Сяргей Мармыш стаў пераможцам абласнога этапу рэспубліканскага фестывалю “Педагагічны дэбют” у намінацыі “Малады дырэктар установы, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Прафесійны шлях ад настаўніка да дырэктара школы Сяргей Генадзьевіч прайшоў за шэсць гадоў. У 2014 годзе ён пачаў працаваць настаўнікам фізікі ў Гудзевіцкай сярэдняй школе Мастоўскага раёна, праз тры гады быў назначаны намеснікам дырэктара, а ў 2020 годзе ўзначаліў Гудзевіцкую школу…
Для ўдзелу ў завочным туры было пададзена 65 заявак. Удзельнікі прадстаўлялі эсэ, метадычныя распрацоўкі педагагічных саветаў, планы-канспекты вучэбных заняткаў. Трохдзённы вочны тур адбыўся ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. 15 удзельнікаў абласнога этапу праводзілі майстар-класы кіраўніцкай дзейнасці і ўрокі ў незнаёмым класе па прапанаванай журы тэме, дырэктары выступалі на тэму “Мая формула поспеху”, а настаўнікі і выхавальнікі дашкольнай адукацыі на тэму “Я педагог! І гэта…”.
Педагагічнае крэда выхавальніка дашкольнай адукацыі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 7 Ваўкавыска Таццяны Мелянчук “Рабі тое, што любіш, і любі тое, што робіш”, напэўна, дапамагло ёй стаць пераможцай конкурсу ў намінацыі “Малады выхавальнік дашкольнай адукацыі”. А вось аб настаўніку англійскай мовы сярэдняй школы № 11 імя генерала А.І.Антонава Гродна Антоне Гракаве, які перамог у намінацыі “Малады настаўнік”, дырэктар школы Марына Кароза гаворыць так:
— Антон Уладзіміравіч пачаў працаваць у нашай школе, калі яшчэ вучыўся на пятым курсе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. На маё пытанне, ці не баіцца цяжкасцей, адказаў, што гатовы да іх і вельмі хоча працаваць. Антона Уладзіміравіча любяць дзеці, ён знаходзіць новыя методыкі, цікава праводзіць урокі. Гэта інтэлігентны, эрудзіраваны чалавек, з вялікай любоўю адносіцца да сваёй прафесіі.
Пераможцамі абласнога этапу фестывалю “Педагагічны дэбют” таксама сталі дырэктар сярэдняй школы № 1 Дзятлава Марына Нячай, выхавальнікі дашкольнай адукацыі Паліна Кушмар (дзіцячы сад № 3 Мастоў) і Аляксандра Сергіт (дзіцячы сад № 101 Гродна), настаўніца пачатковых класаў Гродзенскай гарадской гімназіі імя А.І.Дубко Алена Бурнос і настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 17 Ліды Настасся Ненартовіч.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ
Фота прадастаўлена ГрАІРА