І выхаваныя, і адукаваныя, і спартыўныя

- 10:45Гомельшчына

У другі дзень удзельнікаў прэс-туру гасцінна сустракаў Калінкавіцкі раён на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Валянцінам Аляксеевічам Васютам, начальнікам аддзела адукацыі Інай Віктараўнай Губар. У сценах гімназіі Калінкавіч журналістам былі прадстаўлены эфектыўныя напрамкі работы, па якіх працуюць установы адукацыі гэтага рэгіёна, за круглым сталом адбылася сустрэча педагогаў і навучэнцаў з гасцямі, абмеркаваны пытанні далейшага супрацоўніцтва з Выдавецкім домам “Педагагічная прэса”.

Дырэктар гімназіі Калінкавіч Н.У.Мохарава.

“Рабі свет святлейшым, мыслі пазітыўна, рабі, што можаш, і яшчэ крышачку…” — гэтыя словы як прызыў да актыўнай творчай дзейнасці сустракаюць навучэнцаў і педагогаў у холе гімназіі Калінкавіч. Па словах яе дырэ­ктара Наталлі Уладзіміраўны Мохаравай, місія ўстановы — пабудова цэласнай адукацыйнай прасторы, арыентаванай на ўзыходжанне навучэнцаў да свайго асобаснага развіцця. Сярод асноўных прыярытэтаў дзейнасці — якасць адукацыі, фарміраванне духоўнай накіраванасці асобы навучэнцаў, развіццё калектывізму і ўзаемадапамогі, выхаванне культуры паводзін, рост прэстыжу здаровага ладу жыцця.

На працягу шэрага гадоў гімназія супрацоўнічае з Праваслаўнай царквой па пытаннях духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў. Гэтая дзейнасць рэалізоўваецца праз інавацыйныя праекты “Укараненне мадэлі асобаснай і сацыяльнай ідэнтычнасці дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа” і “Укараненне мадэлі фарміравання культуры міжасобасных зносін дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя”.

— Мы вучым дзяцей жыць у згодзе з сабой. Пагадзіцеся, калі чалавек навучыцца жыць у згодзе з сабой, то навучыцца жыць у згодзе і з навакольнымі, — адзначае Наталля Уладзіміраўна. — Для чаго жыць, у чым каштоўнасць і сэнс жыцця — на гэтыя пытанні вучням дапамага­юць знайсці адказы нашы педагогі. Гэтаму ў многім са­дзейнічае і арганізацыя факультатыўных заняткаў па асновах праваслаўнай культуры.

Яшчэ адным напрамкам работы гімназіі з’яўляецца арганізацыя міжнароднага супрацоўніцтва з Расіяй і Украінай: гімназіяй № 1 Клінцоў імя Ю.Гагарына Бранскай вобласці і Палацам творчасці Славуціча. Ужо восьмы год ва ўстанове праводзіцца Міжнародны фестываль “Кніга — пачатак пачаткаў кожнай навукі”. У фестывалі ­ўдзельнічаюць вучні як з розных куточкаў Беларусі, так і з Расіі, Украіны, Малдовы.

— Для нас больш важна, што адбываецца ўнутры дзіцяці, — заўважае Н.У.Мохарава. —  Наш дэвіз — “Выхаванне павінна быць вышэйшым”. У тым сэнсе, што не скрынку варта напоўніць ведамі, а сэрца дзіцяці напоўніць дабрынёй. І нашы дзеці паступова растуць у духоўным плане.

Вялікая ўвага ў гімназіі ўдзяляецца музейнай педагогіцы: ва ўстанове дзейнічаюць музейная экспазіцыя “Усё наша жыццё — чыгунка”, прысвечаная чыгуначнаму вузлу станцыі Калінкавічы, — гэта прыклад жыцця людзей працы, жыцця па сумленні, жыцця для іншых; музей “Слаўныя жанчыны Калінкавіцкай зямлі”, які прадстаўляе яркіх, неардынарных асоб, якія пакінулі свой след у гісторыі і сучаснасці, праявілі сябе ў гады станаўлення савецкай улады, на вайне і ў тыле, маюць урадавыя ўзнагароды (дарэчы, шчыра і натхнёна навучэнцы — экскурсаводы музея пазнаёмілі гасцей з яго экспазіцыяй).

Больш за 10 гадоў гімназія супрацоўнічае з Мазырскім педагагічным універсі­тэтам. На яе базе адкрыты філіялы кафедр рускай мовы, англійскай мовы, матэматыкі, гісторыі і фізікі. Выкладчыкі ўніверсітэта праводзяць  факультатыўныя заняткі з навучэнцамі раёна па падрыхтоўцы да ЦТ і алімпіяд, выпускнікі наведваюць “універсітэцкія суботы”, што дае магчы­масць практычна рэалізаваць змест вучэбных прадметаў, якасна падрыхтавацца да ЦТ і алімпіяд і зрабіць усвядомлены выбар прафесіі. На гэта і накіравана сумесная работа.

