Хітраспляценні нейрасетак: аптымальныя шляхі выкарыстання штучнага інтэлекту пры падрыхтоўцы лінгвістаў

- 15:22Интервью

Лічбавыя тэхналогіі трансфармуюць усе сферы жыцця грамадства. Асаблівую ролю ў гэтых змяненнях адыгрывае ўкараненне штучнага інтэлекту, у тым ліку ў сферы адукацыі. Як новая для адукацыі з’ява прыжываецца сярод студэнтаў і выкладчыкаў МДЛУ, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведалася ў прарэктара па вучэбнай рабоце Алены Бяцені.

— Алена Пятроўна, у гэтым навучальным годзе ў МДЛУ прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя “Мова ў эпоху лічбавых трансфармацый і развіцця штучнага інтэлекту”. Наколькі масава і як менавіта сёння адбываецца выкарыстанне тэхналогій штучнага інтэлекту (ШІ) пры пад­рыхтоўцы спецыялістаў-лінгвістаў: перакладчыкаў, выкладчыкаў замежнай мовы?

Перш за ўсё падкрэслю, што сёння масава ідзе дыскусія ў педагагічнай грамадскасці пра выкарыстанне інструментаў ШІ ў адукацыйным працэсе. Калі раней дыскусія насіла ў значнай ступені крытычны характар, узнімалася пытанне, як прадухіліць выкарыстанне студэнтамі ChatGPT і іншых нейрасетак пры падрыхтоўцы пісьмовых работ і іншых заданняў, то цяпер прапрацоўваюцца алгарытмы і метадычныя рэкамендацыі па эфектыўным прымяненні гэтых інструментаў. На іх базе распрацоўваюцца тэхналогіі навучання. А значыць, намаганні накіроўваюцца на вызначэнне аптымальных шляхоў выкарыстання ШІ для павышэння якасці адукацыі і стымуляванне выкладчыкаў да іх прымянення. Дзеля гэтага ў МДЛУ функ­цыянуе лабараторыя лічбавых тэхналогій навучання і праводзіцца зімовая школа “Лічбавы партфель выкладчыка”. Напрыклад, падчас лютаўскай школы абмяркоў­валіся такія тэмы, як “Нейронныя сеткі ў навучанні замежным мовам”, “Кампетэнцыі XXI стагоддзя: што павінен ведаць і ўмець педагог замежных моў у эпоху ШІ”, “ШІ-асістэнты ў адукацыі: магчымасці і перспектывы”, “Арганізацыя практычных заняткаў па перакладзе ў табліцах Google”, “Ацэнка якасці тэксту. Праверка тэксту на штучны інтэлект”.

Усё гэта спрыяе пашырэнню выка­рыстання ШІ ў адукацыйным працэсе і выкладчыкамі, і студэнтамі. Такім чынам, інструменты штучнага інтэлекту займаюць важнае месца ў падрыхтоўцы сучасных спецыялістаў-лінгвістаў: перакладчыкаў і выкладчыкаў замежнай мовы, спецыялістаў па міжкультурнай камунікацыі.

— Якія магчымасці адкрывае перад студэнтамі лінгвістычных УВА ўкараненне ў адукацыйны працэс інструментаў ШІ, выкарыстанне нейронных сетак у вучэбным працэсе?

Гаворачы пра магчымасці выкарыстання інструментаў ШІ для студэнтаў, нельга не згадаць пра падрыхтоўку з іх дапамогай дамашніх заданняў, накіраваных на пошук і апрацоўку інфармацыі, розных даных, тэматычных матэрыялаў і г.д. Скарачаецца час на пошук інфармацыі, на падбор матэрыялаў, пералік літаратуры. Аднак ацэнкай якасці матэрыялу, яго кампаноўкай і стварэннем прэзентацыі павінен займацца сам студэнт.

На этапе ацэнкі якасці матэрыялаў часцей за ўсё высвятляецца, што патрэбна дапрацоўка, а ў шэрагу выпадкаў і перапрацоўка. Тут важная роля выкладчыка, які ўкажа на недасканаласць рабочага матэ­рыялу і шляхі яго карэкцыі.

Калі гаварыць пра магчымасці ШІ ў прывязцы да будучай прафесійнай дзейнасці нашых выпускнікоў, то студэнтаў — будучых выкладчыкаў замежнай мовы неабходна вучыць распрацоўцы вучэбных рэсурсаў з выкарыстаннем інструментаў ШІ. Дзеля гэтага ў вучэбным плане з’явілася дысцыпліна “Нейрасеткі ў навучанні замежным мовам”. Будучых перакладчыкаў неабходна ву­чыць карэктнаму выкарыстанню нейронных машынных перакладчыкаў, якія дапамогуць павялічыць хуткасць работы і палепшыць яе прадукцыйнасць, дазво­ляць спецыялісту сканцэнтравацца на рэдагаванні тэксту перакладу. А таму ў вучэбным плане спецыяльнасці “Перакладчыцкая справа” ёсць дысцыпліна “Аўтаматызаваны пераклад і пострэдагаванне”. Падсумоўваючы, адзначу: асноўная перавага выкарыстання інструментаў ШІ ў падрыхтоўцы лінгвістаў заключаецца ў аптымізацыі часу на выкананне руцінных працэдур, што дазваляе сканцэнтравацца на творчых, нешаб­лонных працэсах.

— А ці распрацавалі выкладчыкі МДЛУ новыя вучэбныя дапаможнікі з выкарыстаннем актуальных сучасных рэсурсаў на аснове нейрасетак?

