І кіраваць браняпоездам, і гадаваць 12 дзяцей… Пра якіх жанчын расказвае музей Калінкавіцкай гімназіі

- 11:10Новости

Музей Калінкавіцкай гімназіі расказвае пра выдатных жанчын, для якіх родны край стаў крыніцай сілы, дабрыні і працавітасці. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

І за станком, і над калыскай

У гэтым годзе музею ўстановы адукацыі споўніцца 15 гадоў. Шмат чаго змянілася за гэты час. З’явіліся новыя гераіні і экспанаты. Ад першапачатковай назвы “Славутыя жанчыны калінкавіцкай зямлі” прыйшлі да сённяшняй “Славутыя жанчыны, маці”, бо некаторыя з гераінь, аповеды пра якіх дабаўлены ў экспазіцыю, жывуць за межамі раёна. Але нязменным застаецца галоўны пасыл — узвы­сіць жанчыну, паказаць яе шматгран­насць, адлюстраваць важкі ўклад у самыя розныя сферы нашага жыцця.  

— Ініцыіравала стварэнне музея былы дырэктар гімназіі Ніна Іосіфаўна Пракапенка, якая зараз ужо на пенсіі, але працягвае яго курыраваць. Добра помню, як яна сабрала нас, педагогаў, і натхнёна пачала расказваць пра сваю ідэю. І паступова мы таксама загарэліся. Была створана ініцыятыўная група, пачалі шукаць гераінь, сустракацца з імі, збі­раць інфармацыю і экспанаты для будучага музея. Асабіста я адказвала за кірункі дзейнасці жанчын у галінах прамысловасці, гандлю і сувязі, — расказвае кіраўнік музея настаўніца гісторыі гімназіі Калінкавіч Святлана Канаш. 

Знаёмячыся з экспазіцыяй музея, разумееш — работа па яе стварэнні зроблена ўражальная. Перад вачыма прадстае сапраўднае сузор’е жанчын, якія пакінулі прыкметны след і ў гісторыі, і ў сучаснасці роднага краю.  

У ліку першых гераінь музея — Дар’я Яфімаўна Мішчанка, якая ўсё жыццё займала актыўную грамадзянскую пазіцыю, паказала яркі прыклад неабыя­кавасці да праблем людзей. У 1921 годзе яна была дэлегатам X з’езда РКП(б), слухала выступленне Уладзіміра Леніна. У 20-я гады адказвала за адпраўку хлеба галадаючым дзецям Масквы, Ленінграда, байцам Чырвонай Арміі. А на схіле жыцця бясплатна аддала сваю хату пад бібліятэку, пераехаўшы ў інтэрнат для ветэранаў працы. Нават знаходзячыся там, працягвала дапамагаць лю­дзям. Так, з асабістых зберажэнняў адпраўляла грошы для в’етнамскіх дзяцей-сірот. 

Аб тым, на якую мужнасць і стойкасць здольны нашы жанчыны, яскрава гавораць прыклады з гісторыі ваенных канфліктаў. Домна Яфрэмаўна Скачкова, якая працавала ў мірны час бухгалтарам, у гады Вялікай Айчыннай вайны была членам атрада асобага назначэння “Храбрацы”. Настаўніца Надзея Мікалаеўна Дзенісовіч — камісарам партызанскага атрада. Трапіўшы ў рукі ворага, вытрымала бязлітасныя здзекі, але нікога не выдала. У памяць аб мужнай жанчыне, якую фашысты прыгаварылі да жудаснай кары — закапалі жывой, яе родную вёску перайменавалі ў Дзенісовічы. Годна праявілі сябе калінкавіцкія жанчыны і выконваючы інтэрнацыянальны доўг падчас вайны ў Афганістане. Наталля Мікалаеўна Зобава працавала медсястрой у ваенна-палявым інфекцыйным шпіталі. Дзякуючы яе прафесіяналізму і міласэрнасці, многія маці дачакаліся сваіх сыноў.  

А як не адчуць гонар за шматгранныя здольнасці і працаві­тасць нашых жанчын, знаёмячыся з іх дасягненнямі ў розных прафесійных сферах — сельскай гаспадарцы, прамысловасці, гандлі, транспарце, медыцыне, адукацыі, культуры… Некаторыя з гераінь музейнай экспазіцыі з’яўляюцца прадстаўніцамі працоўных дынастый, у тым ліку і ў тых галінах, якія традыцыйна лічацца больш мужчынскімі. Так, звыш 30 гадоў аддала чыгунцы дачка чыгуначніка Таццяна Сямёнаўна Самсонава. У вайну яна пад агнём варожых бамбардзіроўшчыкаў кіравала браняпоездам, а вярнуўшыся да мірнай працы, атрымала ганаровае званне “Лепшы машыніст Беларускай чыгункі”. Некалькі дзясяткаў гадоў працавала на чыгунцы і адна з яе дачок — Людміла Антонаўна Змушко.