Плённая праца педагогаў і навучэнцаў гімназіі неаднаразова адзначалася шматлікімі ўзнагародамі. Вось і нядаўна на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон” педагогі атрымалі дыплом ІІ ступені і сертыфікат на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

У сярэдняй школе № 7 Калінкавіч на павышэнне якасці адукацыі накіравана ўкараненне ў адукацыйную практыку інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Як адзначыў дырэктар установы Сяргей Рыгоравіч Хадзько, фарміраванне лічбавай адукацыйнай прасторы садзейнічае дасягненню навучэнцамі запланаваных асобасных, метапрадметных, прадметных вынікаў навучання, з’яўляецца дзеючым інструментам кіравання якасцю рэалізацыі адукацыйных праграм, работай педагагічнага калектыву.

Асноўным кампанентам адукацыйнай прасторы школы з’яўляецца афіцыйны сайт установы адукацыі, распрацаваны настаўніцай інфарматыкі Вольгай Уладзіміраўнай Афанасьевай. Дарэчы, па выніках абласнога конкурсу “Лепшы сайт установы агульнай сярэдняй адукацыі” педагог была ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені.

Як расказала Вольга Уладзіміраўна, афіцыйны школьны сайт — гэта не проста інструмент адлюстравання жыцця ўстановы, а сродак арганізацыі і суправаджэння адукацыйнага працэсу. Для рэалізацыі гэтай функцыі распрацавана і актыўна развіваецца рубрыка “Інтэрактыўная адукацыя”. У яе межах 7 гадоў назад пачаў работу віртуальны кабінет эканоміі і беражлівасці, мэта якога — арганізацыя інфармацыйнай прасторы ўстановы адукацыі па прапагандзе, навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення, грамадскасці ў сферы энергазберажэння. На старонках сабрана вялікая медыятэка, якая ўтрымлівае відэаўрокі беражлівасці, дакументальныя фільмы, распрацоўкі сцэнарыяў свят, класных і інфармацыйных гадзін па тэме энергазберажэння. ЭАР “Віртуальны кабінет эканоміі і беражлівасці” ўдастоены дыплома ІІІ ступені на рэспубліканскім конкурсе “Энергамарафон”.

Для фарміравання арфаграфічных уменняў і навыкаў навучэнцаў распрацаваны трэнажор “Беларускі калейдаскоп” на пазнавальным матэрыяле пра Беларусь. Гэты сродак навучання аб’ядноўвае 2 функцыі: з’яўляецца даведнікам і практыкумам. Ён дазваляе атрымаць больш поўнае ўяўленне аб побыце, норавах, абрадах і традыцыях беларусаў і інш. Гэты ЭАР удастоены дыплома І ступені на рэспубліканскім конкурсе камп’ютарных распрацовак “Патрыёт.by — 2019”.

ЭАР “Лагапедычны штодзённік” дазваляе ў поўнай меры ўключыць у карэкцыйны працэс законных прадстаўнікоў навучэнцаў, тым самым павысіць прадукцыйнасць лагапедычнага ўздзеяння. Акрамя таго, ён выкарыстоўваецца ў рабоце настаўнікамі-дэфектолагамі пунктаў ка­рэкцыйна-педагагічнай дапамогі, класаў інтэграванага навучання і выхавання. Гэты электронны рэсурс адзначаны дыпломам І ступені рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”.

Школьны сайт з’яўляецца пляцоўкай і для сеткавага ўзаемадзеяння педагогаў, навучэнцаў, бацькоў, выпускнікоў і інш. Прыкладам такога ўзаемадзеяння з’яўляецца міжрэгіянальны праект “Карані” для вучняў 8—9-х класаў, мэта якога — вывучэнне гісторыі, культуры, прыроды малой радзімы праз выкарыстанне ІКТ. Ён рэалізоўваецца ў форме калектыўнага анлайн-узаемадзеяння васьмікласнікаў 7-й школы Калінкавіч і вучняў 9 класа гімназіі № 40 Мінска. Для наладжвання партнёрскіх сувязей на сайтах удзельнікаў праекта створана інфармацыйная пляцоўка, на якой размяшчаюцца навіны аб мерапрыемствах, якія праводзяцца.