— Інструменты ШІ сёння ўбудоўваюцца ў дапаможнікі не толькі для педагогаў-перакладчыкаў, але і для выкладчыкаў замежных моў, спецыялістаў па міжкультурнай камунікацыі. Такія інструменты дазваляюць персаналізаваць навучанне, выявіць індывідуальныя недахопы ў пэўнай тэме і прапанаваць шляхі іх ліквідацыі, інакш кажучы, выбудаваць індывідуальную траекторыю навучання па дысцыпліне або асобным яе раздзеле.

Адна з апошніх калектыўных распрацовак нашых выкладчыкаў — гэта вучэбны дапаможнік па дысцыпліне “Практыка вуснай і пісьмовай мовы другой замежнай мовы (англійская мова)”. Дапаможнік створаны з выкарыстаннем тэхналагічных рашэнняў на базе ШІ. Усе яго элементы інтэрактыўныя, звязаныя гіпертэкставай сувяззю і інтэграваныя ў сістэму электроннага навучання нашага ўніверсітэта. Гэта актуальны сучасны дапаможнік для навучання анг­лійскай мове. Па зададзенай ма­дэлі можна распрацоўваць падобныя дапаможнікі для іншых дысцыплін і замежных моў.

— Ці адбыліся яшчэ якія-небудзь змяненні ў ву­чэбных планах і праграмах, звязаныя з выкарыстаннем элементаў ШІ ў адукацыйным працэсе?

— Напрыклад, па спецыяльнасці “Пера­кладчыцкая справа” студэнтам яшчэ прапануецца модуль “Інфармацыйныя тэхна­логіі”. У ім вывучаецца алгарытмізацыя праграмавання лінгвістычных задач і выкарыстанне штучнага інтэлекту ў апрацоўцы натуральнай мовы. А па спецыяльнасці “Сучасныя замежныя мовы” студэнты вывучаюць дысцыпліны “Лічбавыя тэхналогіі моўнай адукацыі”, “Педагагічны дызайн камбінаванага навучання”, “Алгарытмізацыя і праграмаванне лінгвістычных задач”.

Важна адзначыць, што ўвядзенне такіх IT-арыентаваных вучэбных дысцыплін не адзіны спосаб укаранення інструментаў ШІ ў адукацыйны працэс. Яны могуць і павінны прымяняцца пры выкладанні традыцыйных педагагічных або перакладчыцкіх дысцып­лін, што і адбываецца сёння ў МДЛУ.

— Як часта студэнты злоўжыва­юць магчымасцямі штучнага інтэлекту пры выкананні дамашніх заданняў? Дзе праходзіць тая мяжа, калі інструменты ШІ ідуць не на карысць?

— З-за спецыфікі нашых спецыяльнас­цей некрытычнае выкарыстанне інструментарыю ШІ даволі лёгка можна ўбачыць. Паколькі ШІ не здольны пакуль улоўлі­ваць тонкія адрозненні культурных і моўных кантэкстаў, заўсёды дакладна вылу­чаць з мноства значэнняў слова, неабходнае ў пэўным кантэксце, што можа прывесці да скажэння сэнсу. Магчымасці ШІ пры падрыхтоўцы дамашняга задання мы ўсведамляем і працуем над мінімізацыяй рызык. Тут патрабуецца пераасэнсаванне некаторых відаў заданняў. Трэба рабіць акцэнт не на генерацыі тэксту, што добра выконвае ШІ, а на яго аналізе, крытычным асэнсаванні і дапрацоўцы. І ў цэлым мы працуем над асэнсаваннем і рэалізацыяй лінгвадыдактычнага патэнцыялу ШІ.

— Ці дазволена студэнтам карыс­тацца магчымасцямі ШІ, скажам, пры напісанні дыпломнай работы?

— Выкананне дыпломнай работы ажыццяўляецца пад кіраўніцтвам выкладчыка. Кіраўнік вызначае ступень выкарыстання або невыкарыстання інструментаў ШІ пры падрыхтоўцы кваліфікацыйнай работы. Студэнты могуць выкарыстоўваць GPT-чаты пры напісанні агляду літаратуры — падобныя чаты могуць рэкамендаваць пералік літаратуры. Але яе аналіз, карэктнае выкарыс­танне спасылак і цытат — гэта работа студэнта. Адзначу, што антыплагіят-сістэмы, калі работы праходзяць праверку на арыгінальнасць, здольны выявіць выкарыстанне ШІ.

Нейрасеткі могуць выкарыстоўвацца пры адборы матэрыялу для дыпломнага даследавання. А яго аналіз і фармуляванне высноў павінен рабіць студэнт. Яшчэ адзін прыклад. Пры фанетычных даследаваннях інструменты ШІ выкарыстоўваюцца для агучвання тэкстаў і правядзення аналізу па ацэнцы якасці сінтэзаванай гаворкі. Такім чынам, ШІ можа выступаць дапаможным інструментам для аптымізацыі выканання пэўных этапаў напісання дыпломнай работы.

— На вашу думку, ці не перастане быць запатрабаванай работа перакладчыка з развіццём ШІ?

— Не перастане. Як я ўжо сказала, ШІ і нейрасеткі не здольны ўлоўліваць тонкія адрозненні культурных і моўных кантэкстаў. Прафесійныя перакладчыкі, у адрозненне ад перакладчыцкіх праграм, валодаюць веданнем сацыякультурных асаблівасцей пэўнай нацыянальнасці і стылістычнымі нюансамі замежнай мовы. Нашы спецыялісты, валодаючы ўменнем бачыць схаваны сэнс і падтэкст, перадаюць іх пры перакладзе. А таму перакладчыкі застаюцца і застануцца незаменнымі пры забеспячэнні якасці перакладу. У тым ліку ў вырашэнні такіх складаных задач, якія патрабуюць глыбокага аналізу і творчага падыходу, як лакалізацыя, адаптацыя і рэдагаванне тэксту перакладу.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота прадастаўлены МДЛУ