Хто быў ініцыятарам стварэння музея ў школе № 11 Магілёва і якія цікавыя экспанаты там захоўваюцца?

- 16:30Новости

У сярэдняй школе № 11 Магілёва імя М.Ц.Раманава функцыянуе музей абароны горада Магілёва ў ліпені 1941 года. Ён захоўвае ў сабе шмат экспанатаў, якія нагадваюць пра той нялёгкі час. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Да 20-годдзя вызвалення Магілёва і вобласці ад фашысцкіх захопнікаў у 1964 годзе на будынку сярэдняй школы № 11 усталявалі мемарыяльную дошку ў памяць аб тым, што ў школе з 2 па 27 ліпеня 1941 года знаходзіўся штаб 172-й стралковай дывізіі, якая гераічна абараняла горад. У той дзень таксама быў адкрыты музей баявой славы, які стаў цэнтрам ваенна-патрыятычнага выхавання школьнікаў некалькіх пакаленняў.

— Ініцыятарам з’яўлення школьнага музея, а ў далейшым і арганізатарам яго работы была ветэран Вялікай Айчыннай вайны заслужаны настаўнік БССР Марыя Базылева. Яна стварыла краязнаўча-турыстычную групу па вывучэнні баявога мінулага роднага краю і разам з дзецьмі збірала матэрыял. Гэтай справе яна аддала паўжыцця, — паведаміла педагог-арганізатар цяперашні кіраўнік музея Алена Махунова-Дасько.

Марыя Базылева нарадзілася 20 студзеня 1920 года ў вёсцы Цішоўка ў мнагадзетнай сям’і.

Улетку 1941-га ўся сям’я дапамагала будаваць абарончыя збудаванні вакол Магілёва, да якога набліжаліся фашысцкія полчышчы. Марыя Базылева пайшла ў добраахвотнікі і абараняла Магілёў у складзе 388-га стралковага палка 172-й стралковай дывізіі. Яна была разведчыцай і сувязной разведгрупы Магілёўскага падпольнага абкама партыі і дэсантнай групы ваеннай часці 9903 штаба Заходняга фронту. Пасля вызвалення Магілёва дзяўчына паступіла ў педагагічны інстытут. У 1946-м Марыя Іванаўна ўжо працавала ў Магілёўскай вячэрняй школе рабочай моладзі. А ў верасні 1948-га маладая настаўніца геаграфіі працаўладкавалася ў сярэднюю школу № 11 Магілёва. У 1967 годзе яна стала дырэктарам гэтай школы.

— Увогуле Марыя Іванаўна прысвяціла 56 гадоў працы нашай установе адукацыі — гэта сапраўдны працоўны подзвіг, — адзначыла Алена Аляксандраўна.

Цікава і тое, што Марыя Базылева пяціразова абіралася дэпутатам гарсавета і двойчы — дэпутатам Кастрычніцкага райсавета. Яна на працягу доўгіх гадоў кіравала Саветам дэпутатаў пры гарвыканкаме, за што была ўзнагароджана граматамі за высокую адказнасць пры выкананні абавязкаў, а таксама 87 ганаровымі граматамі за працоўныя заслугі. За асабістую муж­насць і адвагу ў баях Марыя Базылева ўзна­гароджана двума медалямі “За адвагу”, ордэнам Айчыннай вайны, медалём “За Перамогу”, дзевяццю юбілейнымі медалямі, памятным медалём Узброеных Сіл СССР, медалём “80 гадоў Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі”.

— Асоба Марыі Базылевай навечна захавана ў яе дзецішчы. Гэтую спадчыну мы стараемся зберагчы і прымножыць. Стварэнню музея папярэднічала карпатлівая праца вучняў і педагогаў школы па вывучэнні ваенных падзей на Магілёўшчыне. Была праведзена вялікая работа па пошуку і ўвекавечванні імёнаў жывых і загінуўшых герояў, — пазнаёміла кіраўнік музея.

У ліпені 2011 года, напярэдадні 70-годдзя абароны Магілёва, пасля рэканструкцыі адбылося ўрачыстае адкрыццё абноўленай экспазіцыі школьнага музея. Ён атрымаў новую назву — музей абароны горада Магілёва ў ліпені 1941 года.

— За гады дзейнасці наш музей паспелі наведаць савецкі празаік Канстанцін Сіманаў (ён падарыў кнігу “Жывыя і мёртвыя”), маршал Савецкага Саюза двойчы Герой Савецкага Саюза Іван Якубоўскі, ганаровы грамадзянін горада Аляксандр Разумаў і многія іншыя вядомыя людзі. Музей баявой славы прымаў гасцей не толькі з устаноў адукацыі і арганізацый Беларусі, але і з сярэдніх школ Масквы, Ніжняга Ноўгарада, Уладзімірскай, Тульскай і Омскай абласцей Расіі, — патлумачыла Алена Махунова-Дасько.

— У фондах музея захоўваецца больш за 300 экспанатаў. Лісты з фронту часоў Вялікай Айчыннай вайны, фотаздымкі ўдзель­нікаў абароны Магілёва, частка савецкай мінамётнай міны, фрагмент дыска пісталета-кулямёта Шпагіна, кулямётная стужка, кабура пісталета, салдацкая пляшка, савецкая і нямецкая каскі, салдацкія гузікі, стрэляныя гільзы, медалі, вінтоўкі і інш. Цікавасць уяўляюць лісты з фронту і прадметы, перададзеныя сваякамі Марыі Базылевай. У нас захоўваецца жаночая сумачка і сукенка з ордэнамі і медалямі, якія належалі ўдзельніцы абароны Магілёва, а таксама ёсць кніга водгукаў музея з запісамі 1964 года. Апошні экспанат, перада­дзены нам, — савецкая каска з кулявымі дзіркамі, знойдзеная падчас рамонтных работ трубаправода па вуліцы Мянжынскага, — падзялілася Алена Аляксандраўна. 

Адзін з галоўных напрамкаў работы музея — экскурсійная дзейнасць. Аглядныя і тэматычныя экскурсіі праводзяцца для вучняў, бацькоў і навучэнцаў іншых школ да юбілею школы і памятных дат. Для жыхароў і гасцей горада арганізуюцца выставы. Дзякуючы гэтаму, школьны музей пацвярджае статус адкрытай сістэмы. У музеі працуе група экскурсаводаў (вучняў школы).

— Мы рэгулярна ўдзельнічаем у конкурсах. Пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Аксаны Сламянец штогод займаем прызавыя месцы на ўсіх этапах рэспуб­ліканскага конкурсу музеяў баявой славы “Іх подзвіг мы ў сэрцы захоўваем”, — расказала кіраўнік музея. 

На базе музея дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах “Музеязнаўства”. Дзеці актыўна карыстаюцца матэрыяламі школьнага музея пры падрыхтоўцы і напісанні рэфератаў, твораў і іншых творчых работ гераічнай тэматыкі. Экспазіцыі і матэрыялы выкарыстоўваюцца на ўроках геаграфіі, літаратуры, гісторыі і на факультатыве “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа”. У музеі рэгулярна праводзяцца тэматычныя мерапрыемствы. І сёння сумеснымі намаганнямі ідзе збор матэрыялаў, рэстаўрацыя экспанатаў, вядзецца строгі ўлік знойдзенага. Разам з пошукавай арганізуецца даследчая работа. Вучні ўзбагачаюцца духоўна і развіваюцца творча. Праект будзе працягвацца і ахопліваць усё большую колькасць навучэнцаў.

Настасся ЧАРКАНАВА
Фота з архіва