У горадзе над Бугам падвялі вынікі V адкрытага Абласнога маладзёжнага конкурсу “Твая хвіліна славы”. Фінальнае спаборніцтва праходзіла пад дэвізам “Думай! Рашай! Стварай!” на базе Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці.
Конкурс праводзіўся з мэтай развіцця і рэалізацыі творчага патэнцыялу моладзі, папулярызацыі розных відаў творчасці сучаснай маладзёжнай субкультуры, арганізацыі вольнага часу навучэнцаў у шосты школьны дзень і абмену творчым вопытам. У адборачных этапах спаборніцтва прыняло ўдзел больш за 300 прадстаўнікоў школ, устаноў прафесійнай, вышэйшай і дадатковай адукацыі ва ўзросце ад 13 да 25 гадоў.
Перад журы стаяла складаная задача: вызначыць самых лепшых сярод 14 адметных творчых калектываў і індывідуальных выканаўцаў у розных намінацыях, якія аб’ядноўвалі ўсе віды творчасці сучаснай маладзёжнай субкультуры, вакал, харэаграфію, арыгінальны, эстрадна-цыркавы і размоўны жанры, а таксама малыя формы тэатральнага жанру (пантаміма, мініяцюра, тэатральная пластыка).
Дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені атрымалі вакальны ансамбль “Экспрэс” з сярэдняй школы № 4 Іванава (кіраўнік Н.І.Мароз), танцавальны калектыў “Серпанцін” з Маларыцкага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (кіраўнік А.В.Вашчынчук), трыа “Зорны шлях” з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Баранавіцкага раёна (кіраўнік А.В.Шаўкун), Ксенія Бычкова з Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта (кіраўнік В.І.Карват), Яна Шырко з сярэдняй школы № 19 Баранавіч (кіраўнік Р.І.Рэшка), вакальная група “Драйв” і ўзорны ансамбль эстраднага танца “Ваяж” з Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч (кіраўнікі Я.У.Мухіна і А.Ю.Кабак). Абсалютным пераможцам і ўладальнікам гран-пры конкурсу стаў вакальны ансамбль “Бельканта” з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста (кіраўнік А.С.Плашкевіч).
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.