І заспяваў стадыён “Кацюшу”

- 11:05Апошнія запісы
marafon

Грамадзянска-патрыятычны марафон “Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь”, які з 2015 года праводзіцца па ініцыятыве студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, у гэтым годзе стаў рэспубліканскім. Удзел у ім прынялі 14 каманд з вышэйшых навучальных устаноў Мінска, Гродна, Віцебска, Магілёва, Гомеля, Баранавіч, зборная каманда навучэнцаў Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў Гродна, каманда навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Гродна.

marafon1Марафон прысвячаецца Вялікай Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне, таму апошні яго дзень удзельнікі пачалі з ускладання кветак да помніка загінуўшым воінам і партызанам, што знаходзіцца ў парку Жылібера, а потым калона, наперадзе якой ішлі прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы — удзельнікі акцыі “Заўсёды з намі” з партрэтамі ветэранаў вайны, якія працавалі ва ўніверсітэце, а таксама з партрэтамі сваіх родных — ветэранаў вайны, праз цэнтральныя вуліцы Гродна прайшла на стадыён “Нёман”. Тут у заключных мерапрыемствах марафону прынялі ўдзел каля 5 тысяч удзельнікаў і гледачоў.

З вітальнымі словамі да іх звярнуліся першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Вадзім Богуш, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Валянціна Баранава. Сярод ганаровых гасцей — начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін, старшыня Камітэта дзяржкантролю па Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка, рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Сяргейка.

marafon2— У гэтым годзе марафон “Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь” стаў рэспубліканскім, — адзначыў Вадзім Богуш. — Па сваёй значнасці ён вырашае некалькі задач: гэта і прапаганда каштоўнасцей, значных ва ўсе часы, і прапаганда здаровага ладу жыцця. Адметна, што фінал марафону адбываецца напярэдадні Дня Перамогі, моладзь успамінае пакаленне, дзякуючы якому мы жывём у мірнай краіне. І гэта цудоўная нагода для таго, каб дасягаць новых этапаў у будаўніцтве моцнай і квітнеючай Беларусі.

Віктар Лісковіч выказаў упэўненасць, што акцыя дапамагае не толькі захоўваць традыцыі, але і выхоўваць сапраўдных грамадзян нашай краіны.

А калі Валянціна Пятроўна Баранава эмацыянальна гаварыла аб днях сваёй ваеннай маладосці, аб лёсе такіх жа маладых людзей, якім выпала гераічная доля абараняць Радзіму, і заспявала “Кацюшу”, моладзь у адзіным парыве падхапіла песню і праспявала яе да апошніх радкоў. Ведаюць, шануюць!

Мерапрыемствы марафону ладзяцца ў ГрДУ амаль на працягу ўсяго навучальнага года, а вось 14 каманд — удзельнікаў фінальных мерапрыемстваў на працягу некалькіх дзён прадэманстравалі свае сілы ў ваенна-спартыўных конкурсах, веды ў конкурсах па гісторыі Беларусі, творчыя здольнасці — выраблялі сувеніры з дрэва, выконвалі зусім мірныя задачы — пяклі хлеб.

Завяршальнымі этапамі марафону сталі эстафеты “Здаровы я — здаровая краіна” і ваенна-спартыўная “Да абароны Айчыны гатовы”. Тое, што ў марафону ёсць перспектывы, прадэманстравалі будучыя яго ўдзельнікі — выхаванцы дзіцячых садкоў завяршылі спаборніцтвы эстафетай на веласіпедах і атрымалі віншаванні ад Аляксандра Генрыхавіча Сонгіна.

У гэтым годзе пераможцамі грамадзянска-патрыятычнага марафону “Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь” сталі Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт і Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.

— Мы ўдзячны Міністэрству адукацыі за падтрымку ініцыятывы нашых студэнтаў у правядзенні марафону і за тое, што ён стаў рэспубліканскім, — адзначыла рэктар ГрДУ Ірына Кітурка. — Марафон носіць сімвалічную назву, таму толькі ад нас залежыць, якой будзе наша краіна. А Настасся Еўтушкевіч з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта выказалася так: “Такія мерапрыемствы вельмі патрэбны. Мы можам не на словах, а на справе паказаць, як любім сваю Радзіму”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.