насамі”. (Фізрук, “Урок арыфметыкі”.)
  9. “Маладзейшая за ўсіх, далікатная з твару. Шчодра-густыя яе валасы свежа рассыпаліся, мякка адсвечваючы залацістай чырванню, і на вушах мігатліва калыхаліся цяжкія завушніцы”. (Часлава Карлаўна, “Урок арыфметыкі”.)
  10. “Без шапкі, у белай нейлонавай рубашцы, у модных, як носяць цяпер, з шырокім поясам і вузкаватых у сцёгнах штанах”. (Мішка Галубец, “Хата”.)

3. Конкурс “Прыгадай назвы” (каманды адказваюць па чарзе).

Успомніце назвы:

1) рамана, за які пісьменнік атрымаў Літаратурную прэмію імя Івана Мележа (“Чужая бацькаўшчына”);

2) газеты, у якой пісьменнік дэбютаваў вершамі (“За новую вёску”);

3) твора, які спачатку называўся “Срэбра на павуціне” (“Па часе”);

4) абструганай яловай палкі з накарэлым на ёй цестам (“Стараста”);

5) лірычнага твора пра адносіны Вячаслава Адамчыка да родных краявідаў (“Песня”);

6) твора, у якім расказваецца, як хлопчык знайшоў на дарозе жалезныя грошы (“Два злоты”);

7) пары года, пра якую расказваецца ў творы “Маладзіковая нядзелька” (лета);

8) месца, куды ішлі бацька і сын у творы “Дзень ранняе восені” (сталовая);

9) вёскі, пра якую апавядаецца ў творы “Год нулявы” (Верасава);

10) могілак, на якіх пахаваны Вячаслаў Адамчык (Кальварыйскія).

  1. Конкурс перакладчыкаў-капітанаў.

З дапамогай беларуска-рускага слоўніка перакласці на рускую мову невялікія ўрыўкі з апавяданняў (па адным капітане ад каманды).

Урывак з апавядання“Маці”(1-я каманда)

“Чалавеку заўсёды помніцца нешта ня­звыклае… калі я раптам убачу чый-­небудзь нязвыклы, непрыгожы твар”.

Урывак з апавядання“Сонечны зай­чык” (2-я каманда)

“Янa былa cтapaя, pыжaя, з кapoткiмi aдмapoжaнымi вyшaмi i зaўcёды cyмнымi вaчымa… выгpaццa нa пeчы”.   

  1. Конкурс “Знайдзі памылку”.

Выправіць памылкі ў тэксце (асобныя звесткі аб жыцці і творчасці Вячаслава Адамчыка).

Вячаслаў Адамчык нарадзіўся ў вёсцы Варакомшчына Наваполацкага (Навагрудскага) павета (цяпер Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобласці). Вучыўся ў Новаяльнянскай школе рабочай моладзі і адначасова працаваў грузчыкам на чыгуначнай станцыі. У 1953 (1952) годзе паступіў на аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у рэспубліканскіх газетах і часопісах, у Дзяржаўным выдавецтве Беларусі.

Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Працаваў у рэдакцыі часопіса “Маладосць”. Спачатку рэдактарам аддзела паэзіі (прозы), потым — намеснікам галоўнага рэдактара. Узначальваў сцэнарную майстэрню пры кінастудыі “Беларусьфільм”. З 1982 года — галоўны рэдактар часопіса “Вожык” (“Бярозка”). Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (Івана Мележа) у 1980 годзе і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа ў 1989 годзе. З першымі апавяданнямі ў друку Вячаслаў Адамчык выступіў у 1957 годзе. За гэты час ім выдадзены наступныя кнігі: зборнікі апавяданняў “Свой чалавек”, “Млечны шлях”, “Міг бліскавіцы”, “Дзікі голуб”, “Год дванаццаты” “Год нулявы”. Раман “Чужая бацькаўшчына” і п’еса “Раіса Грамычына” экранізаваны. Творы Вячаслава Адамчыка перакладаліся на рускую мову, польскую, літоўскую, нямецкую, яўрэйскую, балгарскую, туркменскую і іншыя мовы.

  1. Конкурс мастакоў-творцаў.

Каманды падрыхтавалі ілюстрацыі да ўрыўкаў з твораў В.Адамчыка, прапанаваных настаўнікам. Неабходна растлума­чыць, што намалявана, і зачытаць той момант твора, які праілюстраваны.

1-я каманда — ілюстрацыя да ўрыўка з твора “Салодкія яблыкі”.

2-я каманда — ілюстрацыя да ўрыўка з твора “Урок арыфметыкі”.

  1. Конкурс “Рэкламны”.

Прарэкламаваць любы твор В.Адамчыка сваім сябрам так, каб ім захацелася яго прачытаць. За кожны творчы адказ — па 3 балы.

Журы падлічвае балы і абвяшчае каманду пераможцаў.

Настаўнік. Вячаслаў Адамчык — выдатны майстар беларускага слова, які пакінуў значны след у беларускай культуры і літаратуры. Пісьменнік любіў роднае слова. Яго творчасць прасякнута глыбокай любоўю да роднага кутка. Вельмі запамінальнымі становяцца літаратурныя партрэты жыхароў Заходняй Беларусі, створаныя пісьменнікам. Творы Адамчыка перакладаюцца і добра ўспрымаюцца і за межамі рэспублікі. Ім наканавана доўгае жыццё.

 Сняжана БРЫТАНАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры

Суражскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза М.П.Шмырова Віцебскага раёна
Фота Наталлі КАЛЯДЗІЧ для прэўю выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі