“Хочам міру там, дзе мір можа быць дасягнуты”

- 10:13Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выступіў перад сенатам і Палатай прадстаўнікоў Кангрэса, паведамляюць інфармацыйныя агенцтвы.

Амерыканскі лідар заявіў, што не збіраецца адмаўляць дзяржавам у праве ісці сваёй дарогай. Знешняя палітыка ЗША прадугледжвае маштабнае ўзаемадзеянне з іншымі краінамі. Таксама Дональд Трамп разлічвае на непасрэдны ўдзел замежных партнёраў, у тым ліку тых, што не ўваходзяць у НАТА, у стратэгічных і ваенных аперацыях Вашынгтона.

Акрамя таго, прэзідэнт выказаўся аб падтрымцы НАТА і неабходнасці павелічэння ваенных расходаў саюзнікамі, устанаўленні новых партнёрскіх адносін у сферы агульных інтарэсаў. “Мы хочам гармоніі і стабільнасці, а не войнаў і канфліктаў. Мы хочам міру там, дзе мір можа быць дасягнуты”, — сказаў Д.Трамп, дадаўшы, што сёння Амерыка дружыць з былымі ворагамі.

Таксама ў выступленні прагучалі тэмы падтрымкі Ізраіля, барацьбы з ІД, ваенных расходаў, стварэння ўмоў для вядзення бізнесу. Д.Трамп заявіў аб важнасці законапраекта, які прадугледжвае выдзяленне $1 трлн на інвестыцыі ў інфраструктуру краіны. Амерыканская “перабудова” будзе грунтавацца на прынцыпах “купляць амерыканскае” і “наймаць амерыканцаў”.

У сферы аховы здароўя плануецца замяніць Obamacare на сістэму з іншымі прынцыпамі, рыхтуецца гістарычная падатковая рэформа.