Ідэя “інтэграцыі інтэграцый” актуальная і натуральная для рэгіёна

- 10:46Інфармацыйная гадзіна

Беларусь прапануе стварыць мост паміж двума найбуйнейшымі рынкамі на кантыненце і заклікае да большай падтрымкі супрацоўніцтва паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і ЕС. Аб гэтым намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка заявіў у сваім выступленні ў час 8-га штогадовага форуму “Стратэгія ЕС у Балтыйскім рэгіёне”, які праходзіў 13—14 чэрвеня ў Берліне.

“Беларусь актыўна развівае сумяшчальнасць у больш шырокім кантэксце. З’яўляючыся ўдзельніцай Еўразійскага эканамічнага саюза і “Усходняга партнёрства”, Беларусь прапануе стварыць мост паміж двума найбуйнейшымі рынкамі на кантыненце. Мы перакананы, што “інтэграцыя інтэграцый”, як мы яе называем у Беларусі, з’яўляецца часткай натуральнага парадку рэчаў у нашым рэгіёне. Мы просім большай падтрымкі супрацоўніцтва паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і ЕС хаця б на экспертным узроўні. Беручы пад увагу існуючыя ў ЕС цяжкасці, нестабільнасць і канфлікты ў суседніх краінах, у нашых агульных інтарэсах ператварыць наш рэгіён, рэгіён Балтыйскага мора, у куток стабільнасці, росквіту і бяспекі”, — заявіў Алег Краўчанка.

Паводле яго слоў, нягледзячы на тое, што ў Беларусі няма выхаду да мора, краіна заўсёды з’яўлялася актыўным гульцом у Балтыйскім рэгіёне. Цяпер, на фоне няспыннага пашырэння працэсаў эканамічнай інтэграцыі і рэгіяналізацыі, гэты рэгіён становіцца ўсё больш важным для Беларусі. Краіны ЕС, аб’яднаныя стратэгіяй Еўрапейскага саюза ў рэгіёне Балтыйскага мора, такія як Швецыя, Данія, Эстонія, Фінляндыя, Германія, Латвія, Літва і Польшча, адыгрываюць важную ролю ў гандлёва-эканамічных адносінах Беларусі і ЕС, а таксама ўяўляюць сабой важнейшую рухаючую сілу ў працэсе мадэрнізацыі беларускай эканомікі. Яны таксама з’яўляюцца важнай крыніцай паступлення прамых замежных інвестыцый у Беларусь.

Алег Краўчанка звярнуў увагу на такія тэматычныя напрамкі, як сумяшчальнасць транспартнай інфраструктуры, ахова прыроды і супрацоўніцтва ў сферы вышэйшай адукацыі. “Гэтыя пытанні маюць асаблівае значэнне як для Беларусі, так і для краін Балтыйскага рэгіёна. Сумяшчальнасць уваходзіць у лік нашых рэгіянальных прыярытэтаў. Беларусь — даўні транспартны і энергетычны мост паміж Усходняй і Заходняй, Паўночнай і Паўднёвай Еўропай. Мы набылі вялікі вопыт у развіцці гэтага напрамку на рэгіянальным і міжнародным узроўнях”, — сказаў ён.

Намеснік міністра расказаў аб мэце аднавіць старадаўні водны шлях, які стагоддзямі злучаў Балтыйскае і Чорнае моры па рэках Днепр, Прыпяць, Вісла і вёў у польскія і нямецкі парты. “Гэты калідор мае такое ж стратэгічнае значэнне для рэгіёна, як і Дунай для Цэнтральнай Еўропы. Беларускія і ўкраінскія ўчасткі шляху ўжо дзейнічаюць”, — адзначыў Алег Краўчанка.

У тым жа ключы Беларусь ажыццяўляе сваё старшынства ў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятыве (ЦЕІ), заклікаючы да паляпшэння сумяшчальнасці ў Вялікай Еўропе.

Ён падкрэсліў, што запуск праекта “Адзін пояс і адзін шлях” сугучны са стратэгіяй навядзення мастоў у Балтыйскім рэгіёне. Ствараемы Кітайска-беларускі індустрыяльны парк “Вялікі камень” уяўляе сабой найбуйнейшы кітайскі вытворчы і лагістычны вузел у Еўропе з магчымым выхадам да партоў Балтыйскага і Паўночнага мораў.

Гаворачы аб ролі Беларусі ў ахове навакольнага асяроддзя ў рэгіёне Балтыйскага мора, ён канстатаваў, што Беларусь мае пазітыўную гісторыю супрацоўніцтва з адпаведнымі рэгіянальнымі структурамі і міжнароднымі фінансавымі інстытутамі.

Акрамя таго, у пабудове рэгіянальнага ўзаемадзеяння ключавую ролю адыгрывае ўніфікацыя адукацыйных стандартаў і практык. “Прызнанне гэтага факта прывяло да запуску Балонскага працэсу і фарміравання Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (ЕПВА), часткай якой з’яўляюцца ўсе нашы краіны. Беларусь — самы малады член ЕПВА. Мы зацікаўлены ў пашырэнні доступу да праектаў, накіраваных на павелічэнне мабільнасці студэнтаў, выкладчыкаў і вучоных у Балтыйскім рэгіёне”, — сказаў намеснік міністра.