Трэба адзначыць, стэнд “Жанчыны ў адукацыі” — адзін з самых вялікіх у экспазіцыі. Прадстаўленыя тут калінкавіцкія педагогі годна праявілі сябе не толькі ў настаўніцтве, але і ў грамадскіх справах. У прыватнасці, актыўна садзейнічалі ўзвядзенню ў Калінкавіцкім раёне памятных мемарыялаў.  

Асаблівай цеплынёй вее ад галерэі калінкавіччанак, узнагароджаных ордэнам “Маці-гераіня” і ордэнам Маці, а таксама маці вядомых людзей, якія дасягнулі вялікіх поспехаў, — алімпійскіх чэмпіёнаў, дзяржаўных дзеячаў, эканамістаў, кіраўнікоў УВА і іншых. Вялікі ўнутраны ўздым адчуваеш, знаёмячыся з гераінямі экспазіцыі “Жыць у што б там ні стала”, — жанчынамі з інваліднасцю, якія не апусцілі рукі пад гнётам цяжкіх дыягназаў і змаглі спаўна рэалізавацца ў жыцці. 

У ліку калінкавіччанак, узнагароджаных ордэнам “Маці-гераіня”, ёсць жанчыны, якія нарадзілі па 11 і 12 дзяцей.

Ад мінулага — у будучыню

Не менш, чым лёсы і дасягненні гераінь, зацікаўліваюць у музеі і шматлікія экспанаты — дакументы, фотаздымкі, рэчы. У іх ліку ёсць, напрыклад, даведка, датаваная 1926 годам, якая пацвярджае, што Вера Серапік з’яўляецца членам таварыства “Прэч непісменнасць”. Швейная машынка “Зінгер” і патэфон пачатку XIX стагоддзя, які да гэтага часу працуе, трэба толькі добра пакруціць ручку. Дарэвалюцыйная кулінарная кніга з рэцэптамі ад нашых прапрабабуль.

А яшчэ тут створаны сапраўдны сялянскі пакойчык, які дазваляе добра ўявіць увесь спектр нялёгкіх хатніх клопатаў гаспадынь пачатку мінулага стагоддзя — як і з дапамогай чаго гатавалі ежу, прыбіраліся, мылі і прасавалі бялізну, і шмат чаго яшчэ.

— Вучні пачатковых класаў больш любяць сялянскую хатку, старшым школьнікам цікавейшы асноўны зал. Кожны экспанат музея расказвае сваю гісторыю — любові і дабрыні, мужнасці і самаахвярнасці, прафесійнай самарэалізацыі і сямейнага шчасця. Дзяўчаты бачаць тут шмат годных прыкладаў для пераймання, хлопцы вучацца лепш разумець і больш паважаць жанчын, — адзначае Святлана Фёдараўна.

У музеі праводзіцца шмат выхаваўчых мерапрыемстваў для вучняў, бо экспазіцыя дае прастору для распрацоўкі розных тэм — ад прафарыентацыі да пат­рыятычнага выхавання. Асабліва сардэчныя праграмы ладзяцца да 8 Сакавіка і Дня маці. 

Андрэй Карповіч

Часта бываюць тут і госці — як дзеці з розных навучальных устаноў раёна, так і дарослыя. Экскурсіі для іх даручаюць праводзіць у тым ліку вучням гімназіі, якія самі праявілі цікавасць да гэтай справы і прайшлі спецыяльную падрыхтоўку.

Цікава, што хлопцаў сярод юных экскурсаводаў музея нават больш, чым дзяўчат.  

Што асабліва прыемна, у гімназіі вучылася і зараз працягвае вучыцца нямала нашчадкаў гераінь, прадстаўленых у музеі “Славутыя жанчыны, маці”. У іх ліку — сямікласніца Валерыя Сугак, пляменніца былога дырэктара Антонаўскай школы Марыі Канстанцінаўны Чарнянковай, пад кіраўніцтвам якой установа адукацыі не адзін год займала ў раёне лідзіруючае становішча, а сама педагог неаднаразова выбіралася дэпутатам сельскага Савета, Калінкавіцкага раённага Савета дэпутатаў. Другі сямікласнік гімназіі Андрэй Карповіч па праве ганарыцца сваёй баявой прабабуляй Кацярынай Аляксееўнай Беляковай. У вайну яна збегла з поезда, на якім фашысты везлі моладзь на работу ў Германію, была партызанкай, падарвала калбасны цэх, дзе акупанты перапрацоўвалі мяса адабранай у сялян жывёлы. 

Што і казаць, калі перад вачыма ў дзяцей такія прыклады — можна не сумнявацца, што экспазіцыя музея будзе папаўняцца новымі гераінямі з ліку сучаснай моладзі!..

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара і прадастаўлена Калінкавіцкай гімназіяй