Хлебам духоўным і жытнім

- 9:40Настаўнік назаўжды, Суразмоўца, Суразмоўца

Многія ўдзельнікі жніва, якім гатуе смачныя абеды і падвячоркі жыхарка Глыбоцкага раёна Аліна Янель, — яе былыя вучні з мясцовай школы.

— Калі была настаўніцай пачатковых класаў, дзевяць выпус­каў падрыхтавала. З большасцю былых вучняў кожны дзень вітаемся, мы ж вясковыя ўсе, — расказвае Аліна Канстанцінаўна. — Кухарыць сама вучылася, ніякіх курсаў не праходзіла. Калі збіралася на пенсію, дырэктар сельгаспрадпрыемства паклікаў працаваць у сталовую нашай “Яблынькі”, і з таго часу што­дня гатую тут — з красавіка да лістапада. І вось ужо дзясятак гадоў я пры справе, бо сядзець дома не па мне. Двойчы мяне заахвочвалі граматамі абкама Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Я стараюся, людзі мае стравы хваляць. Чаму б не пашчыраваць, калі прадукты добрыя? Да таго ж, бывае, нехта штосьці з уласнага агарода прынясе — падзякую і пушчу ў ход, у нас жа не гарадская сталоўка. Нагатую агуркоў загадзя, соку націсну, бярозавіку нарыхтую, каб хлопцы смачна елі. Кветак назбіраю ў букеты, пастаўлю — утульней становіцца, душа радуецца. Нядаўна ўнучку замуж у горадзе аддала: паглядзела на прыгожа аформленыя стравы, схадзіла да кухараў, пагаварыла з імі. У іх тэхніка, печы розныя, нарэзачныя машыны, мы ж усё ўручную выконваем. Мой дзень пачынаецца на досвітку. У пяць гадзін падымаюся, таму што кароўку трымаю, хаця мне 68 гадоў. Падаю карову, выпушчу курэй, дагледжу свінак — і хуценька ў сталовую. Па вёсцы ў 6 раніцы гул стаіць ад трактароў, машын: жніво, гарачая пара. У 11 гадзін абед, потым падвячоркі вязём на палі. Пасвяць кароў у начную — таксама неабходна пакарміць работнікаў. Я насамрэч не лічуся з часам і памерам зарплаты. Мне цікава працаваць з людзьмі і для людзей.

Родам наша гераіня з аграгарадка Удзела, што на Глыбоччыне. Па яе словах, з дзяцінства марыла стаць настаўніцай. Першыя крокі ў прафесію зрабіла ў старшых класах у школьным дзіцячым лагеры, дапамагаючы дарослым, а пасля выпускных экзаменаў паспрабавала сябе ў самастойнай педагагічнай дзейнасці. 

Калі бяруся за справу, то не на выставу працую — з душы ўсё ідзе.

— Потым у БДУ тры курсы скончыла і выйшла замуж, — успамінае жанчына. — Палічыла тады, што хопіць з мяне вучобы: нацэлілася пераважна на сям’ю. Але муж паступіў у інстытут у Мазыры, як жа мне адставаць?! Вывучылася завочна ў Віцебску на настаўніцу пачатковых класаў. Мой муж Аляксандр Іванавіч больш за 20 гадоў кіраваў Псуеўскай школай. Я ж 18 гадоў была ў піянерважатых. Пераймала вопыт, прыдумвала штосьці новае, удзельнічала ў абласных і рэспубліканскіх злётах, розных конкурсах, спаборніцтвах. Наведала шмат мясцін у Беларусі і за мяжой: за перамогі часта ўзнагароджвалі паездкамі. На базе нашай школы праводзіліся буйныя мерапрыемствы, нават рэспубліканскія. Перад тым як вучыць дзяцей, трэба было ўсяму самой навучыцца. А колькі матэрыялаў знайсці і перачытаць, колькі сцэнарыяў напісаць, прычым ад рукі. З вучнямі мы працавалі досыць вынікова: грамат за поспехі атрымалі цэлы стос. Аднойчы паказала яго тагачаснаму галоўнаму рэдактару “Настаўніцкай газеты”, калі той завітаў у школу. Якраз перад тым мяне ўзнагародзілі граматай ЦК УЛКСМ, з яе размова і пачалася. Відаць было, што госць прыемна здзіўлены і ўражаны: установа адукацыі ў глыбінцы мае такія дасягненні! Пасля ў газеце надрукавалі артыкул пра нас, некалькі гадоў мы падтрымлівалі адносіны. Потым прыкіпела душой да настаўніцкай работы ў пачатковай школе. Калі бяруся за справу, то не на выставу працую — з душы ўсё ідзе. І калі кажуць, што былых настаўнікаў не бывае, гэта праўда. Галоўнае — не проста перадаць веды, выгадаваць, але і выхаваць дзяцей. Для гэтага трэба быць для іх узорам. Сустракаюся з маімі дарослымі вучнямі, у якіх ужо свае дзеці, унукі, і радуюся: дастойнымі людзьмі выраслі.

“Славянскі базар” толькі двойчы не наведала — калі не стала мужа і дачкі. А так штогод там бывала: і гатаваць, і спяваць на нашым глыбоцкім падвор’і даводзілася. Штосьці вартае ніколі не прапушчу, такі я чалавек. 

Дом, дзе жыве ветэран працы, знахо­дзіцца праз дарогу ад школы. Яна тут часты госць. Дзецям і іх настаўнікам даспадобы такія сустрэчы і жывыя, запамінальныя аповеды Аліны Канстанцінаўны. Яна цудоўна адчувае аўдыторыю і ўмее падаб­раць менавіта тыя словы, якія суразмоўцам вельмі патрэбны ў гэты момант: накіра­ваць думкі, дапамагчы шчырым словам або парадай. Прычым сказанае Аліна Канстанцінаўна падмацоўвае яркімі прыкладамі з жыцця.  

— Са школай адвуваю непарыўную сувязь, — прызнаецца педагог. — З днём нараджэння мяне віншуюць, са святамі. Удзельнічаю ў многіх важных падзеях школьнага жыцця. Дзеці асабліва любяць слухаць пра маё піянерважацтва. На лінейках, калі прымаюць у піянеры, таксама абавязкова бываю. Запрашэнне павязаць піянерскія гальштукі хлопчыкам і дзяўчынкам, якія ўступаюць у арганізацыю, для мяне гонар. Ведаеце, увогуле, у вёсцы лёсы больш цесна, чым у горадзе, звязаны і пераплецены. З цяперашняй дырэктаркай школы мы траюрадныя сёстры, у пачатковых класах мы з ёй разам пачыналі працаваць. Сын па прафесіі архітэктар, затое нявестка ў нашай школе завуч. Дачка выкладала гісторыю ў Празароцкай школе, гэта таксама ў нашым раёне. Мой вялікі боль: два гады назад яна памерла… Што ж зробіш, гора не выплачаш. Цяжка, аднак трэба жыць далей. 

З калегамі-ветэранамі кантактуем пастаянна. Галіновы прафсаюз то паездкі, то сустрэчы нам арганізуе — па 30—40 чалавек з раёна збіраецца. Кожны пра сябе раскажа: разам парадуемся і пасумуем, абмяркуем навіны, планы. Жыццё працягваецца, і ў ім настаўніцтва было, ёсць і будзе каштоўнасцю. 

Таццяна БОНДАРАВА. 
Фота прадастаўлена Псуеўскім дзіцячым садам — сярэдняй школай.