—У наш час інтэрнэту і га­джэтаў востра стаіць праблема сумеснага сямейнага адпачынку, — адзначае настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 6 Калінкавіч Алена Аляксандраўна Отчык. — Працуючы настаўніцай фізкультуры, заўсёды ўдзяляла ўвагу сямейнаму спорту, бо лічу, што толькі ад бацькоў дзіця атрымлівае здаровае выхаванне, а дзякуючы спорту, сям’я можа праводзіць час разам. Сумесна з калегай з сярэдняй школы № 7 Ірынай Аляксандраўнай Багоевай кожны месяц ладзім сямейныя спартыўныя спаборніцтвы. Спачатку да нас прыхо­дзіла 6—7 сем’яў, а сёння іх ужо каля 100. Каб прыцягнуць іх у залу, давялося шукаць цікавыя ідэі для мерапрыемстваў, каб яны былі яркімі і масавымі. Так з’явіўся праект  SportFamily, накіраваны на развіццё масавага сямейнага спорту праз арганізацыю і правядзенне спартыўных спаборніцтваў, фестываляў, свят, каб быў стымул весці здаровы лад жыцця, сумесны адпачынак, заводзіць новыя знаёмствы і вырашаць сацыяльныя праблемы.

На базе гімназіі, сярэдніх школ № 7 і № 6 працуе сямейны клуб “ТатаЗала”. Баць­кі і дзеці разам наведваюць спартыўную залу, дзе актыўна рухаюцца, гуля­юць, выкарыстоўваючы спартыўны інвентар. Гэты праект садзейнічае ўмацаванню сямейнага мікраклімату, павышае папулярнасць здаровага ладу жыцця. Штогод з удзельнікамі клуба праводзіцца раённы конкурс “Супертата”.

Вялікай папулярнасцю ў раёне карыстаецца конкурс “Самая спартыўная сям’я года”: больш за 100 сем’яў удзельнічаюць у 10—11 сямейных спаборніцтвах, такіх як “Тата, мама, я — баскетбольная сям’я”, “Сямейная паласа перашкод”, “Снежная сямейная эстафета” і інш. На­прыканцы года на сямейным навагоднім фестывалі падводзяцца вынікі, дзе ўзнагароджваюцца 30 самых актыўных і спартыўных сем’яў.

— Унікальнасць нашых мерапрыемстваў у тым, што яны даступныя для ўсёй сям’і, яны масавыя і бясплатныя. Мы стварылі групу ў сацсетках — спартыўны сямейны клуб SportFamily, дзе можна знайсці ўсю інфармацыю аб спаборніцтвах, — заўважае А.А.Отчык.

Вялікай папулярнасцю ў горадзе карыстаецца праект “Спартыўныя малышы”. Больш за 140 бацькоў разам з дзецьмі ад 1 да 6 гадоў прымаюць удзел у спартыўных мерапрыемствах, такіх як “Крос анёлаў”, “Забегі паўзункоў”, “Дзіцячы фарсаж”, “Футбольны бум” і інш.

Паводле слоў І.А.Багоевай, падчас рэалізацыі шматлікіх спартыўных праектаў узнікла ідэя адкрыць школу спартыўнага валанцёра, удзельнікі якой маглі б аказваць дапамогу ў арганізацыі і правя­дзенні спартыўных масавых мерапрыемстваў. Мэта праекта — стварэнне, развіццё і падтрымка дзіцячага спартыўнага валанцёрскага руху, прапаганда здаровага ладу жыцця праз папулярызацыю масавага спорту. Праграма школы складаецца з тэарэтычных і практычных модуляў, над якімі працуе творчая група трэнераў і педагогаў: уводзіны ў спартыўнае валанцёрства і індустрыю спорту, спартыўная этыка, спартыўная журналістыка, спецыяльны курс англійскай мовы, асновы медыцыны спартыўных валанцёраў, майстар-класы з экспертамі і спецыяльнымі гасцямі, спартыўныя і культурна-масавыя актыўнасці і г.д. Школа была адкрыта на базе калінкавіцкай гімназіі ў 2018 годзе. Зараз яе наведваюць 25 вучняў з гімназіі, сярэдніх школ №№ 1, 3, 4, і 7. Па водгуках вучняў, спартыўны валанцёр — гэта актыўны, пазітыўны чалавек з вялікім сэрцам, які можа хутка сарыентавацца ў незразумелай нестандартнай сітуацыі, які набывае навыкі, якія абавязкова спатрэбяцца ў звычайным жыцці. У 2019 годзе школа спартыўнага валанцёра стала пераможцай занальнага і ўдзельніцай абласнога этапу рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага праекта “100 ідэй для Беларусі”. У выніку абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года — 2019” яна стала пераможцай у намінацыі “Лепшая вучэбная праграма для валанцёра”. 

Такім чынам, стварэнне выхаваўчай, здароўезберагальнай, лічбавай адукацыйнай прасторы ва ўстановах адукацыі Калінкавіцкага раёна павышае яе якасць, эфектыўнасць і даступнасць адукацыйных паслуг, дазваляе сучаснай школе выра­шаць перспектыўныя педагагічныя задачы. 

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.