Ад школьнай лабараторыі да ўкаранення ў хімічную прамысловасць — адзінаццацікласнік з гімназіі Ганцавіч Мікіта Лагодзіч прыдумаў тэхналогію вырабу расліннага аналага сінтэтычных хімікатаў.
“Зялёныя” індыкатары
Праект Мікіты вырашае праблему змяншэння выдаткаў на набыццё хімічных рэактываў для школьнай лабараторыі шляхам частковай замены сінтэтычных індыкатараў на самаробныя раслінныя. Яго распрацоўка прадугледжвае выкарыстанне альгінату натрыю, які ўступае ў рэакцыю з асяроддзем або растворам і адлюстроўвае іх pH-паказчык.
— Я распрацаваў новую тэхналогію вырабу раслінных індыкатараў з капсульнай структурай, а таксама прадумаў варыянты іх выкарыстання і захоўвання, — адзначыў хлопец. — Ідэя прыйшла падчас праходжання адукацыйнай змены ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Увасобіць яе ў жыццё мне дапамагла выкладчыца біялогіі Марына Вітольдаўна Новік. У аснове задумы — выкарыстанне альгінату натрыю, які атрымліваюць з водарасцей. Ён уяўляе сабой кіслотную аснову і служыць для вырабу нерастваральных солей.
Дзякуючы спецыфічным характарыстыкам, альгінат натрыю можа стаць выдатнай альтэрнатывай сінтэтычным індыкатарам, якія выкарыстоўваюцца ў школьных лабараторыях. Валодаючы практычна ўсімі неабходнымі ўласцівасцямі, ён адрозніваецца выключнай экалагічнасцю, паколькі вырабляецца на аснове прыроднага матэрыялу. Таксама ён здольны без праблем рэагаваць на кіслотнае асяроддзе раствору, прычым больш наглядна, чым яго таксічны аналаг. І яшчэ адзін важны плюс — індыкатары на аснове альгінату натрыю таннейшыя за сінтэтычныя, а значыць, больш выгадныя з пункту гледжання вытворчасці.
А як на практыцы?
Для таго каб вызначыць эфектыўнасць альгінату натрыю, Мікіта правёў шмат доследаў і эксперыментаў.
— На практыцы гэта выглядае наступным чынам, — расказаў хлопец. — Дапусцім, адбываецца рэакцыя нейтралізацыі. У выніку атрымліваецца пэўны раствор, і вам трэба вызначыць, ці адбылася нейтралізацыя, якое атрымалася асяроддзе — нейтральнае, шчолачнае або кіслотнае. Альгінат натрыю справіцца з гэтай задачай.
Дзякуючы спецыфічным характарыстыкам, альгінат натрыю можа стаць выдатнай альтэрнатывай сінтэтычным індыкатарам, якія выкарыстоўваюцца ў школьных лабараторыях.
Маю распрацоўку можна прымяняць нават у побыце. За кошт невысокага кошту яна спатрэбіцца і ў сельскай гаспадарцы. Так, для камфортнага росту многіх раслін неабходна пэўная кіслотнасць асяроддзя. Калі выкарыстоўваць індыкатарныя палоскі, то прыйдзецца іх не толькі размясціць па ўсім участку, але і сабраць потым, бо яны не перагніваюць. А раслінныя індыкатары з капсульнай структурай, якія я распрацаваў, і з замерам кіслотнасці спраўляюцца, і самастойна перагніваюць. Дарэчы, мой праект можна працягваць развіваць і нават укараніць у прамысловасць. Напрыклад, раслінныя індыкатары падыдуць для даследавання pH-паказчыка сыравіны.
Галоўнае — працэс
З гэтай ідэяй Мікіта выступіў на рэспубліканскім маладзёжным інавацыйным праекце “100 ідэй для Беларусі”. Хлопец падышоў да справы з усёй адказнасцю і стаў першым прадстаўніком Ганцаўшчыны, які перамог у гэтым конкурсе:
— Я прайшоў тры этапы. Стартаваў з занальнага адбору, на якім, акрамя Ганцавіцкага раёна, былі прадстаўлены Баранавіцкі і Ляхавіцкі. Яго пераадолеў без праблем, як і абласны этап. Наперадзе чакаў фінал, да якога трэба было добра падрыхтавацца. Пасля кожнага адборачнага этапу мы дапрацоўвалі праект. Экспертная камісія падказвала, як можна палепшыць ідэю і зрабіць індыкатары на аснове альгінату натрыю больш эфектыўнымі. Дзякуючы карысным парадам, я вырашыў зрабіць акцэнт не толькі на практычнай карысці задумы, але і на яе экалагічных якасцях, што надало праекту ўніверсальнасці.
Не магу сказаць, што перад фіналам быў упэўнены ў тым, што мая ідэя будзе прэтэндаваць на гран-пры. Усё-такі даходзяць да гэтай стадыі лепшыя распрацоўкі з усёй краіны — канкурэнцыя вельмі высокая. Падчас выніковай экспазіцыі паглядзеў на іншыя работы — кожная з іх была па-свойму цікавай. Але і моцнага хвалявання не адчуваў. Калі абвясцілі, што я перамог, успрыняў гэта спакойна. Вядома, прысутнічала задавальненне ад праведзенай працы, але для мяне больш важны працэс, чым вынік. Выйграваць прыемна, але гэта толькі пачатак майго шляху, які хачу звязаць з хіміяй. Зараз вучуся ў хіміка-біялагічным класе і планую паступаць у медыцынскі ўніверсітэт.
На доўгую памяць
Акрамя навуковай дзейнасці, Мікіта прымае ўдзел і ў грамадскіх ініцыятывах. У канцы чэрвеня хлопец адправіўся ў падарожжа па гарадах Беларусі і Расіі ў рамках патрыятычнага праекта “Цягнік Памяці”.
— Паездка мне вельмі спадабалася, — падзяліўся ўражаннямі Мікіта. — Было цікава наведаць гарады маёй Радзімы і краіны-суседкі. Дарэчы, у Расіі я быў упершыню. Праект вельмі карысны яшчэ і тым, што падчас падарожжа я пазнаёміўся з цікавымі людзьмі. Расійскі бок прадстаўлялі па два чалавекі з кожнага суб’екта Расійскай Федэрацыі, таму мне ўдалося даведацца шмат новага пра культуру розных народаў.
Ганаруся тым, што стаў удзельнікам першага праекта “Цягнік Памяці”, і па-добраму зайздрошчу навучэнцам, якім пашчасціць у будучыні стаць прадаўжальнікамі гэтай ініцыятывы. Лічу, што памятаць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны вельмі важна, бо паўтарэнне падобнага недапушчальна, а подзвіг тых, хто абараніў мір, — неацэнны і вечны.
Дзмітрый АРХІПЕНКА.