«І дзеці, і бацькі, і настаўнікі чакаюць наваселля». Школа № 53 Мінска кардынальна пераўтварылася пасля капрамонту

- 9:00Главная, Новости

Набліжаецца да завяршэння капітальны рамонт сярэдняй школы № 53 Мінска імя Л.І.Бяды. І хаця будаўнічая агароджа яшчэ не знята, відаць, што ўстанова кардынальна пераўтварылася. Яркімі сонечнымі колерамі яна радуе вока жыхароў мікрараёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Як расказала дырэктар школы Наталля Сляпян, роўна год назад ва ўстанове пачаўся капітальны рамонт з мадэрнізацыяй і добраўпарадкаваннем тэрыторыі. На яго правядзенне з бюджэту горада паэтапна было выдзелена каля 10 мільёнаў рублёў. Заказчыкам выступіла УКБ Савецкага раёна, а падрадчыкам — СПМК 81.

— Падрыхтоўка да капрамонту была арганізавана ў школе загадзя: праводзілася растлумачальная работа з законнымі прадстаў­нікамі, улічваліся іх па­жаданні. Адукацыйны працэс у мінулым навучальным годзе ажыццяўляўся на базе найбліжэйшых устаноў адукацыі: 2-га корпуса гімназіі № 6, сярэдніх школ № 178 імя Т.А.Лук’яновіча, № 76 і № 187. І, дарэчы, ніякіх прэтэнзій, зваротаў да адміністрацыі з боку бацькоў па яго арганізацыі не было. Таму я ўдзячна ўпраўленню адукацыі, калегам, якія прадаставілі магчымасць нашым дзецям вучыцца ў спрыяльных умовах, — адзначае Наталля Яўгенаўна.

За год у школе былі праве­дзены работы па ацяпленні фасадаў, замене даху, аконных блокаў, інжынерных камунікацый. Была поўнасцю заменена ацяпляльная сістэма. У межах капрамонту зараз аснашчаюцца і вучэбныя кабінеты: хіміі, фізікі, біялогіі, сталярная і слясарная майстэрні, кабінет абслуговай працы.

Вялікая ўвага ў праекце ўдзелена стварэнню безбар’ернага асяроддзя. Устаноўлены пандусы, два пад’ёмнікі, ліфт, на якім дзецям і гасцям установы з інваліднасцю можна падняцца на 2-і і 3-і паверхі. Дарэчы, на 3-м паверсе размесцяцца музей баявой славы Л.І.Бяды, актавая зала і бібліятэка. У школе на кожным паверсе з’явіліся санітарныя памяшканні для дзяцей з інваліднасцю, раздзявалка з душавой каля спартыўнай залы. Акрамя асноўнай шыльды, што размесціцца на ўваходзе, вырабляецца і шыльда для дзяцей, якія слаба бачаць. Справа ў тым, што літаральна тыдзень назад школе прысвоена імя двойчы Героя Савецкая Саюза Леаніда Бяды. 

— У нашай установе вучыцца больш за 1000 навучэнцаў. У кожнай паралелі пачатковай школы ёсць інтэграваныя класы. Для ўсіх дзяцей мы імкнёмся стварыць камфортныя ўмовы. Таму вельмі дарэчы будуць па-сучаснаму абсталяваныя кабінеты настаўніка-дэфектолага і педагога-псіхолага, пункт карэкцыйна-развіццё­вай дапамогі, сенсорны пакой, — зазначае дырэктар.

Адміністрацыйны блок размесціцца побач з настаўніцкай, метадычным кабінетам. У абноўленай школе прадугледжаны і пакоі для адпачынку для педагогаў і тэхнічных работнікаў. Больш зручнымі сталі і раздзявалкі для вучняў. Ва ўсіх вучэбных кабінетах устаноўлены ўмывальнікі. З гордасцю расказвае дырэктар і пра задуму афармлення актавай залы на 200 чалавек (сваю ўмяшчаль­насць яна захавала), дзе была пашырана сцэна і ўстаноўлена кабіна з акустычнай сістэмай, гукарэжысёрскім пультам, а зараз тут чака­юць з’яўлення тэатральных крэслаў, вялікага экрана і “адзення” для сцэны.

А спартыўная зала ўжо гатова для ўстаноўкі абсталявання: ярка пафарбаваны сцены, пакрыта лакам падлога. Значна павялічыўся кабінет харэаграфіі, у якім будуць устаноўлены люстэркі і гімнастычны станок. Вярнуўся да жыцця і цір, які не выкарыстоўваўся доўгі час. Праўда, цяпер ён будзе электронным.

