Ідэя запрацуе, калі яе падтрымаць

- 11:49Адукацыйная прастора

У сярэдзіне чэрвеня ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі падвялі вынікі конкурсу метадычных праектаў і метадычных распрацовак “Дапаможам ідэям працаваць”. Конкурс праходзіў з лютага па чэрвень 2017 года (дыстанцыйна і адзін этап вочна), і яго асноўнай мэтай стала выяўленне эфектыўнага вопыту метадычнай работы праз стварэнне праектаў і метадычных распрацовак, арыентаваных на павышэнне якасці дадатковай адукацыі дарослых.

Конкурснымі сталі 59 ме­тадычных праектаў і 106 метадычных распрацовак. Сярод аўтараў конкурсных матэрыялаў: 31 кіраўнік і метадыст раённых вучэбна-метадычных кабінетаў, 13 метадыстаў абласных інстытутаў развіцця адукацыі, 12 маюць кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст” і “выхавальнік-метадыст”, 29 намеснікаў дырэктараў школ, 30 кіраўнікоў метадычных фарміраванняў розных узроўняў, 69 настаўнікаў-прадметнікаў, 24 з’яўляюцца іншымі катэгорыямі педагагічных работнікаў.

У конкурсе прынялі ўдзел педагогі ўсіх рэгіёнаў рэспублікі. Найбольш актыўнымі сталі прадстаўнікі Мінскай і Гро­дзенскай абласцей (больш за 40 удзель­нікаў ад кожнай). Слонімскі раён прадстаўлялі 7 конкурсных матэрыялаў, з якіх 3 выйшлі ў фінал.

Для ўдзелу ў выніковым вочным этапе конкурсу былі адабраны 9 метадычных праектаў і 11 метадычных распрацовак.  Прэзентацыя конкурсных работ праходзіла ў форме стэндавых дакладаў. Ацэньвалі работы канкурсантаў эксперты — кіраўнікі метадычных падраздзяленняў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

“Гэта не першае мерапрыемства падобнага фармату. Такую работу мы пачалі ў 2015 го­дзе, калі да Года моладзі правялі рэспубліканскую акцыю “Вопытныя педагогі вырастаюць з маладых”. Тады гэта таксама было дыстанцыйнае пралангаванае мерапрыемства, якое право­дзілася ў некалькі этапаў, а пасля адбылося фінальнае мера­прыемства вочна.

Ужо тады мы атрымалі шмат водгукаў у педагагічным асяроддзі. Мы зразумелі неабходнасць такога кшталту ініцыятыў. Педагогі адчуваюць патрэбу ў прэзентацыі свайго вопыту. Акрамя таго, яны заўсёды рады паглядзець і паслухаць пра тое, што робяць іх калегі”, — адзначыла начальнік аддзела каардынацыі сістэмы павышэння кваліфікацыі Цэнтра развіцця дадатковай адукацыі дарослых АПА Алена Леанідаўна Аляксеева.

“У 2016 годзе мы зноў вярнуліся да ідэі дыстанцыйнага мерапрыемства і правялі дыстанцыйны педагагічны экспрэс “Педагагічны вопыт і ініцыятыва”. Мерапрыемства зноў мела поспех, сабрала шмат удзель­нікаў, — працягвала начальнік цэнтра Таццяна Іванаўна Кажамякіна. — І вось сёлета, у 2017 годзе, мы правялі конкурс метадычных праектаў і метадычных распрацовак “Дапаможам ідэям працаваць”. Чаму такая назва? Метадысты — гэта тыя людзі, якія дапамагаюць настаўнікам укараніць новыя ідэі, эфектыўныя практыкі, цікавы вопыт у сваю сістэму работы.

Мы запрашалі метадыстаў інстытутаў развіцця адукацыі, раённых (гарадскіх) вучэбна-метадычных кабінетаў, настаўнікаў-метадыстаў, школьных (раённых) кіраўнікоў метадычных аб’яднанняў. У мерапрыемстве бралі ўдзел і дырэктары, і намеснікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, для якіх метадычная дзейнасць з’яўляецца неад’емнай часткай працы.

Асноўнай задачай конкурсу стала выяўленне і распаўсюджванне эфектыўнага вопыту метадычнай работы, прыцягненне ўвагі педагагічнай грамадскасці да дзейнасці метадыста. Не сакрэт, што прафесія метадыста з’яўляецца больш закуліснай, бо не заўсёды бачна, што робяць гэтыя людзі. А вынік можна ўбачыць нават не ў настаўніку, а ў вучнях”.

