Найбольшую колькасць медалёў падчас Рэспубліканскага турыстычнага злёту работнікаў адукацыі і навукі заваявала Мінская вобласць. Сёлета злёт прайшоў у Бярэзінскім раёне і быў прысвечаны Году міру і стварэння, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Удзельнікаў мерапрыемства прывіталі старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч і начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко.
— Сёння ва ўсіх нас ёсць унікальная магчымасць адкрыць яшчэ адзін прыгожы куток Міншчыны, — сказаў ён. — Перш чым выбраць месца для правядзення такога мерапрыемства, некалькі гадоў назад мы аб’ездзілі ўсю вобласць. Упэўнены: вам тут спадабаецца. Пасля няпростага працоўнага года і перад пачаткам адпускной кампаніі жадаю кожнаму ўдзельніку турыстычнага злёту атрымаць зарад бадзёрасці і энергіі. Спадзяюся, што новы навучальны год вы сустрэнеце з новымі сіламі.
У праграме турыстычнага злёту — спаборніцтвы па веласіпедным і водным турызме, спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні, конкурс “Фестываль турысцкай песні” і інш.
Згодна з падлікам балаў, у апошні дзень турыстычнага злёту былі вызначаны пераможцы. Так, па выніках спаборніцтваў па веласіпеднай тэхніцы (фігурнае кіраванне і маўнцінбайк) перамагла Мінская абласная арганізацыя прафсаюза.
У тэхніцы пешаходнага турызму 1-е месца таксама аддадзена камандзе Мінскай абласной арганізацыі прафсаюза. Яна ж стала першай сярод прызёраў каманднага заліку ў спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні. У спаборніцтвах па тэхніцы воднага турызму і ў конкурсе па перацягванні каната перамагла Мінская гарадская арганізацыя прафсаюзаў.
— У конкурсе на лепшае прадстаўленне турыстычнага лагера не было роўных Магілёўскай абласной арганізацыі прафсаюза, — зазначыла старшыня Мінскага абласнога камітэта Беларускага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Апраніч. — У конкурсе “Фестываль турысцкай песні” 1-е месца паміж сабой падзялілі Магілёўская абласная арганізацыя прафсаюза і Мінская абласная арганізацыя прафсаюза. А ў фестывалі ежы лепшай зноў стала Мінская абласная арганізацыя.
Я вельмі ганаруся нашай камандай: мы ўзялі найбольшую колькасць медалёў з усіх магчымых. Я ўпэўнена, што сіла каманды ў агульным духу, падтрымцы адзін аднаго і ў жаданні змагацца за найвышэйшы рэзультат, — гэта неабходна, каб далей ісці ў сваім развіцці.
Наталля САХНО