Унікальным прыкладам для іншых краін назваў старшыня фракцыі Камуністычнай партыі Расійскай Федэрацыі ў Дзяржаўнай Думе Генадзь Зюганаў зводны міжнародны будаўнічы атрад, які працуе на рэканструкцыі мінскага стадыёна “Дынама”.
Лідар КПРФ у суправаджэнні намесніка старшыні Мінгарвыканкама Ігара Карпенкі, які з’яўляецца таксама першым сакратаром Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі, наведаў гэты аб’ект.
Генадзь Зюганаў пабываў на агляднай пляцоўцы і ацаніў ход выканання работ, а таксама паразмаўляў з моладдзю са зводнага студатрада.
“Вы паказваеце рэдкі прыклад усім. Вельмі важна, што вы прыехалі ў Мінск, братэрскую Беларусь, і дэманструеце, як можна разам працаваць, тым больш на аб’екце, які перажыве дзесяцігоддзі”, — звярнуўся да ўдзельнікаў атрада кіраўнік фракцыі Кампартыі Расіі, выказаўшы надзею на пашырэнне такога руху ў будучыні. “Мы вітаем такую практыку і вопыт і дзякуем кіраўніцтву Мінгарвыканкама ў асобе Ігара Карпенкі, якое падтрымлівае ваш рух. Будзем максімальна заахвочваць вашу працу, — падкрэсліў Генадзь Зюганаў. — Моладзь з Беларусі, Расіі, Украіны, якая працуе тут, атрымлівае ўнікальную загартоўку. Хто ўмее працаваць і жыць дружна, у таго добрая будучыня”.
Зводны міжнародны будаўнічы атрад пачаў працаваць 4 ліпеня. У яго складзе — 35 студэнтаў з Беларусі, Расіі і Украіны. На аб’екце яны выконваюць будаўнічыя работы, якія не патрабуюць спецыяльнай падрыхтоўкі: земляныя і бетонныя, вязку арматуры, дэмантаж і інш. Для ўдзельнікаў атрада арганізавалі пражыванне, харчаванне, а таксама культурна-забаўляльныя мерапрыемствы.
Рэканструкцыі стадыёна “Дынама” ў 2015 годзе, у Год моладзі, па рашэнні Мінгарвыканкама прысвоены статус маладзёжнай будоўлі на перыяд 2015—2016 гадоў. У мінулым годзе на аб’екце працаваў ужо зводны студэнцкі беларуска-расійска-ўкраінскі будаўнічы атрад.
Рэканструкцыю стадыёна плануецца завяршыць у 2017 годзе. Каштарысны кошт работ у цэнах 2014 года складае больш за $204 млн, з якіх 25% асвоена. Пасля рэканструкцыі аб’екту будзе прысвоены статус лёгкаатлетычнага стадыёна I катэгорыі з сертыфікацыяй Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый (IAAF) і з магчымасцю правядзення міжнародных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы.
Арэна будзе шматфункцыянальным спартыўна-відовішчным збудаваннем і прызначана таксама для правядзення футбольных матчаў, вучэбна-трэніровачнага працэсу, канцэртнай дзейнасці і іншых культурна-масавых мерапрыемстваў.
Рэканструкцыя прадугледжвае захаванне і рэстаўрацыю гістарычных фасадаў, уладкаванне навеса над трыбунамі.