Задачы, пастаўленыя перад конкурсам, выкананы на 100 працэнтаў. Арганізатары змаглі не толькі павысіць эфектыўнасць і якасць метадычнай дзейнасці. Галоўнае, яны змаглі стварыць умовы для прафесійнага росту педагогаў, абмену вопытам паміж раённымі (гарадскімі) вучэбна-метадычнымi кабінетамі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў пры падрыхтоўцы і рэалізацыі паспяховых метадычных праектаў і метадычных распрацовак. Выявілі і падтрымалі метадыстаў, настаўнікаў-метадыстаў, кіраўнікоў метадычных фарміраванняў, якія актыўна ствараюць і ўкараняюць інавацыйныя метадычныя праекты і метадычныя распрацоўкі. Зразумела, што лепшыя метадычныя праекты, распрацоўкі, ініцыятывы і практыкі атрымаюць іншую “прапіску”.

“У нашай сістэме адукацыі працуюць выдатныя метады­сты, у якіх шмат ідэй і вочы га­раць. Гэта ініцыятыўныя і творчыя людзі. А дыстанцыйны рэжым дазваляе ахапіць большую аўдыторыю спецыялістаў. Здараецца ўсякае: нехта проста не можа даехаць да АПА, некага не адпускаюць справы. Лю­дзі паказваюць не толькі сябе — яны дэманструюць свае навучальныя ўстановы, рэгіёны. Метадыст жа працуе не адзін, а ў складзе метадычнай службы, з якой яны наладжваюць сувязь з усімі педагогамі раёна”, — працягвала Алена Леанідаўна Аляксеева.

Таццяна Іванаўна Кажамякіна заўважыла, што паколькі ў­дзельнікамі конкурсу з’яўляюцца настаўнікі, кіраўнікі школьных метадычных аб’яднанняў, метадысты раённых (гарадскіх) метадычных кабінетаў, абласных інстытутаў развіцця адукацыі (а ў выніку ўсё акумулюецца ў АПА), то можна гаварыць пра пабудову субардынацыйнай лініі. “Мы паказалі, што ідэя, народжаная настаўнікам, бу­дзе падтрымана мясцовым метадычным фарміраваннем, а затым можа выйсці на ўзровень рэспублікі. Такім чынам, быў сабраны рэгіянальны вопыт, які затым прадставілі на самым высокім узроўні.

Прайшлі практычна ўсе напрацоўкі. Дрэнных увогуле не было. Адзінае, сустракаліся такія, якія проста не ўпісаліся ў фармат конкурсу, бо быў вопыт, але не было метадычнага складніка. Практычна ўсё, што прадстаўлялася на конкурс, з’яўляецца дзеючым. Лепшыя работы будуць надрукаваны ў часопісе “Адукацыя і выхаванне”. Акрамя таго, у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі  працуе рэспубліканскае вучэбна-метадычнае аб’яднанне ў сферы дадатковай адукацыі дарослых. У сувязі з гэтым шэраг пераможных матэрыялаў бу­дзем рэкамендаваць на грыф”.

Яшчэ адзін немалаважны нюанс: удзельнікі конкурсу на час яго правядзення становяцца карыстальнікамі прафесійнай сеткавай суполкі, што пашырае іх кантакты і вучыць працаваць дыстанцыйна. Такая суполка дазваляе пазбаўляцца эмацыянальнай скаванасці, узбагачае метадычную скарбонку кожнага ўдзельніка.

***

Хто ж стаў пераможцам? Прагледзеўшы спіс, адзначыла, што ў ім ёсць знаёмыя прозвішчы. У прыватнасці, дыпломам І ступені адзначаны дапаможнік па англійскай мове для вучэбна-метадычнага комплексу 3 класа, які ўключае відэаматэрыялы, аўтарскія мультфільмы і практыкаванні да іх. Стваральнікі дапаможніка — настаўнік-метадыст настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 6 Жодзіна Святлана Міхайлаўна Каляда і начальнік вучэбна-метадычнага аддзела замежных моў Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Наталля Казіміраўна Радзевіч. І Святлана Міхайлаўна, і Наталля Казіміраўна — асобы творчыя і няўрымслівыя. Дзеці любяць мульцікі, а калі яны яшчэ і вучэбныя, то маюць двайную выгаду.

Дыплом атрымала наш па­стаянны аўтар, настаўнік-метадыст, настаўніца хіміі і біялогіі Лугаваслабадской сярэдняй школы Мінскага раёна Алена Яўгенаўна Гарбар. Яна прадстаўляла “Выкарыстанне інтэрактыўных метадаў у арганізацыі і правядзенні ўрокаў абагульнення і сістэматызацыі ведаў па хіміі і біялогіі”. Гэта, як гаворыцца, канёк Алены Яўгенаўны. Інтэрактыўнымі метадамі яна карыстаецца і ў рабоце з вучэбнымі тэкстамі, і як класны кіраўнік.

