Ідэя інтэграцыі ЕАЭС і ШАС сугучна з ініцыятывай “інтэграцыі інтэграцый”

- 10:05Інфармацыйная гадзіна

Беларусь падтрымлівае ідэю інтэграцыі Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС). Аб гэтым заявіў у Бішкеку Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў краін ШАС.

“У частцы эканамічнага ўзаемадзеяння мы поўнасцю падзяляем ідэю расійскіх партнёраў па цеснай інтэграцыі ЕАЭС і ШАС”, — сказаў прэм’ер-міністр. Паводле яго слоў, такі падыход падтрымліваецца кіраўніцтвам Беларусі і сугучны з ініцыятывай “інтэграцыі інтэграцый”.

“Са свайго боку мы падтрымліваем намеры і канкрэтныя планы кітайскіх партнёраў па ўдзеле нашых краін у ініцыятыве эканамічнага пояса Шаўковага шляху, па стварэнні платформ супрацоўніцтва ў сферы прамысловасці, транспарту і камунікацый, інавацыйнага і фінансавага супрацоўніцтва, інфармацыйных тэхналогій”, — дадаў Андрэй Кабякоў. Беларусь валодае развітым навукова-тэхнічным патэнцыялам для ўнясення дастойнага ўкладу ў рэалізацыю сумесных праектаў у галіне прамысловасці, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, энергетыкі, сельскай гаспадаркі і іншых галінах.

Прэм’ер-міністр адзначыў, што Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва адзначае сваё пятнаццацігоддзе ў няпростых умовах. “Усім нашым краінам даводзіцца шукаць эфектыўныя адказы на новыя выклікі і пагрозы, улічваць рост рэгіянальнай напружанасці, адаптавацца да ўзмацнення глабальнай канкурэнцыі на фоне складанасцей у сусветнай эканоміцы”, — сказаў ён.

У сувязі з гэтым узаемадзеянне ў ШАС як у сферы бяспекі, так і ў эканоміцы набывае ўсё больш важнае значэнне. “Сёння аб’ектыўна ўзрастае роля каардынацыі намаганняў па далейшым развіцці ШАС”, — падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

У 2016 годзе Беларусь у якасці наглядальніка пры ШАС прыняла актыўны ўдзел у мерапрыемствах, прадугледжаных планам дзейнасці арганізацыі. “Грунтуючыся на дамоўленасцях, зафіксаваных у падагульняючых дакументах Ташкенцкага саміту арганізацыі, беларускі бок гатовы да далейшага паглыблення супрацоўніцтва з дзяржавамі-наглядальнікамі і партнёрамі па пытаннях процідзеяння новым выклікам і пагрозам, развіццю гандлёва-эканамічных сувязей і культурных абменаў”, — дадаў прэм’ер-міністр.