Гуманітарнае ўзаемадзеянне: вызначаны новыя вектары

- 11:57Інфармацыйная гадзіна

Фінансаванне рэканструкцыі Брэсцкай крэпасці плануецца ўключыць у бюджэт Саюзнай дзяржавы на 2018 год. Аб гэтым заявіў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота ў ходзе правядзення ў Маскве экспертна-медыйнага форуму “Новы вектар гуманітарнага партнёрства ў Саюзнай дзяржаве”.

Рыгор Рапота адзначыў, што папярэдні каштарыс рэканструкцыі ўжо сфарміраваны. “Работа ідзе, я разлічваю, што мы гэтую задачу вырашым, — сказаў дзяржсакратар. — У 2018 годзе ў нас такі радок у бюджэце закладзены. Пасля таго як будзе сфарміраваны каштарыс з пазначэннем дакладных расходаў, хочацца верыць, што ў 2018 годзе мы пачнём гэтую работу”.

Як раней паведамляла наша газета, форум “Новы вектар гуманітарнага партнёрства ў Саюзнай дзяржаве” прайшоў у Маскве 22—23 лістапада. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі гуманітарных сфер Беларусі і Расіі, якія абмяркоўвалі праблемы музеяў, бібліятэк, кнігавыдавецтва, адукацыі.

Выступаючы на форуме, пасол Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка адзначыў, што гуманітарная сфера павінна быць уключана ў лічбавы парадак дня. “Лічбавізацыя павінна стаць неад’емнай часткай у тым ліку гуманітарнага ўзаемадзеяння”, — сказаў Ігар Петрышэнка.

Тэма лічбавай эканомікі актыўна абмяркоўваецца і на прасторы Еўразійскага эканамічнага саюза. Яна з’яўляецца суперактуальнай і для Беларусі, і для Расіі: прыняты адпаведныя дзяржаўныя праграмы, дарожныя карты па рэалізацыі лічбавага парадку дня. І ўсё гэта не даніна модзе, а патрабаванне часу, падкрэсліў пасол.

На яго думку, ёсць пэўныя вынікі ўкаранення лічбавых тэхналогій у гуманітарную сферу: гэта стварэнне электронных баз даных музеяў і бібліятэк, перавод у лічбу вялікіх архіўных масіваў, анлайн-доступ да культурных падзей і бібліятэчных фондаў. Аднак, упэўнены Ігар Петрышэнка, гэтага недастаткова. Павінна стварацца бясшвовая інфармацыйная прастора Саюзнай дзяржавы з агульнымі падыходамі да накаплення, выкарыстання і абароны інфармацыі.

“Гуманітарнае супрацоўніцтва ў лічбавую эпоху — вось як сёння стаіць пытанне”, — рэзюмаваў дыпламат.