“Урокі абагульнення складаныя і грувасткія, бо на іх неабходна паўтарыць і замацаваць вялікі аб’ём матэрыялу, зрабіць акцэнт на паняццях і выніках біялагічных і хімічных з’яў. Дзеці вельмі стамляюцца, а інтэрактыўныя метады дапамагаюць ім засвоіць матэрыял у энергазберагальным рэжыме. Яны працуюць у групах і паспяваюць па некалькі разоў за ўрок паўтарыць неабходныя паняцці і тэрміны, каб належным чынам падрыхтавацца да кантрольнай работы”, — адзначыла Алена Яўгенаўна.

“Метадычная распрацоўка ўрока інфарматыкі з выкарыстаннем інтэрактыўнага дапаможніка “Асновы анімацыі” прынесла перамогу настаўнікам-метадыстам настаўніцам інфарматыкі Святлане Рыгораўне Пузіноўскай з сярэдняй школы № 4 Дзяржынска і Вользе Анатольеўне Счасновіч з Варатынскай сярэдняй школы Бабруйскага раёна. Аўтарам метадычнага дапаможніка з’яўляецца С.Р.Пузіноўская, а В.А.Счасновіч актыўна ім карыстаецца на сваіх уроках. На конкурсе настаўніцы паказвалі распрацоўку аднаго ўрока і расказвалі пра адметнасці і магчымасці выкарыстання вучэбнага дапаможніка на розных уроках інфарматыкі.

Вялікае ўражанне зрабіў праект гімназіі № 14 Мінска “Удасканаленне прафесійных кампетэнцый педагогаў праз выкарыстанне мадэлі коўчынгавага падыходу ва ўмовах самаадукацыі і самарэалізацыі педагагічных кадраў”. Яго прадстаўлялі дырэктар Марыя Іванаўна Гарохава, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Вольга Уладзіміраўна Лук’янец, намеснікі дырэктара па вучэбнай рабоце Ірына Пятроўна Доўнар, Ірына Леанардаўна Шукелойць. У 14-й гімназіі працуе зладжаны і вельмі творчы калектыў, які імкнецца выкарыстоўваць новыя методыкі і тэхналогіі і ў працэсе самаадукацыі.

Дыплом І ступені за стварэнне рэгіянальнай мадэлі прафілізацыі атрымалі старшы выкладчык кафедры педагогікі і псіхалогіі Аляксандр Мікалаевіч Бондараў і метадыст аддзела арганізатараў адукацыі і педагагічнага працэсу цэнтра развіцця рэгіянальнай адукацыі Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Галіна Андрэеўна Курзава. Яны прадэман­стравалі, як можна арганізаваць прафілізацыю ў рэгіёне з улікам запытаў вучняў і адукацыйных магчымасцей вобласці.

А іх калега — метадыст аддзела выхаваўчых сістэм і тэхналогій Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ларыса Аляксееўна Рабава — перамагла з праектам “Абласны прафарыентацыйны партал: інфармацыйна-метадычнае су­праваджэнне прафарыентацыйнай работы ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі”. Трэба адзначыць, што ў Магілёўскай вобласці над прафілізацыяй працуюць даўно і сістэмна.

Запомніліся праекты, прадстаўленыя сталічнай гімназіяй № 37. “Інтэрактыўныя карты як сродак арганізацыі вучэбнай дзейнасці і развіцця творчага патэнцыялу вучняў на вучэбных занятках “Гісторыя Беларусі” прадстаўляла настаўніца гісторыі Наталля Вячаславаўна Гошка, а “Віртуальны метадычны кабінет як сродак павышэння эфектыўнасці метадычнай работы гімназіі” — намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Уладзіміраўна Чалдышкіна. Як было заўважана падчас стэндавай абароны, у 37-й гімназіі працуе кожная карта, кожны гістарычны аб’ект.

Асобна хочацца сказаць яшчэ пра аднаго пераможцу і ўладальніка дыплома І ступені. Гэта намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 3 Барысава Пётр Ула­дзіміравіч Кушняроў, які яшчэ заваяваў прыз сімпатый гледачоў. Пётр Уладзіміравіч прадстаўляў праект “Стварэнне і апрабацыя вучэбна-метадычных комплексаў на аснове інфармацыйна-вучэбнай тэхналогіі “Дапоўненая рэальнасць”. Цяпер гэта вельмі папулярны метадычны кірунак, і ў 3-й школе Барысава ўсе гаджэты навучэнцаў імкнуцца выкарыстоўваць толькі з карысцю. Акрамя таго, жывая карцінка дапамагае павы­шаць матывацыю да прадмета, які вывучаецца. Думаю, што дзеці ў гэтай навучальнай установе ў захапленні ад такой педагагічна-метадычнай ініцыятывы.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.