Зараз будаўнікі наводзяць апошні лоск і рыхтуюцца да здачы аб’екта. Плануецца, што да 1 жніўня школа будзе ўведзена ў эксплуатацыю. Як адзначае дырэктар, усе работы выкананы якасна і прафесійна. Эстафета перадаецца педагагічнаму калектыву. Літаральна за месяц педагогам неабходна бу­дзе напоўніць школу змястоўна, заняцца яе ўнутраным афармленнем і аснашчэннем усім неабходным, добраўпарадкаваць пры­школьную тэрыторыю. Да работы, безумоўна, падключацца тэхнічны персанал, законныя прадстаўнікі вучняў, якія маюць жаданне дапамагчы. Ужо зараз на 2-м і 3-м паверхах актыўна ідуць работы па прыбіранні памяшканняў.

Галоўным генератарам ідэй, ініцыятарам і натхняльнікам выступае, безумоўна, дырэктар школы. Яна трымае ўсё на кантролі і не прапусціла ніводнай будаўнічай планёркі, што праводзіліся кожны тыдзень па чацвяргах. Кожная дробязь знаходзіцца ў полі зроку Наталлі Яўгенаўны. Менавіта яна зараз вядзе перамовы з дызайнерамі-афарміцелямі. Шмат цікавых задум у кіраўніка наконт афармлення галоўнага стэнда школы з адлюстраваннем нацыянальных сімвалаў, эмблемы ўстановы, яе місіі — “Захоўваем традыцыі, глядзім у будучыню”, а таксама наконт абсталявання інтэрактыўнага гарадка бяспекі (школа славіцца атрадамі юных інспектараў руху і юных ратавальнікаў-пажарных: яны лепшыя ў горадзе і ў рэспубліцы). Ёсць эскізы афармлення музея баявой славы і рэкрэацыі каля яго з выявай самалёта і лётчыка.

— Мы хочам захаваць адзіны стыль, зрабіўшы школу сучаснай, шматфункцыянальнай. У афармленні ўстановы задзейнічаны 6 асноўных колераў і іх адценні. Хацелася б, каб наша школа была сонечнай, і таму галоўны колер — жоўты — прысутнічае ўсюды. Яркія вучэбныя кабінеты прыйдуцца даспадобы і вучням, і настаўнікам. У кабінетах старшай школы сцяна, дзе будзе размяшчацца дошка, выбрана ў больш спакойным шэрым колеры, для таго каб вучні маглі засяродзіцца, сканцэнтравацца і не адцягваць сваю ўвагу, — расказвае Наталля Яўгенаўна.

У адпаведнасці з новымі патрабаваннямі, ва ўстанове выкарыстаны прынцып заніравання. Так, напрыклад, вызначана смарт-зона для пачатковай школы “Наша школьная краіна”, дзе будзе шмат інтэрактыву і кожнае дзіця зможа знайсці сабе справу па душы: пагуляць у гульні, праверыць свае веды, проста адпачыць. Асобна вылучаецца прастора для прыхільнікаў прыродазнаўча-матэматычных дысцыплін, філолагаў. Для павышанага ўзроўню вывучэння англійскай мовы будуць аснашчаны тры лінгафонныя кабінеты і лабаранцкая для настаўнікаў. Трэці паверх будзе мець патрыятычную накіраванасць. Тут размесцяцца музей, кабінет гісторыі, кабінет ваенна-патрыятычнага выхавання і пакой дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў.

Пачаўся бягучы рамонт школьнага стадыёна, грашовыя сродкі на які выдзелены з мясцовага бюджэту. Зараз на стадыёне знімаецца дзірван і будзе пакладзены рулонны газон, будуць таксама адрамантаваны бегавыя дарожкі, баскетбольныя і валейбольныя пляцоўкі, абноўлена асфальтавае пакрыццё. А яшчэ будзе ўстаноўлена новае спартыўнае абсталяванне. Работы, якія праводзіць “Рэмаўтадар”, абяцаюць выканаць да 1 верасня.

— Тыя, хто бачыў нашу ўстанову, гавораць, што атрымалася проста новая школа. І дзеці, і бацькі, і настаўнікі не могуць дачакацца наваселля. Зараз нам вельмі важна за невялікі прамежак часу паспець усё зрабіць. Думаю, гэта атрымаецца, бо ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу цудоўны настрой і вялікае жаданне вярнуцца ў родныя сцены, — гаворыць Наталля Сляпян.

Даведка

Сёння сярэдняя школа № 53 імя Л.І.Бяды з’яўляецца цэнтрам рэалізацыі сацыяльных, выхаваўчых і адукацыйных праектаў. На павышаным узроўні тут вывучаюцца фізіка, матэматыка і англійская мова, арганізоўваюцца факультатыўныя заняткі тэатральнай накіраванасці, спартыўныя гурткі і секцыі. Работа па фарміраванні бяспечнай прасторы і захаванні жыцця і здароўя навучэнцаў удастоена гранта і адзначана прэміяй Мінгарвыканкама. Навучэнцы школы штогод становяцца пераможцамі рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, інтэлектуальных конкурсаў, інтэрнэт-праектаў, спартыўных спаборніцтваў. А творчыя калектывы школы і атрад юных інспектараў руху з’яўляюцца пераможцамі міжнародных фестываляў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА