Хто такія мультыпатэнцыялы, і як дапамагчы падлеткам з прафесійным самавызначэннем

- 17:22Новости, Психолог в школе

Дзецям хаця б аднойчы задаюць пытанне “Кім ты хочаш стаць, калі вырасцеш?”, каб пачуць замілавальныя адказы накшталт “пажарным” ці “ўрачом”. Ад падлетка гадоў у 14—16 патрабуюць ужо дакладнага адказу, кім жа ён вырашыў стаць і ў якую ўстанову пойдзе вучыцца. Грамадства ўсё яшчэ чакае, што кожны чалавек аднойчы выбірае прафесію і далей усё жыццё ўдасканальваецца ў ёй.

Шматвектарны прафесійны шлях выклікае трывогу і хваляванне, таму што “так не прынята”. Але надышоў час ламаць стэрэатыпы нашага мыслення, таму што ў сучасным свеце старая мадэль больш не працуе. Прафесія можа ўзнікнуць і знікнуць на працягу 10 гадоў. Вучыцца новым уменням неабходна ўсё жыццё, таму што рабочае асяроддзе мяняецца з вялікай хуткасцю.

Мультыпатэнцыялы — гэта людзі, якія маюць поспех у дзвюх ці больш галінах дзейнасці, а не моцныя толькі ў адной. Яны паглыбляюцца на ўсе 100% у тое, што ім цікава, і прыклада­юць максімум намаганняў, каб атры­маць поспех у новай справе. Інтарэсы мультыпатэнцыяла неабавязкова змяняюць адзін аднаго, яны могуць узнікаць і развівацца адначасова, так што такія людзі здольны развіваць дзве кар’еры і больш.

Мультыпатэнцыялы, зрэшты, не заўсёды выглядаюць паспяховымі ці здольнымі да нечага. Яны часта адчуваюць сябе разгубленымі, таму што ім хочацца займацца некалькімі рознымі рэчамі, але ўсе навокал паўтараюць, што неабходна выбраць адзін кар’ерны шлях і развівацца толькі ў ім. З-за цяжкасцей з выбарам і страхам прагадаць з напрамкам мультыпатэнцыялы могуць пракрасцініраваць і наогул нічога не рабіць. Часта галоўная праблема мультыпатэнцыяла ў тым, што ён не можа сам сабе даць дазвол спрабаваць сябе ў розных відах дзейнасці, нават калі гэта зусім невялікія крокі. Напрыклад, неабавязкова адразу радыкальна мя­няць кар’еру і разлічваць на хуткі пос­пех на новым полі дзейнасці. Для пачатку можна проста пайсці на курсы па новым профілі і глядзець на яго выключна як на хобі, не клапоцячыся пра тое, атрымаецца з гэтага што-небудзь ці не, а калі не спадабаецца, паспрабаваць штосьці яшчэ.

Моцныя бакі мультыпатэнцыялаў: яны хутка вучацца, лёгка і хутка адаптуюцца да новага; знаходзяць наватарскія і небанальныя рашэнні вельмі розных задач дзякуючы ўменню сінтэзаваць свой разнастайны вопыт і шырокае кола навыкаў; бачаць карціну ў цэлым і могуць быць добрымі кансультантамі ці кіраўнікамі каманд з супрацоўнікаў розных прафесій, таму што маюць разуменне вельмі розных, але суіснуючых разам працэсаў.

Аднак ёсць і слабыя бакі мультыпатэнцыялаў: яны могуць быць нерашучымі з-за неразумення таго, які род дзейнасці выбраць; далёка не заўсёды даходзяць да ўзроўню вузкага спецыяліста, які глыбока ведае тэму; ім можа хутка надакучыць праект ці службовыя абавязкі; яны могуць выгараць, калі работа загоніць іх у рамкі нейкай адной дзейнасці, не пакінуўшы месца для якіх-небудзь яшчэ важных для іх заняткаў.

У кожным узросце ўстанаўліваецца свая іерархія патрэб, вядучыя з якіх вызначаюць напрамак асобы. Дамінуючай патрэбай у падлеткаў з’яўляецца патрэба ў развіцці здольнасцей, набыцці ўменняў.

Асноўным матывам вучэбнай дзейнасці старшакласнікаў з’яўляецца падрыхтоўка да паступлення ў прафесійныя навучальныя ўстановы. Таму палова выпускнікоў школы ўжо мае сфарміраваны план, які ўключае ў сябе як асноўны, так і рэзервовы прафесійны намер. Значыць, галоўнай мэтай для выпускнікоў школы становіцца атрыманне ведаў, што павінна забяспечыць прыём у намечаныя навучальныя ўстановы.

Працэс выбару прафесіі характарызуецца шматмернасцю. Для правільнага, адэкватнага выбару выпускніку школы даводзіцца праводзіць вялікую ўнутраную работу:

  •  неабходна прааналізаваць свае рэсурсы (інтарэсы, здольнасці, асаб­лівасці асобы);
  • даведацца і прыняць патрабаванні прафесіі, якую выбіраеш;
  • усвядоміць патэнцыяльную неадпаведнасць асобасных якасцей і асаблівасцей прафесіі і ацаніць ­магчымасць ці немагчымасць карэкцыі гэтых неадпаведнасцей.

Такім чынам, для старэйшых падлеткаў актуальным з’яўляецца вучэбна-прафесійнае самавызначэнне — усвядомлены выбар шляхоў прафесійнай адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі.

Прафесійнае самавызначэнне — працэс развіцця ўнутранай пазіцыі прафесіянала, гэта значыць, матывацыі прафесійнай дзейнасці, стаўлення чалавека да сваёй будучай прафесіі і да самога сябе як да патэнцыяльнага суб’екта прафесійнай дзейнасці. У працэсе прафесійнага самавызначэння можна вылучыць некалькі стадый фарміравання ўнутранай пазіцыі прафесіянала.

Першая стадыя характарызуецца агульным станоўчым эмацыянальным стаўленнем да будучай прафесійнай дзейнасці. Ёсць жаданне авалодаць прафесіяй, але яшчэ слаба развіты ўяўленні аб сваіх здольнасцях і патрэбах грамадства ў спецыялістах гэтага профілю.

Наступная стадыя развіцця ўнутранай пазіцыі характарызуецца тым, што з’яўляецца ўсведамленне сваіх магчымасцей і здольнасцей, фарміруецца арыентацыя на ўласна змястоўныя моманты дзейнасці.

І толькі на трэцяй стадыі ўзнікае адэкватнае ўяўленне аб прафесійнай дзейнасці і сваіх здольнасцях.

Вызначыцца з будучыняй

У рамках прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі выпускных класаў намі была распрацавана анкета на выяўленне прафесійнага самавызначэння падлеткаў.

Асноўная мэта анкеты — выяўленне колькасці мультыпатэнцыялаў, монапатэнцыялаў, тых, хто не вызначыўся з выбарам прафесіі, сярод навучэнцаў выпускных класаў.

Анкета ўключае тры блокі пытанняў. Першы блок — для мультыпатэнцыялаў, другі — для монапатэнцыялаў, трэці — для тых, хто не вызначыўся з выбарам прафесіі. Неабходна адказаць на пытанні “так” ці “не”, палі­чыць колькасць станоўчых адказаў у кожным блоку, вызначыць, да якой групы адносіцца навучэнец.

1-ы блок

  1. Ты бянтэжышся, калі ў цябе пытаюцца пра выбраную табой прафесію?
  2. Ці можаш змяніць цікавасць да выбранай табой прафесіі ў адзін дзень на іншую прафесію, зусім су­працьлеглую?
  3. Ці ўзнікае ў цябе цікавасць да новай прафесіі пасля прагляду відэа, артыкула ці чыйго-небудзь аповеду?
  4. Ці можаш ты адразу адказаць на пытанне, якая прафесія табе найбольш цікавая?
  5. Ці адчуваеш ты цяжкасці з выбарам прафесіі па якіх-небудзь прычынах?
  6. Ці можаш ты вылучыць ключавую сферу сваёй прафесійнай дзейнасці ў адпаведнасці са сваімі здольнасцямі і задаткамі?

2-і блок

  1. Ці выбраў ты прафесію, якой будзеш вучыцца ў далейшым?
  2. Ці ведаеш ты, якімі асноўнымі якасцямі павінен валодаць спецыяліст той прафесіі, якую ты выбраў?
  3. Ці хацеў бы ты сустрэцца з прадстаўнікамі выбранай табой прафесіі?
  4. Ці зробіш ты многае ўжо зараз для таго, каб асвоіць гэтую прафесію ў будучыні?
  5. Ці адчуваеш ты цікавасць да зместу прафесіі, ці ёсць жаданне даведацца, у чым заключаюцца асаб­лівасці спецыяліста ў выбранай табой прафесіі?
  6. Ці імкнешся ты максімальна развіваць свае навыкі і ўменні для выбранай табой прафесіі?
  7. Ці бачыў ты прадукцыю працы выбранай прафесіі?

3-і блок

  1. Ці лічыш ты, што выбар прафесіі можна адкласці на няпэўны тэрмін?
  2. Ці адчуваеш ты цяжкасці ва ўяўленні сябе прафесіяналам?
  3. Ні адна з прафесій не ўяўляе для цябе цікавасці?
  4. На гэты момант ты проста вучышся і нічога не робіш для падрыхтоўкі сябе да будучай прафесіі?
  5. Ці лічыш ты, што ні адна парада па выбары прафесіі для цябе не з’яўляецца карыснай?
  6. Ці будзеш ты прымаць рашэнне аб будучай прафесіі ў залежнасці ад сярэдняга бала атэстата?

Монапатэнцыялы — гэта навучэнцы, якія ўжо вызначыліся з выбарам будучай прафесіі і ўстановы адукацыі для далейшага навучання, іх прафесійныя намеры адпавядаюць інтарэсам і схільнасцям, сфарміравана адэкватная самаацэнка сваіх індывідуальных асаблівасцей і дастатковы ўзровень ведаў аб патрабаваннях прафесіі, назіраецца высокая актыўнасць у самападрыхтоўцы да прафесіі.

Мультыпатэнцыялы — гэта навучэнцы, якія выбралі дзве і больш прафесій, па кожнай з якіх сфарміраваны блізкія і далёкія прафесійныя мэты, у кожнай з выбраных прафесій ёсць супадзенні з інтарэсамі і схільнасцямі, індывідуальныя асаблівасці адпавядаюць патрабаванням гэтых прафесій, навучэнцы актыўна развіваюцца ў гэтых напрамках.

Навучэнцы, якія не зрабілі прафесійнага выбару і на гэты момант не задумваюцца аб ім, з’яўляюцца тымі, хто не вызначыўся.

Гэты матэрыял можна выкарыстоўваць у практычнай рабоце прафарыентацыйнай накіраванасці як педагогам, так і бацькам, з яго дапамогай аказваць псіхалагічную падтрымку навучэнцам у працэсе выбару будучай прафесійнай дзейнасці. Гэта будзе садзейнічаць павышэнню стрэсаўстойлівасці ў навучэнцаў выпускных класаў, іх самаразвіццю і прадукцыйнай самарэалізацыі, якая адбываецца з апорай на іх індывідуальныя асаблівасці.

Вольга АЎДЗЯЁНАК,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 44 імя М.А.Лебедзева Гомеля
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту,
выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі