Арцём Сіняк прадстаўляе Віцебскі дзяржаўны політэхнічны каледж Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта па кампетэнцыі “Інфармацыйныя кабельныя сеткі”.
Ён вучыцца ў каледжы па спецыяльнасці, якая забяспечвае мантаж і абслугоўванне кабельных сетак.
Хлопец расказаў, што са школы марыў пра тое, каб атрымаць такую спецыяльнасць. Кабельныя сеткі ствараў з дзяцінства. Каледж даў Арцёму магчымасць заняцца любімай справай прафесійна, атрымаць сучасныя веды і навыкі і адчуць імкненне прадоўжыць навучанне — паступіць ва ўстанову вышэйшай адукацыі.
— Якасць і хуткасць вытворчасці такіх работ напрамую залежаць ад узроўню ведаў і наяўнасці прафесійных навыкаў у спецыялістаў, — расказала выкладчык спецдысцыплін каледжа, эксперт Наталля Іванаўна Растопчына. — Інфармацыйныя кабельныя сеткі прысутнічаюць ва ўсіх сферах нашага жыцця і з’яўляюцца падмуркам пры пабудове сетак мабільнай сувязі, лакальных вылічальных сетак, сетак кабельнага тэлебачання, глабальных камп’ютарных сетак, сетак відэаназірання і інш. Спецыяліст здольны ствараць інфраструктуру практычна для ўсіх відаў тэлекамунікацыйных сетак, у адпаведнасці з ведамі, стандартамі галіны і канкрэтнымі навыкамі, якія складаюць аснову прафесійнай практыкі. Спецыялісты дадзенай кампетэнцыі выконваюць работы ў тым ліку па мантажы валаконна-аптычных участкаў створанай тэлекамунікацыйнай сеткі, ажыццяўляюць падключэнне і наладку сетак праваднога і бесправаднога доступу, інсталяцыю і настройку камп’ютарных платформ для арганізацыі паслуг сувязі, забяспечваюць працаздольнасць абсталявання мультысэрвісных сетак.
Конкурснае заданне па кампетэнцыі “Інфармацыйныя кабельныя сеткі” складалася з трох частак: устаноўка валаконна-аптычнай камунікацыйнай лініі, устаноўка медных камунікацыйных ліній, устаноўка бесправадной лакальнай сеткі. Кожнаму з канкурсантаў былі прадастаўлены неабходныя абсталяванне, матэрыялы, інструменты, а таксама схемы і чарцяжы.
Наталля Іванаўна Растопчына працуе ў каледжы каля 15 гадоў і дакладна вызначылася са сваёй пазіцыяй, якая тычыцца бесперапыннай адукацыі і значнасці паступовага — крок за крокам — навучання, асабліва па спецыяльнасцях тэхнічнага профілю.
— Я сама пачынала свой прафесійны рост з навучання ў Віцебскім каледжы сувязі, потым былі БДУІР і факультэт перападрыхтоўкі БДУ, — паведаміла Наталля Іванаўна. — І за гэты час я ўдасканальвала свае веды, прафесійныя ўменні з улікам новых тэхналогій, сучаснага абсталявання. Такі падыход раю і сваім навучэнцам, якія могуць скончыць каледж і потым працягнуць навучанне ва ўніверсітэце. Дарэчы, мой сын таксама пайшоў па такім шляху.
Наталля Іванаўна высока ацаніла развіццё ў нашай краіне руху WorldSkills, яго ролю ва ўдасканаленні прафесійнага майстэрства, набыцці вопыту ў падрыхтоўцы кадраў, укараненні ў адукацыйным працэсе міжнародных стандартаў. Рух WorldSkills аб’ядноўвае навучэнцаў і педагогаў.
Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.